Наш журналіст, Зміцер Галко адказаў на пытанні чатачоў Радыё "Свабода"

Сёння на Радыё "Свабода" адбылася анлайн канферэнцыя з журналістам НЧ Зміцерам Галко. Пытанні да Зміцера з большага тычыліся Украіны, бо беларускім чытачам хацелася даведацца пра тое, што адбываецца ў суседняй краіне што называецца, з першых вуснаў. Зміцер ужо амаль месяц знаходзіцца ў камандзіроўцы ва Украіне і на свае вочы пабачыў шмат чаго, што там адбываецца. Прапануем і нашым чатачам адказы на некаторыя пытанні да Зміцера.



Першы рад, трэці справа Зміцер Галко спявае украінскі гімн разам з з наваград-валынскай Самаабаронай


Таццяна, Мінск:
 
— Добры дзень, Зміцер! Дзякуй за аб'ектыўныя і ўзважаныя артыкулы з Украіны. Яны надаюць аптымізму, хоць сітуацыя і для Ўкраіны, і для нашай радзімы далёкая ад артымізму. Хацелася б пачуць ад цябе як ад незаангажыраванага журналіста і чалаывека: наколькі тыя "страшылкі", што расейская прапаганда распаўсюджвае аб пагрозе фашызацыі Ўкраіны, адпавядаюць рэальнасці? Увогуле - пазіцыі нацыяналістаў правага сектару наколькі там распаўсюджаны, ці могуць яны неяк значна ўплываць на развіццё падзей у краіне, ці можа іх ў нейкіх цяжкіх абставінах падтрымаць больш-меньш значная колькасць людзей? Дзякуй за адказ!
 
 
Зміцер Галко:
 
— Дзякуй, Тацьцяна, за высокую ацэнку маёй працы.

Маё стаўленьне да фашызму ва ўсіх яго праявах мусіць быць добра вядомым чытачам svaboda.org — працуючы тут, я даволі часта яго бэсьціў. У мяне на фашызм моцная алергія, і я, як любы алергік, востра адчуваю прысутнасьць свайго алергену. Мне млосна робіцца, калі я слухаю прамовы Пуціна ды іншых расейскіх чыноўнікаў, гляджу мітынгі пад песьні «Священная война», чытаю расейскія блогі і выказваньні на форумах, настолькі вялікая тут яго канцэнтрацыя. А вось ва Украіне гэтая канцэнтрацыя яўна бясьпечная для здароўя.

Яшчэ пасьля паездак на Майдан я пісаў, што праблема не проста перабольшаная, яна высмактаная з пальца. Майдан не высоўваў ніводнай ідэі з фашыстоўскім прысмакам, ніводнай. Нават проста ў натоўпе не было размоваў пра тое, што трэба нарэшце расправіцца зь якой-небудзь нацменшасьцю, вось тады зажывем. Ці ўсталяваць жорсткі парадак, пры якім «усе гэтыя», няважна хто — любыя іншадумцы, не змогуць нават рыпнуцца. Хіба што былі размовы пра неабходнасьць зацугляць алігархію, чынавенства і міліцыю.

Што да «Правага сэктару» — цяжка нават сказаць, якая ідэалёгія ў гэтай арганізацыі. Як на мой погляд, гэта нешта кшталту адрэналіна, які выпрацаваў грамадзкі арганізм у патрэбны момант. Ці «азьвярыну», калі хочаце. Пры ўмове, калі новыя ўлады зробяць сапраўдную працу над памылкамі сваіх папярэднікаў, узровень адрэналіну заканамерна зьнізіцца.

