Нас накрыла хваляй крызісу

Беларуская дэвальвацыя гэтага тыдня, па дадзеных Сусветнага банка, стала самай буйной за 20-гадовую сусветную гісторыю. А з пачатку года курс нацыянальнай валюты знізіўся аж на 71,62%. Без перабольшвання — эканоміка краіны стаіць на тонкім лёдзе. Улады спадзяюцца на грашовыя ўліванні з Расіі, людзі ў чэргах перыядычна падхопліваюць гэтую мантру. А тым часам пакрысе рыхтуецца распродаж нацыянальных актываў.



Беларуская дэвальвацыя гэтага тыдня, па дадзеных Сусветнага банка, стала самай буйной за 20-гадовую сусветную гісторыю. А з пачатку года курс нацыянальнай валюты знізіўся аж на 71,62%. Без перабольшвання — эканоміка краіны стаіць на тонкім лёдзе. Улады спадзяюцца на грашовыя ўліванні з Расіі, людзі ў чэргах перыядычна падхопліваюць гэтую мантру. А тым часам пакрысе рыхтуецца распродаж нацыянальных актываў.

«Дэвальвацыя даўно спазнілася. Але ж прычына яе не выключна фінансавая, а эканамічная, — гаворыць былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. — Мы жывём не па сродках, летась імпарт тавараў перавысіў 9 мільярдаў долараў, а сёлета мінус імпарту ўжо тры мільярды. Цяперашняя дэвальвацыя ад бязвыхаднай сітуацыі. Паступлення валюты ад крэдытаў, прыватызацыі, прамых інвестыцый проста не хапала. Дэвальвацыя можа быць толькі адным з інструментаў аздараўлення эканомікі. Трэба рабіць комплексную перабудову. У нас, па дадзеных Белстата, 49% прадпрыемстваў ці стратныя, ці маюць прыбытковасць да 5%. Праблему трэба вырашаць тут».

«Можа, з эмісіяй перабольшылі, але ўсё ж галоўнае — скачок цэн на энергарэсурсы», — паспрабаваў апраўдаць напампоўку эканомікі грашыма-фанцікамі Лукашэнка. І загаварыў ужо не пра сацыяльна арыентаваную эканоміку. «Той курс, які ўсталюецца, такім і будзе... Учора дзесьці вызначылі яго на ўзроўні 5 тысяч за долар, няхай адбылася дэвальвацыя. Нічога. Галоўнае, гэтым распарадзіцца як трэба. Нас накрыла другая хваля крызісу. У першую чаргу — па прычыне росту цэн на энерганосьбіты. Так, сёння мы больш экспартуем, але валюты пакуль не хапае...» — знайшоў крайніх і вінаватых беларускі лідар. Ён паабяцаў, што абвальнай прыватызацыі і распродажу дзяржмаёмасці не будзе.

Хаця хто ж верыць словам, якія рэгулярна мяняюць сваю палярнасць. Сёння вашывасць, заўтра любоў. Прэм’ер краіны Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што «Газпрам», якому ўжо належыць 50% «Белтрансгаза», гатовы купіць рэшту акцый за 2,5 мільярда долараў. З’явілася інфармацыя і пра тое, што «Беларуськалій» (100% акцый належалі дзяржаве) — адна з дойных кароў беларускай эканомікі — прадаў свой пакет акцый у Міжнароднай калійнай кампаніі (МКК). Фармальна пакупнікамі выступілі дзве замежныя фірмы, па неафіцыйных дадзеных, яны могуць прадстаўляць інтарэсы Сулеймана Керымава — буйнейшага саўладальніка «Уралкалія». Прайм-ТАСС са спасылкай на крыніцу ў органах дзяржкіравання паведаміла, што пакупнікамі 340 тысяч акцый МКК (33% акцыянернага капіталу) сталі дзве замежныя кампаніі. Афіцыйных каментараў гэтага гешэфту пакуль не было. Стартавая цана акцый МКК складала 573 тысячы беларускіх рублёў за штуку. Такім чынам, сума здзелкі атрымліваецца не меншай за 194 820 мільярдаў беларускіх рублёў.

Увогуле, неафіцыйная праграма беларускай прыватызацыі падаецца вельмі шырокай. Або надта дзіўнымі выглядаюць падлікі міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына. Каментуючы выдзяленне Беларусі 3 мільярдаў долараў крэдыту па лініі Антыкрызіснага фонду ЕўрАЗЭС на працягу 2011–2013 гадоў міністр заявіў, што агульны аб’ём прыватызацыйных актываў у Беларусі за гэты перыяд павінен скласці 7,5 мільярда долараў. Пра такую арыфметыку ў дзяржкамітэце па маёмасці быццам бы і не чулі. «У нас ёсць план прыватызацыі на 2011–2013 гады, які быў зацверджаны ўрадам 21 сакавіка па ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы, і ў адпаведнасці з гэтым планам камітэт будзе працягваць сваю дзейнасць, — заявіла прэс-сакратар камітэта Алена Касцюкова. — З Беларуссю гэтая сума не ўзгаднялася. Гэта асабістае заява спадара Кудрына».

У гэтым годзе на просьбу Беларусі Расія выдзеліць 1,24 мільярда долараў, першы транш у суме 800 мільёнаў долараў паступіць на працягу тыдня пасля прыняцця рашэння антыкрызісным фондам.

Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што гэтыя грошы не панацэя. «У нас на аплату імпарту нафты і газа за першыя месяцы не хапіла 3 мільярды, дэфіцыт валюты працягваецца. Трэба, каб нам штомесяц нехта даваў па мільярду, — іранізуе эксперт. — Выхад у рэформах. Але без займу мы наўрад ці абыдземся. Для падтрымкі нацыянальнай валюты трэба звяртацца ў Міжнародны валютны фонд, які стварала і Беларусь. Але каб туды пайсці, трэба выпусціць палітвязняў, не абзываць «казламі» суседзяў, трэба змяніць сябе. Грошы ж з крэдыту ад Расіі мусяць ісці не на праяданне, а на рэформы эканомікі, стварэнне працоўных месцаў, мадэрнізацыю».

Так неабходныя эканоміцы кардынальныя рэформы пакуль не падаюць прыкметаў жыцця. Затое ад Генпракуратуры прыйшла «геніяльная» ідэя, якая мусіць напалохаць апошніх адважных бізнэсмэнаў. «Мы хочам выйсці з ініцыятывай. У заканадаўчым парадку прадугледзець магчымасць яшчэ да ўзбуджэння крымінальнай справы дазваляць з санкцыі пракурора органам крымінальнага пераследу накладаць забарону на адчужэнне маёмасці патэнцыйнага парушальніка і членаў яго сям’і», — прадаваў уласнікаў намеснік генпракурора Аляксей Стук.

Натуральна, з такімі ініцыятывамі замежны капітал у краіну не рынецца. Таму пакуль што Нацбанк спрабуе знайсці міні-рэзервы. Пашыраны пералік паслуг і тавараў, што рэалізуюцца суб’ектамі гаспадарання фізічным асобам, разлікі за якія можна рабіць у замежнай валюце. У гэты спіс патрапілі санаторыі, турфірмы, медустановы — у нерэзідэнтаў яны цяпер могуць браць аплату ў цвёрдай валюце. Але ж наіўна думаць, што такім чынам атрымаецца залатаць чорныя дзіры ў бюджэце дзяржавы.

Каментаваць