Настаўнік: У старэйшай школе навучаецца як мінімум 30% дзяцей, якім там няма чаго рабіць

У Беларусі плануюць залічаць вучняў у 10-я профільныя класы па выніках незалежнай атэстацыі. Пра новаўвядзенне паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас анлайн-канферэнцыі БЕЛТА.
Дзве ідэі ад настаўніка і рэпетытара, як адбіраць школьнікаў у 10-я класы.

Незалежную атэстацыю за 9-ы клас агульнаадукацыйнай сярэдняй школы ўвядуць у 2019-2020 навучальным годзе.

Мінадукацыі разглядае ў якасці аднаго з варыянтаў атэстацыі рэспубліканскія кантрольныя работы, якія навучэнцы будуць выконваць у сваіх школах па тэкстах Мiнiстэрства адукацыi, а правяраць іх будуць незалежныя камісіі.

Як патлумачыў Ігар Карпенка, хто не пройдзе ў профільны клас, зможа працягнуць навучанне ў базавым класе або ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Рэпетытар: Калі гэта будзе такая ж прафанацыя, як выпускныя іспыты, то які там будзе адбор?

Шмат чаго залежыць ад таго, як будзе праводзіцца атэстацыя дзевяцікласнікаў.

— Калі гэта будзе такая ж прафанацыя, як выпускныя іспыты, то які там будзе адбор? — задаецца пытаннем рэпетытар Аляксей Васілеўскі. — Практыка паказвае, што ўсе выпрабаванні, якія праводзяцца ў школах, неаб'ектыўныя.

Для эфектыўнай ацэнкі ведаў дзевяцікласнікаў Аляксей Васілеўскі прапануе падключаць Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

— Каб гэта было незалежнае выпрабаванне і праводзілася не ў школе і тымі людзьмі, якія не маюць дачынення да вучняў. Трэба, каб незалежнай атэстацыяй займаліся незацікаўленыя асобы, якія аб'ектыўна ацэняць веды дзяцей, — падкрэслівае эксперт.

Можна нават паралельна з ЦТ гэта праводзіць — у тых жа аўдыторыях.

Эксперт упэўнены: для РІКВ з яго базай дадзеных заданняў і абкатанай сістэмай праверкі — гэта была б вельмі простая задача.

— Сістэма цэнтралізаванага тэставання сумленная. Не чуў, каб былі карупцыйныя схемы, якія дазваляюць абысці ЦТ, — заключае суразмоўца.

Настаўнік: Лепш настаўніка, які рыхтуе дзіцяці некалькі гадоў, ніхто не скажа, на што ён здольны

Настаўнік Алесь Сядзяка прапануе Міністэрству адукацыі альтэрнатыву незалежнай атэстацыі, якая дазволіць зэканоміць час і сродкі.

Алесь Сядзяка з 1982 года працуе ў школе. Настаўнік успамінае, як праводзіўся адбор у старэйшую ступень сярэдняй школы ў савецкі час.

 Працэнт набору ў старэйшыя класы не перавышаў 50%. У траўні збіраўся педсавет, запрашалі бацькоў і абмяркоўвалі поспехі дзяцей за курс базавай школы. Бацькам давалі рэкамендацыі, каму працягваць навучанне ў школе, а каму ў прафесійна-тэхнічных вучэльнях, дзе дзеці атрымаюць прафесіі.

Па словах Алеся Сядзяка, у якасці класнага кіраўніка з лютага па травень ён вазіў вучняў у сталічныя ПТВ па суботах.

— Хлопцы ведалі ўмовы паступлення, якім прафесіям там навучаюць, і ў траўні ўжо ведалі, куды яны пойдуць. Калі вярнуць форму, якая існавала ў савецкія часы, мы б разгрузілі 10-11 класы. У старэйшай школе на сённяшні дзень вучацца як мінімум 30% дзяцей, якім там няма чаго рабіць і якія камфортна адчувалі б сябе ў ПТВ.

Незалежныя праверкі накшталт рэспубліканскіх работ настаўнік ацэньвае скептычна: «таму што лепш настаўніка, які рыхтуе дзіцяці некалькі гадоў, ніхто не скажа, на што ён здольны».

Атэстацыя ў тым выглядзе, які цяпер разглядае Мінадукацыі, стане лішнім стрэсам для настаўнікаў і вучняў. Акрамя таго, яна запатрабуе выдаткаў часу і сродкаў.

На думку суразмоўцы, варта ў дзевятым класе ўвесці прафарыентацыйную працу з наведваннем прафтэхвучэльняў і паралельна абмяркоўваць з бацькамі і дзецьмі, ці варта працягваць навучанне ў старэйшай ступені сярэдняй адукацыі.

Адборам вучняў у профільныя і базавыя класы могуць заняцца настаўнікі.

— Зразумела, трэба ўлічваць сярэдні бал па профільным і іншых прадметах, — прапаноўвае Алесь Сядзяка. — Сістэму адбору вучняў у 10-я класы можна ўдасканаліць, дапоўніўшы яе новымі прыёмамі. На мой погляд, самае галоўнае — прафарыентацыя ў 9-м класе і праца з бацькамі і дзецьмі.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць