Нарвілішкі. Вілейскі раён. Гальшаны. Камянец.

Нарвілішкі. Трэці музычны фэст запрашае

Чарговы музычны фэст «Be2gether» зноў пройдзе ля самай мяжы Літвы і Беларусі з 12 па 14 чэрвеня на тэрыторыі старажытнага замка. Замак знаходзіцца ўсяго ў 50 метрах ад літоўска-беларускай мяжы. Фэст праходзіць пад назвай «Музыка разбурае межы».

Нарвілішкі. Трэці музычны фэст запрашае

Чарговы музычны фэст «Be2gether» зноў пройдзе ля самай мяжы Літвы і Беларусі з 12 па 14 чэрвеня на тэрыторыі старажытнага замка. Замак знаходзіцца ўсяго ў 50 метрах ад літоўска-беларускай мяжы. Фэст праходзіць пад назвай «Музыка разбурае межы».

Фэст будзе максімальна адкрытым для беларускай публікі. Квіткі на яго з’явяцца ў продажы ў Мінску ўжо ў бліжэйшыя дні. Прысутныя пабачаць некалькі сцэнаў з гуртамі з усяго свету, вялікі намётавы гарадок, безліч забаваў на працягу некалькіх дзён. Асноўныя выступы будуць праходзіць сёлета амаль кругласуткава 12 і 13 чэрвеня. Квіток на ўсе дні ў Беларусі будзе каштаваць 142 тысячы рублёў. Грамадзяне Беларусі, якія набудуць афіцыйны квіток, могуць звярнуцца ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Мінску за бясплатнай візай да 8 чэрвеня. Сярод выканаўцаў з сёлетняй праграмы «Be2gether»: «Gogol Bordello» (ЗША), «Polarkreis 18» (Германія), «Touch and Go» (Вялікабрытанія) і «Clawfinger» (Швецыя), «Roni Size» (Вялікабрытанія). Беларусь прадставіць гурт «Ляпіс Трубяцкой».


Вілейскі раён. Памятны знак земляку

Неўзабаве ў вёсцы Касута будзе пастаўлены памятны знак у гонар 335-годдзя з дня нараджэння Піліпа Орліка, аўтара першай Канстытуцыі Украіны, паплечніка Мазепы.

Больш за трыста гадоў таму былі агалошаны складзеныя Орлікам «Пакты і Канстытуцыя праў і вольнасцяў Войска Запарожскага», якія гісторыкі назвалі «Канстытуцыя Піліпа Орліка». Праз два гады наш зямляк склаў «Звод правоў Украіны» і «Маніфест да еўрапейскіх урадаў». У гэтых дакументах абвяшчалася поўная незалежнасць Украіны ад польскага і расійскага ўплыву. Пасля 1712 года Піліп Орлік да самай смерці быў у эміграцыі. Яго сын Георгій стаў французскім генералам, сябрам Каралеўскага Савета, атрымаў тытул графа. На Украіне зацверджана прэмія імя Орліка, Дзяржаўны банк выпусціў манету з яго выявай.

Працу над праектам памятнага знака праводзіць Беларускае грамадскае аб’яднанне ўкраінцаў «Варта» і яго Мінскае аддзяленне «Заповіт».


Гальшаны. Музей адновяць вернікі

Музей у Гальшанах быў не менш знакаміты, чым замак, які апісаў у рамане «Чорны замак Альшанскі» Уладзімір Караткевіч.

Экспазіцыя знаходзілася ў манастырскім комплексе, што быў збудаваны амаль чатыры стагоддзі таму, і ў апошні час належаў Нацыянальнаму мастацкаму музею. Штогод у музеі бывала да 13 тысяч наведвальнікаў. У 1990 годзе касцёл перадалі каталікам. Музей працягваў існаваць, бо знаходзіўся ў іншых пабудовах манастыра. Восенню мінулага года памяшканні музея былі прызнаны аварыйнымі і зачынены, супрацоўнікі яго звольнены. Фактычна музей перастаў існаваць. Аднак неўзабаве стала вядома, што іншыя памяшканні манастыра таксама перададзены касцёлу. Адпаведны дакумент падпісаў кіраўнік дзяржавы. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, ведамству якога ў свой час належаў тутэйшы музей, мае надзею, што тут хутка адбудзецца капітальны рамонт, і з экспазіцыяй музея зноў змогуць знаёміцца наведвальнікі.


Камянец. «Белавежская пушча — 600»

«Белавежская пушча — 600». Пад такой назвай распачала вандраванне па сталіцах Еўропы фотавыстава, прысвечаная непаўторнай прыгажосці гэтага кутка Беларусі.

Фотавыстава стартавала ў Расіі. Яе экспазіцыя прадстаўлена ў будынку Дзяржаўнай думы. Выстава мае чатыры раздзелы. Першыя два распавядаюць пра гісторыю пушчы: ад сярэднявечча да ХІХ стагоддзя. Расійскія дэпутаты маюць магчымасць даведацца пра прыродныя аб’екты пушчы, раслінны і жывёльны свет, водныя рэсурсы. У экспазіцыі распавядаецца пра турыстычны патэнцыял пушчы, у тым ліку пра ўладанні беларускага Дзеда Мароза. Пасля Масквы выстава будзе экспанавацца ў Мінску. Надалей ёй наканавана доўгае падарожжа па Еўропе.

Падрыхтаваў Язэп Палубятка

Каментаваць