Цікава, што тыя ж самыя людзі з паўднёва-ўсходняга рэгіёну Ўкраіны, якія выказвалі мне свае асьцярогі наконт «Правага сэктару», адначасова казалі: «Мо хаця б яны парадак навядуць…» Разумееце, да яго схіляюцца слабыя людзі з аўтарытарнай сьвядомасьцю, якія робяць стаўку на зьнешнюю сілу. У іхным успрыманьні «Правы сэктар» — такая ж сіла, як і «зялёныя чалавечкі». Вось яны і спадзяюцца — не на тых, дык на гэтых. На тое, што нехта моцны за іх усё зробіць. Падтрымка «Правага сэктару» сярод прыхільнікаў Майдану, людзей збольшага самастойных і актыўных, значна ніжэйшая. Дарэчы, калі з’явілася навіна, што Сашко Білы забіты, і яшчэ не былі вядомыя абставіны, тыповая рэакцыя майданаўцаў была такой: «Вядома, мне шкада яго, як чалавека, але…» Ну і амінь, неяк так. Досыць паказальна, па-мойму. Хаця пасьля дзіўнаватых тлумачэньняў Авакава рэакцыя істотна змянілася.

Калі падвесці рысу, ва ўкраінцаў вельмі моцная дэмакратычная закваска — а гэта надзвычай дзейны антыдот ад фашызму. Ён высьпявае там, дзе моцная аўтарытарная свядомасць. Як у Расеі ці Беларусі…
 

Агня, Менск:
 
— Скажы, калі ласка, Зміцер! Звычайныя, шэраговыя беларусы, якія праблемы Украіны перажываюць як бяду ў сваім уласным доме, чым на сённяшні дзень могуць дапамагчы братам -украінцам? Якой можа быць падтрымка, апроч гарачых малітваў і ўздыханняў да Пана Бога? Дзякую.
 
 
Зміцер Галко:
 
— На жаль, я разумею, што магчымасьці шараговых беларусаў у падтрымцы ўкраінцаў вельмі абмежаваныя. Гэта яны могуць паўжартам сказаць: «Гэх, яшчэ і бацьку валіць давядзецца», і тое не прагучыць камічнай пахвальбой. Бо яны ўжо давялі ўсяму сьвету, што здольныя «валіць» бяздарных тыранаў, ідучы ў гэтым на вялікія ахвяры. Мы ж пакуль праславіліся сваёй надзвычайнай здольнасьцю прыстасоўвацца да навакольных умоваў. Гэтыя ўмовы даволі жорсткія, і не прадугледжваюць такой опцыі, як магчымасьць падтрымкі ўкраінцаў на вуліцах, напрыклад. Бо будзе «а-та-та», мы разумеем.

Што застаецца? Можна пашыраць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Ўкраіне, купляць украінскія тавары і не купляць расейскіх, з’езьдзіць на выходных у Львоў і напісаць потым у сваім блогу пра тое, як файны вы адпачылі. :)

Калі ёсьць сваякі ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Ўкраіны, варта ім давесьці, што ў заходніх абласьцях жывуць такія ж самыя людзі, рагоў і капытоў у іх няма, і ў адзінстве ўкраінцаў — залог існаваньня вольнай, своеасаблівай і вельмі пэрспэктыўнай краіны, тады як Таёжны саюз — гэта тупік і пастка.
 
 

Святлана, Гомель:
 
— Зміцер, дзякуй вялікі табе за матэрыялы з Украіны! Выдатныя артыкулы, грунтоўная праца, поспехаў!
пытанне: ці не прыйшло думкі пераехаць жыць ва Украіну, асабліва - працаваць там журналістам? (бо, здаецца, пра беларускія "рэаліі" не было ў цябе такіх цудоўных цікавых матэрыялаў? (прабач, калі былі :)
ці не здаецца табе, што тут, у Беларусі, як пісалі, зараз перыяд комы, і таму што тут пісаць, і пра што?
дзякуй!
 
 
Зміцер Галко:
 
— Па-мойму, гэта ня проста мне ці вам здаецца, а ёсьць бясспрэчным мэдычным фактам. Хаця малады і таленавіты публіцыст Стась Карпаў заўсёды дакараў мяне тым, што я стаўлю такія дыягназы. На ягоную думку, а ён любіць мэтафары, у нашым лесе проста атабарылася вельмі агрэсіўная і шумная кампанія, спужаўшыся якой, разьбегліся ўсе цудоўныя зьвяры. Але яны ёсьць, проста пахаваліся да пары да часу, і абавязкова зноў зьявяцца, калі тая кампанія сыдзе. Маўляў, трэба толькі пачакаць. А пакуль тое, не ганьбіць зьвяроў, наадварот, падбадзёрваць іх, каб яны былі сьмялейшымі. Неяк так.

