Народныя рэпарцёры пазнаёміліся з практыкай журналісцкага расследавання

31 студзеня ў Мінску адбыўся круглы стол — семінар для народных журналістаў
"Журналісцкае расследаванне: сіла і рызыкі жанру".



Разам з прафесійнымі рэпарцёрамі ў ім прынялі ўдзел народныя карэспандэнты — удзельнікі конкурсу “Народны журналіст–2014” з Воршы (Віцебская вобласць), Салігорску (Мінская вобласць) і Хойнікаў (Гомельская вобласць).

Спачатку народныя журналісты прадставілі матэрыялы, дасланыя на конкурс, і распавялі пра свае планы.

Алесь Малочка

Алесь Малочка (Салігорск), які працуе электрыкам і актывістам незалежнага прафсаюзу гарнякоў на ААТ “Беларуськалій”, распавёў, што не засталіся незаўважанымі ягоныя тэксты, звязаныя з безгаспадарчасцю і разбазарваннем сродкаў, у тым ліку і валютных, на прадпрыемстве. Ён распавёў, што ягоныя публікацыі ў інтэрнэце не прайшлі незаўважанымі сярод жыхароў Светлагорску, якія звязваюць змену кіраўніцтва “Беларускалію”, у тым ліку і з гэтымі артыкуламі. Разам з тым, як паведаміў Алесь Малочка, у ягоны адрас былі агучаныя сігналы з боку адміністрацыі першага рудаўпраўлення аб’яднання аб мажлівым прыцягненні да адказнасці ў судзе. І хоць няма аніякай рэакцыі на апублікаваныя тэксты з боку пракуратуры і дзяржаўных кантрольных органаў, спадар Малочка выказаў надзею, што ягоныя матэрыялы неяк паспрыяюць прывядзенню у заканадаўчае рэчышча сітуацыі на прадпрыемстве. 

 

Юры Камягін   

Юры Камягін (Хойнікі) прысвяціў свой тэкст “Сто першая з хойніцкай вёскі Валокі” трагічнаму лёсу 21-гадовай палескай дзяўчыны Юліі Андрэеўны Шагавік. У гэтым праўдзівым даследаванні распавядаецца, як ўвесну 1943 году на фронце Другой сусветнай вайны недзе пад Ленінградам ў адказ на гвалт з боку саслужыўцаў-чырвонаармейцаў пакончыла жыццё самагубствам дзяўчына-палешучка з хойніцкай вёскі Валокі Юлія Шагавік. Дакладнае месца яе пахавання невядома да гэтай пары.  

Мне падаецца, што Юлія Андрэеўна Шагавік павінна значыцца ў спісе ахвяраў сталінізму, а не Другой сусветнай вайны. Бо яе забіў татальны гвалт, што панаваў на нашай зямлі. Лёс гэтай паляшучкі нагадвае пра неабходнасць грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны  ўдзел людзей у злачынствах таталітарызму. Бо без працэсу грамадскага пакаяння мы ніколі не развітаемся са сваім жудасным мінулым.   

Віталь Паўлаў 

Віталь Паўлаў (Ворша) у сваіх матэрыялах узняў важную праблему, калі замест рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры праводзіцца іх рэканструкцыя і гэтыя нерухомыя матэрыяльныя гістарычна-культурныя каштоўнасці страчваюць свае характэрныя рысы і асаблівасці.

Спадар Паўлаў распавёў пра пачатак кампаніі па збору подпісаў за захаванне помнікаў дойлідства Воршы.

Затым адбылася гаворка па праблематыцы журналісцкага расследавання, пад час якой прафесійныя рэпарцёры распавялі пра свой вопыт і адказалі на шматлікія пытанні народных карэспандэнтаў.   

Нагадаем, што конкурс “Народны журналіст” чацвёрты год запар ладзіць адукацыйны “Цэнтр Супольнасць”.

Здымкі:

1.           Удзельнікі семінару.

2.           Алесь Малочка.

3.           Юры Камягін.

4.           Віталь Паўлаў.

Народны журналіст; расследаванне; семінар; Алесь Малочка; Юры Камягін; Віталь Паўлаў;

Каментаваць