Расійскія ваенныя базы робяць Беларусь мішэнню

Незалежнасць Беларусі пад пагрозай! Таму сёння на плошчы Свабоды адбыўся народны сход супраць размяшчэння расійскай ваеннай базы на тэрыторыі нашай краіны. У ім прынялі ўдзел 300–400 чалавек. 



Ладзілі мерапрыемства Беларускі народны фронт, Рух "За Свабоду", Аб'яднаная грамадзянская партыя.

На «Народным сходзе» супраць расійскіх вайсковых базаў выступілі экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў, лідар АГП Анатоль Лябедзька, актывіст з Кобрына Алесь Мех, палітык Вячаслаў Сіўчык, прадпрымальнік Алесь Таўстыка ды іншыя. Усе выступоўцы адзначылі, што з'яўленне расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі ўяўляе непасрэдную небеспеку незалежнасці і нацыянальнай бяспецы нашай краіны.

Удзельнікі сходу заклікалі не дапусціць размяшчэння расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. Яны прывялі прыклад Украіны, і нагадалі, да чаго прывяло знаходжанне расійскай базы ў Крыме.

Уладзімір Някляеў агучыў  рэзалюцыю сходу: "Размяшчэнне расійскай ваеннай базы супярэчыць нашай канстытуцыі і робіць Беларусь мішэнню, а таксама ставіць пад пагрозу жыццё беларусаў.  Патрабуем ад ураду не падпісваць дамову аб размяшчэнні расійскай ваеннай базы на тэрыторыі нашай краіны". Сход  прагаласаваў за гэту рэзалюцыю, дзе выказваецца пратэст супраць знаходжання расійскай базы на нашай тэрыторыі.

Каментаваць