Ёсьць у ягоных словах рацыя, аднак праблема ў тым, што я не зусім публіцыст. У мяне не настолькі невычэрпны ўнутраны сьвет, каб дзяліцца яго пладамі, седзячы дома за кампутарам. Мне патрэбны вір жыцьця, людзі, падзеі, уражаньні. Сыравіна для апрацоўкі. Калі доўга не выходзіць з дому, дык няма аб чым і пісаць. А калі за дзьвярыма адразу ж пачынаецца адкрыты космас? Вы, мусіць, ведаеце, што ў адкрытым космасе няма нічога жывога. Там пустата і вялікія камяні пасярод яе. Чысьціня і парадак.

Мне ў гэтым адкрытым беларускім космасе і дыхаецца цяжкавата, а працуецца – пагатоў. Таму думка пра пераезд прыйшла, вядома.
 
 


Марскі чалавек, Мінск:
 
 
— Што ведаюць украінцы пра Беларусь? Што пытаюць пра нашу краіну? Што Вы ім распавядаеце?
 
 
Зміцер Галко:
 
— Адзін з маіх артыкулаў пра паездку па Эстоніі называўся «Краіна, дзе ня трэба адказваць за бацьку». Ня трэба, бо размова зь беларусам не пачынаецца з хвалебнай згадкі пра Лукашэнку, як тое бывае ў Расеі, напрыклад. Украіна ідзе да таго, каб стаць яшчэ адным месцам на прасторы былога СССР, дзе беларус не асацыюецца выключна з «бацькам». Значна часьцей мне казалі пра гамельчука Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане. Да вядомага галасаваньня ў ААН распытвалі пра афіцыйную пазыцыю Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны, пасьля яго – асуджалі нядобрасуседзкія паводзіны. Заўсёды суразмоўцаў цікавіла, што думаюць простыя беларусы пра падзеі ў суседзяў, пра акупацыю. Я тлумачыў, што нават афіцыйнае стаўленьне не такое адназначнае, як у Крамля, бо Лукашэнка зацікаўлены ў незалежным суседзе, каб мець магчымасьць супрацьстаяць усходнім «братам». Таму ў нас няма такой ашалелай прапаганды, як на расейскіх каналах, інфармацыя падаецца больш узважана. Адпаведна, няма такой «антыбандэраўскай» гістэрыкі.

Але многія беларусы, якія плянавалі адпачынак ва Ўкраіне, нават на матэрыку, не пра Крым гаворка, палічылі за лепшае яго адмяніць. Баяцца бандытаў на дарогах. Хаця я праехаў ужо тысячы кілямэтраў і ніводнага бандыта не сустрэў, калі не лічыць майго суседа па пакою ў Данецку, які аказаўся агентам ГРУ. А некаторым украінцам адмаўляюць у працы на тэрыторыі Беларусі, бо іхная прысутнасьць «непажадана». Пра гэта мужычок адзін у сяле Трыгір'е распавядаў, ягоныя знаёмыя езьдзілі рэгулярна на будоўлі ў Нясьвіжы, цяпер іх назад разьвярнулі.

Увогуле, тут уяўленьні пра Беларусь даволі цьмяныя, і чым далей ад мяжы, тым болей скажоныя. Хтосьці думае, быццам у нас тут цякуць малочныя рэкі ў кісельных берагах, хтосьці – што тут «саджаюць на восем гадоў за плясканьне ў ладкі».

