«Наша ніва» і «Народная воля» ўратаваны

13 ліпеня Міністэрства інфармацыі Беларусі адклікала свой іск з Вышэйшага гаспадарчага суда аб ліквідацыі «Народнай Волі», а днём раней гэтак жа міністэрства паступіла ў дачыненні да «Нашай Нівы». Суддзя ВГС Алена Маёрава задаволіла абедзве просьбы Мінінфарма.



13 ліпеня Міністэрства інфармацыі Беларусі адклікала свой іск з Вышэйшага гаспадарчага суда аб ліквідацыі «Народнай Волі», а днём раней гэтак жа міністэрства паступіла ў дачыненні да «Нашай Нівы». Суддзя ВГС Алена Маёрава задаволіла абедзве просьбы Мінінфарма.

Закрыцця «Народнай Волі» Міністэрства інфармацыі запатрабавала пасля таго, як 15 красавіка 2011 года вынесла папярэджанне на адрас рэдакцыі выдання ў сувязі з распаўсюджваннем звестак, «якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі». «Факт распаўсюду такіх звестак быў устаноўлены 13 красавіка 2011 рашэннем Вышэйшага гаспадарчага суда», — заявілі тады ў Міністэрстве інфармацыі.

Падтрымаць калектыў «НВ» да будынку ВГС у сераду прыйшлі экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнікі Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Рыгор Кастусёў, пісьменнік Васіль Якавенка, праваабаронцы Валеры Шчукін і Гары Паганяйла, супрацоўнікі незалежных СМІ, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, Беларускай асацыяцыі журналістаў, чытачы газеты.

У выпадку з «Нашай Нівай» працэс па закрыццю выдання, які праходзіў 12 ліпеня, таксама быў ініцыяваны Мінінфармам пасля таго, як газеце 14 ліпеня вынеслі трэцяе пісьмовае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння нормаў закона «Аб сродках масавай інфармацыі». «Падставай для папярэджання стала публікацыя на старонках газеты недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара», — адзначылі прадстаўнікі Мінінфармацыі.

Па меркаванню дзяржаўнай установы, «распаўсюджванне гэтай інфармацыі прычыніла шкоду грамадскім інтарэсам, дыскрэдытавала органы дзяржаўнай улады, выратавальныя і медыцынскія службы, якія прымалі ўдзел у аказанні дапамогі пацярпелым у выніку тэракту».

Як бы тое ні было, лёс газет пакуль вырашаны станоўчым для іх чынам. «Дзяржава, відаць, зразумела, што мінусы для яе ад закрыцця газет пераважваюць тыя выгоды, якія дзяржава, на яе думку, магла б атрымаць ад закрыцця «Нашай Нівы» і «Народнай Волі». Узважыўшы магчымыя наступствы, не толькі іміджавыя, але нават і эканамічныя, прадстаўнікі ўлады, як мне падаецца, прынялі ўзважанае і разумнае рашэнне», — адзначыў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец.
 

Каментаваць