Наступ на культуру: кіно не для ўсіх

Чаму прагляд фільма, які дэманстраваўся на дзяржаўных тэлеканалах, выклікаў такую нервовую рэакцыю ў Слуцкім раёне? Можа быць, справа тут у асобе Зінаіды Цімошак?

 



Ігар Кебец, Каліноўскі і каты


Напрыканцы мінулага года суд Слуцкага раёна аштрафаваў мясцовую актывістку Зінаіду Цімошак на 20 базавых велічынь.Віна Цімошак палягала ў тым, што яна паспрабавала паказаць людзям фільм пра Слуцкае паўстанне «40 дзён сялянскай рэспублікі» ў доме культуры вёскі Казловічы. На імпрэзу была запрошаная адна з ягоных аўтарак — гісторык Ніна Стужынская.

Што гэта было?

Паглядзець кіно прыйшлі каля 20 чалавек, пераважна сталага веку. Загадчык дому культуры вёскі Казловічы Аляксандр Туміловіч пазней у судзе паведаміў, што ў ягонай установе ёсць такая форма працы — прагляд фільмаў і сустрэчы з аўтарамі, з цікавымі людзьмі. Таму ён пагадзіўся прадставіць памяшканне, тым больш, што фільм быў паказаны па дзяржаўным тэлеканале (АНТ). Да пачатку імпрэзы ён паразмаўляў і з Цімошак, і са Стужынскай, пераканаўся ў іх адэкватнасці і дазволіў мерапрыемства. Але праз некалькі хвілінаў пасля яго пачатку з’явілася міліцыя.

Міліцыянты сарвалі кінапрагляд: затрымалі ўдзельнікаў, правялі допыты ўдзельнікаў імпрэзы, а на арганізатарку Зінаіду Цімошак склалі адміністрацыйны пратакол. На знак пратэсту загадчык дому культуры вёскі Казловічы Аляксандр Туміловіч пакінуў сваю пасаду.

Мікалай Люшля (другі злева) падчас разбіральніцтва міліцыі з гледачамі фільму пра Слуцкі збройны чын 23 лістапада

 

Усё гэта было б можна спісаць на дубаломства мясцовай міліцыі, каб іхнія дзеянні не падтрымаў суд. І каб гэтыя дзеянні не прывялі да страшэнных наступстваў: адзін з пенсіянераў, які меўся проста паглядзець фільм, Мікалай Люшля, быў вельмі ўзрушаны падзеямі, напісаў скаргу пракурору, дзе ўказваў і на тое, што ў выніку ягоны стан здароўя пагоршыўся. І неўзабаве памёр. Дарэчы, падчас налёту міліцыянтаў на Казловіцкі дом культуры Цімошак прасіла начальніка аховы правапарадку Слуцкага РАУС Дзмітрыя Шклярэўскага не чапаць і не весці допытаў пенсіянераў, якім больш за 70 гадоў, паколькі гэта магло прывесці да пагаршэння іхняга стану здароўя. Міліцыя да Цімошак не прыслухалася.

За што?

Чаму прагляд фільма, які дэманстраваўся на дзяржаўных тэлеканалах, выклікаў такую нервовую рэакцыю ў Слуцкім раёне? Можа быць, справа тут у асобе Зінаіды Цімошак?

Зінаіда Цімошак

 

Яна неаднаразова дасаджала мясцовай уладзе. Яна была адной з першых у Слуцку, хто паставіў свой подпіс пад «Хартыяй–97» і адначасова агітавала ставіць подпісы пад дакументам сваіх землякоў. Уваходзіла ў кіраўніцтва ініцыятыўнай групай жонкі апальнага палітыка Міхаіла Чыгіра — Юліі Чыгір на парламенцкіх выбарах у 2000 годзе. Потым небеспаспяхова ўзялася за вырашэнне мясцовых праблем: у прыватнасці, прымусіла ўлады звярнуць увагу на стан старажытных могілак у Слуцку. Прайшло гэта ў 2011 годзе, дарэчы, з дапамогай грамадзянскага «суботніка», на які былі запрошаныя дэпутаты мясцовага райсавета. Зразумела, з дэпутатаў ніхто не прыйшоў, а кіраўніцтва мясцовага ЖКГ паведаміла, што на дэпутатаў у іх няма рыдлёвак. Тады актывісты самі знайшлі «імянныя» рыдлёўкі для дэпутатаў, павесілі на іх шыльды з прозвішчамі, і рыдлёўкі сталі выглядаць як крыжы. Улічваючы, што гэта было на могілках…

Дэпутаты моцна пакрыўдзіліся, а Цімошак прайшла праз суд за несанкцыянаванае мерапрыемства і за «маральныя страты» народных абраннікаў.