Калі коратка, я расказваю, што замест «аўтарытарнай мадэрнізацыі» мы атрымалі вечны аўтарытарызм, заклапочаны самазахаваньнем і многа балбатні пра мадэрнізацыю, якая не ўвасабляецца ў рэальныя справы. Безумоўна, пэўныя плюсы былі (у нас у лепшым стане захавалася сацыяльная інфраструктура), але стратэгічна, я ў гэтым упэўнены, выйгралі ўкраінцы, зрабіўшы стаўку на дэмакратыю. Свабодныя людзі здольныя на прарыў, прыгонныя – не.

 
 


Андрэй, Менск:
 
 
— Зміцер, ці былі кантакты з журналістамі ў тых мясцінах, дзе ўдалося пабываць? Як цяпер працуецца ім? Як ва Ўкраіне пачувае сябе свабода друку, слова?
У адным з матэрыялаў на сайце Новага часу была згадка пра твае сустрэчы з губернатарам Херсоншчыны і мэрам Херсона. Яны спакойныя за лёс памежнага з Крымам рэгіёна? Якое ўвогуле ўражанне пакідаюць рэгіянальныя кіраўнікі, Ці існуе там праблема заезджых з Расіі цітушак?
 
 
Зміцер Галко:
 
— Так, у Хэрсоне мне дапамагалі калегі, у прыватнасьці ўласны карэспандэнт газэты «День» Іван Антыпенка. Але ня толькі ён, нават журналісты муніцыпальнай газэты, якіх цяпер адтуль пагналі, бо яны працавалі на рэгіяналаў, напачатку ўвялі мяне ў курс справы, ахвотна распавялі пра сытуацыю ў горадзе і вобласьці, далі патрэбныя кантакты. Дзякуй ім вялікі. Аднак пра ўласна журналісцкія справы мы мала размаўлялі. Што да праблемаў, яны палягаюць у цэнзуры праз пэўныя погляды рэдактара, ці абавязкі рэдакцыі перад спонсарамі. На сайтах часьцяком зьяўляецца шмат неправеранай інфармацыі, абы «гарачанькае», каб ішоў трафік. А ў цэлым працаваць ім, канечне, непараўнальна лягчэй.

Губэрнатар і мэр (хаця афіцыйна яны так не называюцца), па-першае, зьдзівілі мяне тым, што зь імі аказалася вельмі проста сустрэцца. Я дамовіўся зь імі праз смс-паведамленьні. Абодва пакінулі ўражаньне інтэлігентных людзей, але троху мяккацелых. І не гатовых да рэвалюцыйных пераўтварэньняў на сваіх пасадах – я пра гэта наўпрост пытаўся, пра іх «рэвалюцыйныя» праграмы. Для іх пакуль асноўны галаўны боль – пераадоленьне сабатажу з боку прадстаўнікоў старых элітаў. Яны заклапочаны тым, каб захаваць спакой і функцыяваньне эканомікі на прымальным узроўні.

За лёс Хэрсоншчыны абодва спакойныя ў тым пляне, што сэпаратысцкія настроі тут фактычна незаўважныя. А «пуцінскіх турыстаў» эфэктыўна адлоўліваюць.
 
 

Серж, Мінск
 
— Дзьмітры, як бы вы сябе ахарактэрызавалі: камуніст ці бальшавік?

І ці шмат у вас аднадумцаў на Украіне?
 
 
Зміцер Галко:
 
— Ні так, ні гэтак. Аднойчы мой найлепшы сябра ахарактарызаваў мяне як «дэмакратычнага анархіста». Мне спадабалася. У падручніках паліталёгіі, магчыма, няма падобнага азначэньня, таму скажу толькі пра тое, як я сам яго разумею: гэта супрацьлегласьць бюракратычнаму абсалютызму, але без уласьцівай традыцыйнаму анархізму ваяўнічасьці. Я ўсё-ткі схільны вырашаць канфлікты без ужываньня грубай сілы, шляхам дыскусіі.
Зрэшты, тут варта дадаць, што бываюць моманты, калі адмова ад сілавога супрацьстаяньня можа нарабіць болей шкоды, чым ўжываньне сілы. Яшчэ невядома, куды завядзе «гандысцкая» тактыка ў дачыненьні да дзеяньняў Расеі ў Крыму. На Майдане пастаяннае пазьбяганьне «правакацыяў», мы ўжо бачылі, не выратавала ад вялікай крыві.

