І настрой, і бяда

У сталічным рэстаране «Добров» 31 студзеня ў рамках конкурсу «Прадукт года — 2011» адзначылі дзень нараджэння гарэлкі. Разам з тым нагадаем, што па колькасці спажывання алкаголю на душу насельніцтва Беларусь перайшла крытычную мяжу, вызначаную Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Вядучы свята артыст Аляксандр Вергуноў распавёў, што 31 студзеня 1865 года хімік Дзмітрый Мендзялееў абараніў доктарскую дысертацыю «Аб злучэнні спірту з вадой». З тых часоў гэты дзень лічыцца днём нараджэння гарэлкі.



У сталічным рэстаране «Добров» 31 студзеня ў рамках конкурсу «Прадукт года — 2011» адзначылі дзень нараджэння гарэлкі. Разам з тым нагадаем, што па колькасці спажывання алкаголю на душу насельніцтва Беларусь перайшла крытычную мяжу, вызначаную Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.

Вядучы свята артыст Аляксандр Вергуноў распавёў, што 31 студзеня 1865 года хімік Дзмітрый Мендзялееў абараніў доктарскую дысертацыю «Аб злучэнні спірту з вадой». З тых часоў гэты дзень лічыцца днём нараджэння гарэлкі.

Гісторык і аўтар кнігі пра старабеларускую кухню Алена Мікульчык распавяла гісторыю з’яўлення гарэлкі ў Беларусі. У прыватнасці, па яе словах, гарэлку выпускалі памешчыкі, і яна была розных смакаў: анісавая, яблычная, слівовая і г. д. Вялікай папулярнасцю карысталіся настойкі на травах і ягадах. Гарэлку ў корчмах падавалі вёдрамі, паколькі шкляная бутэлька была вялікай рэдкасцю, у іх прывозілі заморскія віны. Мікульчык распавяла таксама аб традыцыйных беларускіх закусках пад гарэлку.

Знаўцы і аматары кулінарыі далі парады па правільным ужыванні папулярнага спіртнога напою.

«Піць трэба абавязкова ў кампаніі, у адзіночку — гэта ўжо алкагалізм. Абавязкова мусіць быць нагода, мера, закускі. Запіваць моцныя спіртныя напоі не рэкамендуецца, асабліва чымсьці шыпучым — гэта ўзмацняе дзеянне алкаголю», — мяркуе галоўны рэдактар газеты «Гастроном», старшыня аргкамітэта конкурсу «Прадукт года» Ігар Данілаў.

Паводле яго слоў, гарэлка ў жыцці беларускага народа — гэта «і настрой, і бяда, і свята, і гора — без гарэлкі нікуды». «Па еўрапейскіх і амерыканскіх дадзеных, нацыя пачынае дэградаваць, калі спажывае больш за 7 літраў абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. Кажуць, што ў славянскіх народаў гэтая лічба пераваліла за 12 літраў, таму будзем рабіць высновы. Або не будзем іх рабіць», — пажартаваў Данілаў.

 «Піць можна, але ў межах нормы», — сцвярджае дырэктар рэстарана «Добров» Андрэй Дабравольскі. Ён рэкамендуе выпіваць гарэлку ў спалучэнні з таматавым сокам і закусваць свежапрыгатаваным мясам.

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за 2011 год, у Беларусі спажываецца 13,3 літра чыстага алкаголю на душу насельніцтва. Па дадзеных СААЗ, гранічным парогам для спажывання алкаголю на чалавека ў год вызначаны аб’ём 8 літраў. Калі гэты парог пераадолены, то ў грамадстве і дзяржаве пачынаюцца сур’ёзныя праблемы.

У 2011 годзе рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 18,1% у параўнанні з 2010 годам. Прададзена 12 мільёнаў 174,6 тысяч дал гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 46,4% (у 2010 годзе — 42,8%).

Піва за мінулы год прададзена 34 мільёна 593,8 тысячы дал, на 10,8% больш аналагічнага паказчыка 2010 года. Доля гэтага напою ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 13,2% (за 2010 год — 13%).

Лікёра-гарэлачных вырабаў рэалізавана 2 мільёна 199,9 тысячы дал (больш на 30,7%), вінаградных він — 3 мільёна 93,3 тысячы дал (больш на 11,3%), пладова-ягадных він і вінных напояў — 15 мільёнаў 595,9 тысячы дал (менш на 8,1%). Пладовыя віны занялі 26,8% у аб’ёме продажу алкагольнай прадукцыі (у 2010 годзе — 31,7%).

Каньяку і брэндзі прададзена 315 тысячы дал (больш на 18,3%), пеністых вінаў і шампанскага — 1 мільён 469,7 тысячы дал (больш на 18,2%), слабаалкагольных напояў — 838,5 тысячы дал (менш на 33,6%).

Раней Генеральная пракуратура Беларусі выступіла з прапановаю да ўрада забараніць выпуск пладова-ягадных мацаваных вінаў нізкай якасці, продаж алкагольных напояў асобам, маладзейшым за 21 год, рэкламу алкагольных напояў і піва. Таксама прапануецца істотна абмежаваць колькасць месцаў рэалізацыі моцных спіртных напояў, укараніць працэдуру абавязковага тэставання старшакласнікаў і студэнтаў на прадмет ужывання наркатычных сродкаў і алкаголю ды ўзмацніць антыалкагольную сацыяльную прапаганду.

Паводле БелаПАН

Каментаваць