Не ў асобе справа, лічыць сама Зінаіда Цімошак. Паводле яе слоў, такія мерапрыемствы неаднаразова праводзіліся ў ДК вёскі Казловічы, як запланаваныя і ўзгодненыя мясцовым ідэалагічным аддзелам, і без такіх узгадненняў. Нядаўна, паводле Цімошак, такі «кіналекторый» праводзіў нейкі генерал са сваімі сябрамі: проста дамовіўся з ДК, прывёз сяброў, і яны глядзелі фільмы і ўзгадвалі маладосць. Улетку сама Цімошак з сябрамі праводзіла такія ж кіналекторыі з запрашэннем гісторыкаў з Мінска. «Мы слухалі расповеды пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, але не ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалогіі. Аднак нам ніхто не замінаў і не перашкаджаў», — адзначыла яна.

Не думае Цімошак, што міліцыя неяк «перастрахавалася», каб пад відам кіналекторыя не сабралася нейкая група аднадумцаў з мэтай прыдумаць чарговую каверзу для мясцовых чыноўнікаў. Тады б яны проста паглядзелі б кіно і паслухалі Стужынскую, не робячы скандалу. «Увогуле, падчас суду начальнік аховы правапарадку Слуцкага РАУС Дзмітрый Шклярэўскі даводзіў, што ён прыехаў разабрацца, чаму ў непрацоўны час у ДК сабраліся людзі. Нібыта, ён ахоўваў дзяржаўны будынак ад людзей, і сам вызначае, калі ў ДК час працоўны, а калі не. Справа ж у тым, што ДК часцяком працуе не па звыклым графіку, а і ў суботу, і ў нядзелю, і па святах. Дый дырэктар Дому культуры можа ўвайсці ў яго ў любы момант, а не толькі па графіку. А на час прыбыцця міліцыі ён там быў», — сказала Цімошак.

Гісторык Ніна Стужынская расказвае аб Слуцкім паўстанні перад паказам фільма

 

На яе думку, справа ў тэме мерапрыемства. «Гэтая тэма, тэма Слуцкага паўстання, на самой Случчыне неяк негалосна забароненая. У Слуцкім музеі пра гэтыя падзеі няма ніводнай згадкі, ніводнага ўспаміну. Канешне, ёсць раённая кніга «Памяць», дзе выкладзена ўсё — ад заснавання Случчыны да нашых часоў, там і згадваецца пра паўстанне і рэпрэсіі, але гэтая кніга, пэўна, адзіная з такой згадкай. Да ўспамінаў пра паўстанне мясцовая ўлада ставіцца з недаверам і з падазронасцю. Штогод актывісты Партыі БНФ наведваюць месцы паўстання на Случчыне, і штогод за імі ездзяць узмоцненыя нарады міліцыі. І менавіта сама тэма, я мяркую, выклікала такую нервовасць у мясцовага кіраўніцтва», — даводзіць Цімошак.

Мясцовая спецыфіка ці дзяржаўная палітыка?

Выпадак з Зінаідай Цімошак і фільмам пра Слуцкае паўстанне мог бы стаць анекдотам і недарэчнасцю, але, на жаль, падзеі ўсяго мінулага года падводзяць да думкі, што такое стаўленне дзяржавы да гістарычнай памяці ператвараюцца ў дзяржаўную палітыку.

Міліцыянты праводзяць допыт затрыманых ўдзельнікаў імпрэзы

Чаго варты толькі абвешчаны грамадскасцю мінулы год Кастуся Каліноўскага! Да ягонай постаці з павагай ставіліся нават у савецкія часы — выбітны рэвалюцыянер, герой, кіраўнік сялянскага нацыянальна-вызвольнага паўстання. Але ў той час, як грамадства паўсюль святкавала 150-годдзе пачатку паўстання, дзяржаўныя ідэолагі сцвярджалі: аніякі Каліноўскі не беларускі герой, паўстанне інспіравана палякамі і ішло на польскую карысць і гэтак далей. Карацей, з беларускага героя дзяржаўныя ідэолагі ад вялікага розуму ператваралі Каліноўскага ў нейкага калабаранта.

Кніга літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай» падалася некаму «экстрэмісцкай», і зараз забароненая да ўвозу ў Беларусь. Музей Максіма Багдановіча падлягае «рэарганізацыі» аж да знішчэння. «Экстрэмісцкімі» і зневажаючымі дзяржаву прызнаюцца нават фотаздымкі, змешчаныя ў альбоме «Press Photo Belarus», нягледзячы на тое, што яны неаднаразова і без перашкодаў з боку Мінінфармацыі друкаваліся ў СМІ.