Я думаю, аднадумцаў у мяне знойдзецца нямала, бо радыкальны дэмакратызм – вельмі характэрная рыса ўкраінцаў. Што да бальшавікоў і камуністаў, яны ўжо пацярпелі паразу ва Ўкраіне. Не праз лёзунгі сацыяльнай справядлівасьці, гэта якраз тут запатрабавана, а праз сваю антынацыянальную палітыку. Я падкрэсьлю: не антынацыяналістычную, гэта ім бы даравалі, менавіта антынацыянальную. Фактычна яны зрабіліся тут проста імпэрскімі агентамі. Таму асуджаныя перабываць у вартым жалю стане. Бо ўкраінцы адчуваюць сябе ўкраінцамі, а не “тожа рускімі”
 
 

Кастусь, Менск:
 
— Які настрой у шэраговых украінцаў з тых, с кім ты размаўляў? Надзея, адчай? Як яны ставяцца да цяперашней улады? Якіх рэформаў чакаюць? Што гатовыя для гэтага зрабіць уласнымі сіламі? Самаабарона, пра якую ты пісаў, гэта ініцыятыва нізавая або зарганізаваная "зьверху"? Што чутна пра ПС і "Свабоду", ці ўплывовыя яны, ці меў зносіны з чальцамі гэтых альбо іншых палітычных арганізацыяў?
 
 
Зміцер Галко:
 
— Адчаю няма, здаецца, украінцы проста ня ўмеюць адчайвацца. Асьцярогі ёсьць, асабліва цяпер, калі пачалася прэзыдэнцкая гонка і ўсплывае розны бруд пра яе ўдзельнікаў. Забаўна трыгірскі мужычок выказаўся: «Паглядзіце, якія ў Яцэнюка вочы галодныя… Усіх трэба іх разагнаць, усіх да апошняга, бо ня будзе ладу». Але другі мужычок, які ехаў побач зь ім на лісапедзе, сказаў, што ў яго ёсьць надзея на лепшае. Магчыма, рэакцыя залежыць ад наяўнасьці лісапеду. :)

У Хэрсоне, напрыклад, Самаабарона падтрымліваецца новай уладай, адпаведна, самааабаронцы падтрымліваюць яе. Тады як у Наваград-Валынскім яны ёй супрацьстаяць. У Данецку сабраліся хлопцы, якія лічаць шкодным і навязаным звонку выбар «Україна або Расея», на іх думку, трэба працягваць справу Майдану, то бок ціснуць на ўлады ў сябе ў рэгіёне. Пры гэтым яны ну вельмі далёкія як ад старой, гэтак і ад новай улады, далёкія ад нацыяналістычнага праекту, дасюль былі вельмі далёкія ад палітыкі. Зрэшты, нават у Хэрсоне гэта нізавая ініцыятыва, і дурнога аднадумства ўнутры яе няма, гэта яшчэ і дыскусійны клюб, дзе абмяркоўваецца далейшы лёс радзімы. Галоўнае пытаньне на парадку дня – барацьба з чынавенскім свавольствам.

Пазыцыі «Свабоды» і «Правага сэктару» на паўднёвым усходзе краіны слабыя, хаця нават у Данецку за «Свабоду» галасавала 10% на апошніх выбарах у Раду – проста як за сьвежую і яшчэ не заплямленую сілу. Таму іхных прадстаўнікоў я тут не сустракаў, хаця ў Хэрсоне свабодавец Станіслаў Трошын дапамог мне дыстанцыйна. Пра стаўленьне да «Правага сэктару» я пісаў вышэй.
 
