Наш дэвіз непераможны — нічога не аддадзім!

Вось і ўсё, капец сяброўству. Нарэшце дайшло, што Расія будзе выбудоўваць з Беларуссю прагматычныя адносіны. А значыць, “як вы да нас, так і мы да вас. Адзінае радуе — пэўна, зараз можна не хвалявацца за падвышэнне мытных пошлінаў на замежныя аўтамабілі. Ніякага падвышэння не будзе.



Вось і ўсё, капец сяброўству. Нарэшце дайшло, што Расія будзе выбудоўваць з Беларуссю прагматычныя адносіны. А значыць, “як вы да нас, так і мы да вас. Адзінае радуе — пэўна, зараз можна не хвалявацца за падвышэнне мытных пошлінаў на замежныя аўтамабілі. Ніякага падвышэння не будзе.

“У адносінах з Расійскай Федэрацыяй мы зрабілі гіганцкі крок насустрач адзін аднаму. Але апошнім часам расійскае кіраўніцтва захацела выбудаваць з Беларуссю абсалютна прагматычныя адносіны, — заявіў беларускі кіраўнік 4 мая ў штогадовым інтэрв’ю агенцтву “Рэйтэр. — Ну, мы да гэтага гатовыя. Але гэты прагматызм не павінен нішчыць усё тое, што назапашана на сённяшні дзень. А мы зрабілі нямала, і не толькі з цяперашнім кіраўніцтвам Расіі, але і з ранейшым кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі. І гэта задавальняе і беларусаў, і расіян.

“Калі расіяне, у бухгалтэрыі палічыўшы, убачылі, што яны ўжо надта тут ствараюць вялікія выгады для беларускага народа, то я павінен сказаць, што гэта няправільны разлік. Гэта крывабокі, аднабокі прагматызм. Такога прагматызму быць не павінна, — сказаў Лукашэнка.

“Такі разлік аднабокі: увядзенне мытнай пошліны на нафту, нафтапрадукты для аднаго сябра Мытнага саюза, для Беларусі, і неўвядзенне для другога сябра Мытнага саюза, для Казахстана, — гэта як мінімум карупцыяй папахвае.

Канешне, прагматызм гэты аднабокі і касарукі. Але што ёсць — тое ёсць. І таму трэба адэкватна рэагаваць на выклікі часу. А адэкватнае рэагаванне — гэта пошліны на аўто.

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі ўжо выказаўся на гэты конт. Беларускі бок лічыць неабходным захаваць дзеючыя ў рэспубліцы стаўкі ўвазной пошліны на аўтамабілі для фізічных асоб і пасля ўступлення ў сілу мытнага кодэкса Мытнага саюза (з 1 ліпеня 2010 г.). “Рэспубліка мае намер дастаткова жорстка адстойваць сваю пазіцыю, — падкрэслілі ў ДМК.

Раней паведамлялася, што Расія настойвае на падвышэнні Беларуссю і Казахстанам з 1 ліпеня 2010 года ставак увазной пошліны на аўтамабілі для фізічных асоб да расійскага ўзроўню. У выпадку, калі іх велічыня не будзе ўзгодненая краінамі — удзельніцамі Мытнага саюза і не будзе зацверджаная Камісіяй гэтага органа, Беларусь, гэтак жа, як і Расія, і Казахстан, захавае нацыянальныя стаўкі на аўтамабілі для ўвозу фізічнымі асобамі.

Зразумела, Беларусь у гэтым пытанні ўпрэцца рогам. “Альбо вы нам усю нафту без пошлін, альбо — ніякіх пагадненняў па аўто! — скажа беларуская дэлегацыя, і будзе мець рацыю. Бо калі ўжо прагматызм — дык з абодвух бакоў. Можам яшчэ і пра расійскія вайсковыя базы ўзгадаць…

Што яшчэ цікавага заявіў Аляксандр Рыгоравіч замежнаму агенцтву? Здаецца, нічога новага. Нас па-ранейшаму абкружаюць ворагі з усіх бакоў. Але маленькая, але ганарлівая рэспубліка не здаецца.

“За апошні час мы шмат зрабілі для будавання адносінаў з нашымі заходнімі партнёрамі. Але калі браць у цэлым, я б не сказаў, што мы зрабілі ўсё, на што разлічвалі, і што Захад пайшоў нам насустрач. Ёсць добрыя зрухі, але гэта працэс няздзейсненых надзей. Мы чакалі ад Захаду большага, — сказаў Лукашэнка.

Ён нават назваў заходніх палітыкаў “безадказнымі, заявіўшы, што ў якасці крокаў у адказ для паляпшэння адносінаў з Беларуссю Еўрасаюз павінен аднавіць паўнавартасны палітычны дыялог з Мінскам, адмовіцца ад візавых санкцый і вяр­нуць краіне гандлёвыя прэферэнцыі, якіх яна пазбавілася некалькі гадоў таму з-за палітычных рознагалоссяў з Захадам. “Мы зробім роўна столькі крокаў, колькі гатовы зрабіць Захад. Я не магу нават сказаць пра тыя адчувальныя крокі, якія я зрабіў, і Захад нас кінуў. І гэта нам дорага каштавала, — сказаў Лукашэнка.

Дзіўна чуць такія заявы. Толькі нядаўна Лукашэнка лаяў Расію за адмову ад супрацоўніцтва і дзякаваў Міжнароднаму валютнаму фонду за тое, што ён падтрымаў Беларусь у складаны час. А зараз аказваецца, што ўся гэта падтрымка, усе крэдыты, усе траншы — гэта папросту “кідалава. Але “кідальшчыкі звычайна забіраюць грошы, а не даюць іх.

“Можа быць, Захаду хацелася б тут больш хутка правесці прыватызацыю. Не толькі Захаду ў дадзеным выпадку, але і Усходу, — мяркуе беларускі кіраўнік. — На што я заўсёды гаварыў: мы не супраць, але ў нас ёсць нацыянальны інтарэс, і нічога бясплатна не аддадзім.

“Каму гэты тэзіс падабаецца? Напэўна, не ўсім, — сказаў Лукашэнка. — Абсалютна мы не супраць, нармальны працэс, але за добрыя грошы, на рыначных умовах, і ніякага шарлатанства і карупцыйнай прыватызацыі ў Беларусі не было і не будзе. Таму, відаць, і гэты фактар раздражняе нашых заходніх партнёраў, і яны нас папракаюць у павольных тэмпах рэфармавання эканомікі і, канкрэтызую, прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці.

Таксама Аляксандр Лукашэнка параіў часоваму ўраду Кыргызстана не абцяжарваць яго просьбамі аб экстрадыцыі скінутага прэзідэнта гэтай краіны Курманбека Бакіева, сказаўшы, што той знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы. “Да мяне ніхто афіцыйна не звяртаўся. Але адразу хачу афіцыйна заявіць — гэтыя звароты будуць марныя і зневажальныя для часовага ўрада. Прэзідэнт Кыргызстана знаходзіцца пад абаронай беларускай дзяржавы і прэзідэнта, — цытуе “Рэйтэр Лукашэнку.

“Не трэба гэтак званаму часоваму ўраду звяртацца з патрабаваннем выдаць Бакіева. Каму выдаць? Ці захачу я яшчэ мець зносіны з тымі, хто сёння ва ўладзе ў Кіргізіі, — сказаў Лукашэнка.

Карацей, нічога і ніхто не атрымае. Асабліва, задарма. І няма чаго на чужы каравай разяваць сваю хавалку.

Акрамя выступу Лукашэнкі, на тыдні здарылася яшчэ адна адметная падзея. Іван Міхайлаў, асуджаны за адмову служыць у арміі з-за рэлігійных перакананняў, поўнасцю апраўданы. Такое рашэнне 4 мая вынес суд Мінскага раёна. 21-гадовы прыхаджанін абшчыны “Новы запавет Іван Міхайлаў адмовіўся ад праходжання тэрміновай вайсковай службы, на якую быў прызваны ў снежні 2008 года. Ён заявіў прызыўнай камісіі Мінскага раёна, што служба ў арміі супярэчыць яго рэлігійным перакананням, і запытаў альтэрнатыўную службу ў адпаведнасці з артыкулам 57 Канстытуцыі.

За гэта ён адседзеў амаль тры месяцы ў турме. І зараз — апраўданы. Можа, гэты крок стане пачаткам альтэрнатыўнай службы ў Беларусі?
 

Каментаваць