Дзяржава проста баіцца альтэрнатыўнага стаўлення да гісторыі  — як найноўшай, так і старажытнай. Прыкладам, каардынатар адной з кампаній па святкаванні 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага, лідар кансорцыума «Еўрабеларусь» Улад Вялічка адзначае, што такі страх прысутнічае ва ўсім. «Постаць Каліноўскага і само паўстанне — гэта пратэстны матэрыял. Гэта падкрэслівае пратэстны патэнцыял беларускага грамадства і ў нейкім плане — грамадзянскую мужнасць беларусаў. Гэта падкрэслівае пратэст супраць тэндэнцыяў і рэжымаў, якія не прыжываліся на беларускай зямлі. І таму гэта вельмі супярэчліва для беларускай улады. З аднаго боку, немагчымасць выкрасліць паўстанне з гістарычнага кантэксту — нават у савецкія часы Каліноўскі падаваўся пазітыўным героем. А з іншага боку, гэта небяспечна, таму што гэта — падкрэсліваць героя «несучаснага фармату», якія нелаяльныя і ідуць супраць плыні. Ці шмат у нас у падручніках такіх герояў? Чужых — колькі заўгодна, сваіх амаль ніводнага. Гэта проста страх падняць тэму, якая можа справакаваць людзей на разуменне ці нейкую дзейнасць, якая будзе не ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі», — лічыць Вялічка.

Са Слуцкім паўстаннем, падаецца, тое ж самае. З аднаго боку, гэта гераічная гісторыя, а з іншага — начытаюцца падлеткі такіх гісторый, і ўзнікне, напрыклад, абарона Курапатаў альбо змаганне за Севастопальскі парк у Мінску. А ў Турцыі, між іншым, пратэсты супраць «ушчыльняльнай забудовы» ды вырубкі парка ледзьве не прывялі да адстаўкі ўрада…

Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які якраз і быў адным з ініцыятараў «году Каліноўскага», увогуле лічыць, што такая палітыка таксама грунтуецца на боязі. Але крыху іншай. «У мяне няма ўцямнага адказу, чаму дзяржава так паставілася да постаці Каліноўскага, які і ў савецкія часы лічыўся героем. Відаць, ёсць ідэалагічная ўстаноўка, што гісторыя Беларусі пачалася з сённяшняга дня. Напрыклад, музей гісторыі беларускай дзяржаўнасці, які створаны ў Адміністрацыі прэзідэнта, пачынаецца з постаці аднаго чалавека з пашпартам №1. Нічым, акрамя спробы падлізаць чалавеку з пашпартам №1, сітуацыю і з Каліноўскім, і з Слуцкім паўстаннем вытлумачыць немагчыма. Тая ж гісторыя з Машэравым: здавалася б, чыста савецкі чалавек, распачаў русіфікацыю, але… Праспект Машэрава ссунуты ўбок з цэнтральнай вуліцы, помнік Машэраву, што праектаваўся, дагэтуль не пастаўлены і гэтак далей. Чыноўнікі думаюць не пра гісторыю, а як гэты чалавек з пашпартам №1 паглядзіць на тое і на тое. А больш сур’ёзных прычынаў я не бачу», — лічыць ён.

А што надалей?

На жаль, такая дзяржаўная палітыка боязі сваіх герояў шкодзіць не толькі беларускай культуры і гісторыі, але, як ні дзіўна, і беларускай эканоміцы. Пакуль мы чухаем патыліцу, як завабіць у краіну замежных турыстаў, літоўцы прысабечылі Вільню, Гедыміна і Вялікае Княства Літоўскае. І выдатна водзяць экскурсіі па замках, распавядаючы замежным турыстам пра першую еўрапейскую канстытуцыю — Статут ВКЛ — як пра свой персанальны здабытак. І пасмейваюцца з беларусаў: «Было вашае — стала нашае».

Пакуль мы аглядаліся, палякі хапнулі сабе Адама Міцкевіча з ягонымі паэмамі, і, дарэчы, не супраць лічыць сваім і Кастуся Каліноўскага. Гэта ж колькі гераічных блокбастараў можна зняць, абапіраючыся на такую тэматыку! І здымаюць, між іншым, але толькі не мы. Фільм Анджэя Вайды «Пан Тадэвуш» па Міцкевічу некаторыя кінаманы называюць «культавай драмай польскага кіно». А мы працягваем раздаваць сваіх герояў налева і направа.

Калядны баль у Мірскім замку прываблівае рускіх адзначаць Раство як П’ер Безухаў і Наташа Растова, а традыцыі старажытнага сярэднявечнага беларускага танца ўзнаўляюць гурткі энтузіястаў-аматараў. Між тым, «замануха» сярэднявечнага балю, на мой погляд, больш прывабная, чым расійскі «разгуляй».

З такімі падыходамі Беларусь можа застацца ўвогуле без гісторыі — толькі з «лініяй Сталіна» і партызанамі. Але хто ведае, ці не пададуцца ў наступным і беларускія партызаны «залішне гераічнымі» для беларускага чыноўніцтва?

Каментаваць