 

Уладзь, Міжзем'е:
 
— Зміцер, падзяліся, калі ласка, нейкімі агульнымі побытавымі ўражаннямі ад Украіны. Людзі, дарогі, не ведаю, ежа, ну такое, як у тамбуры цягніка за цыгарэткай абмяркоўваюць. :)

Разумею, што доўга на такое адказваць, але паспрабуй: чым украінцы ад беларусаў адрозніваюцца? Ты неяк пісаў быў, што яны нібыта бліжэйшыя да рускіх, чым беларусы.
 
 
Зміцер Галко:
 
— У тамбуры ўкраінскага цягніка за цыгарэткай нічога не абмяркуеш, бо там забаронена паліць. Зрэшты, як сказала мне правадніца, давайце 5 грыўняў, і паліце сабе на здароўе. :)

Дарогі, па якіх мне даводзілася езьдзіць, былі зусім не ў такім кепскім стане, як пра іх распавядаюць, хаця і горшыя за беларускія. І наогул, Харкаў, Данецк, Днепрапятроўск, Адэса і Хэрсон не пакінулі ў мяне ўражаньня зьбяднелых, паўразбураных гарадоў, якімі я чакаў іх убачыць. Чуткі пра галечу Ўкраіны істотна перабольшаныя, асабліва пра галечу ўкраінскіх вёсак, якраз яны падаліся мне вельмі ладнымі. У Расеі я бачыў галечу значна большую, сапраўдную.

Але ёсьць сур’ёзныя праблемы з «сацыялкай», напрыклад, у мэдыцыне. Практычна ўсе мне распавядалі, што там не засталося нічога бясплатнага. Прычым усё гэта неяк крыва робіцца – праз «добраахвотныя ўнёскі», якія, наколькі я разумею, законам не надта рэгулююцца.

Затое ежа – гэта ўкраінская фішка. Нідзе я так смачна не харчаваўся, як тут. І пры гэтым вельмі танна. Проста для прыкладу: побач з маім хостэлам у Хэрсоне гандлявалі чабурэкамі, якія рабілі пры мне, разы ў тры большымі за стандартныя беларускія. Вялікія, сьвежыя, смачныя, і ўсяго за 5 грыўняў. Разам з кардоннай талерачкай, пакетам і сурвэткамі. Сюды можна езьдзіць у гастранамічныя туры. :)

На апошняе пытаньне мне складана будзе коратка адказаць. Не, я перагледзеў тую сваю думку, украінцы іншыя. Адрозныя і ад расейцаў, і ад беларусаў.

 

Паўло, Гародня:
 
— Спадар Будзімір, што Вас больш за ўсё ўразіла ў сучаснай Ўкраіне і, наогул, якіх пачуццяў было болей: захаплення, жаху, зайдрасці, нейкіх іншых?
 
 
Зміцер Галко:
 
— Я ня так часта глядзеўся ў люстэрка, а як пабачыліся з жонкай на Жытоміршчыне, дык яна сказала, што я ўвесь сьсівеў. Нібыта зарана, таму, выглядае на тое, быў і жах. Уявіце сабе: я пакідаю Харкаў, а там бойка, параненыя і забітыя, прыяжджаю ў Данецк, трапляю ў адзін пакой з агентам ГРУ, які прывёз цэлы выбуховы арсэнал, затрымліваюся супрацоўнікамі СБУ, зьяжджаю адтуль, там таксама бойка, параненыя і забітыя… Мне здавалася, што мяне перасьледуе нейкі монстар. Калі я прыехаў у Адэсу, там усе чакалі нападу чачэнцаў ужо заўтра. На Хэрсоншчыне я трапіў у сытуацыю на баявых пазыцыях, калі было ўражаньне, што пачалася вайна. Потым сьніў кашмары дзьве ночы.

Але мяне зьдзівілі моц і спакой украінцаў у гэтых абставінах. Баявы дух без нянавісьці і гістэрыкі.
 
