«Наша вясна» зноў не зарэгістравана

22 красавіка Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі Праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна».



22 красавіка Вярхоўны Суд Беларусі адмовіў у задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі Праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна».

Па словах праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, у аснову рашэння Вярхоўны Суд паклаў тое, што ў рэгістрацыйных дакументах меўся шэраг недахопаў, напрыклад, у спісе сябраў Рады не былі ўказаны тэлефоны некаторых асобаў, а таксама адсутнічалі звесткі пра абранне сакратара і вядучага сходу ў пратаколе агульнага сходу, адсутнічала назва арганізацыі ў квітанцыі аб аплаце дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю арганізацыі.

«Наш аргумент пра тое, што гэтыя недахопы маглі быць выпраўлены ў працэсе рэгістрацыі, суд прызнаў неабгрунтаваным, гэта значыць, што прадастаўленне адтэрміноўкі ў рэгістрацыі з’яўляецца правам, а не абавязкам рэгіструючага органа, — адзначае Валянцін Стэфановіч. — У той жа час, суд паклаў у рашэнне тое, што аргумент Міністэрства юстыцыі, нібыта сход не адбываўся або адбываўся не ў поўным аб’ёме ўдзельнікаў схода, з’яўляецца неабгрунтаваным і недаказаным, як і іншыя аргументы Мінюста. Мы не згодны з такім рашэннем, таму што ў артыкуле 15 Закона аб грамадскіх аб’яднаннях дакладна выкладзены падставы, пры якіх грамадскаму аб’яднанню адмаўляецца ў рэгістрацыі. Гэты спіс не падлягае пашыранаму тлумачэнню, таму мы лічым, што намі пры рэгістрацыі не былі дапушчаны памылкі, указаныя ў гэтым пераліку. І таму Міністэрства юстыцыі павінна было прадаставіць нам адтэрміноўку для выпраўлення гэтых недахопаў».

Аргумент пра тое, што гэта права, а не абавязак рэгіструючага органа, па словах Валянціна Стэфановіча, сведчыць пра тое, што Міністэрства юстыцыі можа падыходзіць да розных арганізацыяў з падвоенымі стандартамі. «Калі няма крытэраў прадастаўлення такой адтэрміноўкі, гэта можа прыводзіць да дыскрымінацыйных захадаў у дачыненні да розных арганізацый», — лічыць юрыст.

Рашэнне Вярхоўнага Суда будзе абскарджана ў парадку нагляду на імя старшыні Вярхоўнага Суда. Апроч таго, паведаміў Валянцін Стэфановіч, найбліжэйшым часам у Міністэрства юстыцыі зноў будуць пададзены дакументы на рэгістрацыю Праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна».
 

Каментаваць