 

Тутэйшая, Стоўбцы:
 
— Спадар Зміцер, а што больш за ўсё Вас уразіла ва Ўкраіне, ўзрушыла, зацікавіла? Нават, калі гэта дробязі - ўсё роўна. Поспехаў у гэтай няпростай працы!
 
 
Зміцер Галко:
 
— Зараз я ўзяў сабе невялічкі тайм-аўт, адпачываю разам з жонкай і малодшым сынам на Жытоміршчыне, у Трыгірскім запаведніку. Неверагодна прыгожая прырода. Але яшчэ болей, чым ад прыроды, я атрымліваю асалоду ад мовы. Тут паўсюль гучыць украінская, і я нібы купаюся ў ёй, як у цёплым басэйне. Тут пачынаеш разумець, што мы страцілі, калі пакінулі мову быццам з «практычных» меркаваньняў. Я нават не пра тое, што ўкраінская ці беларуская больш мілагучныя, чым расейская – каму як. Ці болей багатая – гэта, мабыць, няпраўда. Аднак расейская мова не яднае мяне ні зь кім, гэта чыста тэхнічная мова зносінаў. Калі ж я размаўляю зь кім-небудзь па-украінску, ёсьць такое амаль містычнае адчуваньне, што ты размаўляеш з сваім чалавекам, родным.
 
 

Іван, Херсон:
 
— Вітаю, Дмитре!
Дякую за візит до України і гарні матеріали в "Новому часі" про наші краї і людей. Україна перебуває на порозі змін. Як ти гадаєш, що треба робити всім нам: і владі, і ЗМІ, і простим громадянам, аби не втратити черговий шанс. Також цікаво дізнатися твою думку щодо майбутнього президента. Якби ти був громадянином України, за кого віддав би голос?
Дякую
 
 
Зміцер Галко:
 
— І табе дзякуй за дапамогу і прыемную кампанію!

Дружа, я ж не расеец, каб лепей за суседзяў ведаць, як ім жыць. :) Але як асоба зацікаўленая, магу выказаць пажаданьне, што ні ў якім разе нельга дапусьціць вяртаньня да «свайго блявоцьця», згасаньня рэвалюцыйнага імпульсу. Трэба падрыхтавацца да доўгай працы па выкараненьні ўсіх заганаў мінулага.

Як беларус, я бачу ў любым кандыдаце ў прэзыдэнты патэнцыйнага дыктатара і ацэньваю яго з гэтага боку. Мне здавалася, што Віталь Клічко мог бы быць добрай кандыдатурай. Бо дыктатары вылупляюцца звычайна з асобаў закамплексаваных, а ён ужо шмат чаго дасягнуў у жыцьці, яму няма чаго камплексаваць. Але ён не балятуецца. Не балятуецца таксама і мэр Львову, які мне вельмі імпанаваў. Таксама шкада, што не балятуецца Арсень Яцанюк. У адрозьненьне ад трыгірскага мужычка, я не думаю, што ў яго «галодныя вочы», мне ён падаецца палітыкам эўрапейскага ўзроўню.

Што да зарэгістраваных кандыдатаў, я іх ня так добра ведаю і не магу зараз сказаць, за каго б прагаласаваў.
 
 

Марыя, Мінск:
 
Вітаю, Дзьмітры!
Пытаньне наўпроставае, як вы лічыце, Расея, дакладней, існуючы расейскі рэжым Пуціна - вораг Беларусі?
Дзякуй
 
 
Зміцер Галко:
 
— Калі не ўспрымаць Беларусь з пазыцыяў заходнерусізму, безумоўна – так. Прычым вораг № 1. Нягледзячы на ўсе абдымкі, пацалункі і плюшкі, якімі яны нас балуюць.
 
 

Глеб, Менск:

— Падчас Майдану было адчуваньне, што ў краіне нараджаецца грамадзянская супольнасьць, якая дыстанцыюе сябе ад палітыкаў.

Пасьля пабегу Януковіча было адчуваньне -- вось яшчэ крок, і разгоняць Раду, абвесьцяць недавер усім старым палітыкам, пачнуць з чыстай старонкі...

Не атрымалася. Сёньня голасу гэтай супольнасьці не чуваць, фармат палітычнага жыцьця Украіны стаў звыклым -- партыі, заявы, алігархі, перамовы...

Але нават гэта быў вялізны прарыў у параўнаньні з першым Майданам, дзе людзі выступалі як электарат, а не суб'ект.

Чаму не атрымалася? Ці магло атрымацца ў гэты раз? Ці можа ў будучыні, і што для гэтага патрэбна?
 
Зміцер Галко:
 
— Я чалавек радыкальны, але стараюся быць рэалістам. Таму зь цяжкасьцю ўяўляю, як на практыцы рэалізаваць жаданьне трыгірскага мужычка «усіх разагнаць». Бальшавікі вунь ставілі сабе гэта за мэту, ішлі да яе праз горы трупаў, але нават ім спатрэбілася колькі дзесяцігодзьдзяў, каб яе ажыцьцявіць. Што атрымалася, ты і сам ведаеш. Дасюль тут кіруюць невукі, паслухмяныя андроіды або ваяўнічая шэрань.

Ведаеш, я ж тут не ў сеціве і тэлевізары жыву, магчыма, адтуль усё па-іншаму бачыцца, а з сярэдзіны жыцьця відаць, што Ўкраіна зьмянілася неверагодна. І ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Я не пра барыкады, кроў і войны, дай божа, каб яны засталіся ў мінулым, а пра пабудову новай краіны. Мне падаецца, што будаваць ёсьць каму, я з аптымізмам гляджу ў будучыню, столькі моцным духам людзей на яе працуюць.
 
 

Дмитрий Олегович:
 
— Дмитрий, вы там вращаетесь, расскажите подробнее про Правый сектор.
Кто эти люди?
Сейчас появляется всё больше свидетельств, что эта организация довольно мутная и едва ли соответствует тому героическому образу, который был сформирован в ходе противостояния на Майдане.
Деньги, связи с властью, спецслужбами и т.д.
Вольно или нет, но ПС превратился в примитивный, но действенный жупел, которым пугают людей не только в Украине, но и за её пределами, причем довольно удачно.
И кстати, доверяете ли вы лично версии МВД, касательно гибели А.Музычко при задержании?

Зміцер Галко:

— Скажам так: ніводная радыкальная арганізацыя ня можа пазьбегнуць кантролю ды інфільтрацыі з боку спэцслужбаў. Мяркую, «Правы сэктар» ня ёсьць выключэньнем. І мне даводзілася шмат ад каго чуць сумневы наконт яго чысьціні ў гэтым сэнсе. Ня буду прыводзіць канкрэтныя прыклады, бо не магу ані пацьвердзіць, ані абвергнуць іх. Але людзей, якія безагаворачна вераць ім, я пакуль не сустракаў. Галоўнае пытаньне, якое яны задаюць: колькі сябраў «Правага сэктару» загінула на Майдане? Адказ: ніводнага.

У мяне не было часу сядзець у сеціве, каб разабрацца, што там было з Білым, ён жа Музычка. Але з той інфармацыі, якая да мяне даходзіла, я магу зрабіць папярэднюю выснову, што справа, мякка кажучы, цьмяная. Хіба Музычка быў настолькі небясьпечным, што ствараў пагрозу Ўкраіне? Думаю, што не. Ён ствараў пагрозу толькі псыхічнаму стану расейскіх тэлеглядачоў. Дык што, яго прынесьлі ім у ахвяру? Нешта зашмат ахвяраў, пачынаючы з Крыму, новая ўлада прыносіць Расеі…

Дарэчы, цікава выказалася гаспадыня хостэлу ў Хэрсоне: «Білы змагаўся за свабоду чачэнскага народу супраць расейцаў… Цяпер яго за гэта бандытам называюць. А заўтра што, назавуць бандытам кожнага, хто са зброяй у руках змагаецца за свабоду Ўкраіны?»

Паводле Радыё "Свабода"

Каментаваць