Насупраць Курапат на паўночна-ўсходнім баку шашы пахаванні адсутнічаюць

На паўночна-ўсходнім баку шашы Заслаўе—Калодзішчы насупраць Курапат адсутнічаюць пахаванні ахвяраў сталінізму. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю карэспандэнту “Новага Часу” загадчык аддзелу археалогіі сярэднявечнага перыяду Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Кошман.



Выгляд тэрыторыі ўздоўж шашы Заслаўе—Калодзішчы з боку Курапатаў


Нагадаем, што згодна з дзеючай да гэтага часу схемай ахоўных зонаў Курапатаў, зацверджанай Міністэрствам культуры 12 мая 2004 года, невялікая частка гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты” вытыркаецца праз шашу Заслаўе—Калодзішчы на паўночна-ўсходні бок аўтамагістралі. У сувязі з гэтым, значная частка тэрыторыі на гэтым баку шашы насупраць Курапатаў уключана ў ахоўную зону народнага мемарыялу.   

Вадзім Кошман

Як распавёў  Кошман, па заказу Міністэрства культуры ў жніўні-верасні бягучага года археолагі даследавалі менавіта паўночна-ўсходні бок шашы. “Мы праводзілі пошук неўлічаных археалагічных аб’ектаў, у тым ліку мажлівых пахаванняў ахвяраў сталінізму і месцаў спальвання іх прыватных рэчаў. З дапамогаю планіровачнага экскаватара было распрацавана шэсць дыягнастычных траншэй агульнай даўжынёй больш за 400 метраў. Але на даследаванай тэрыторыі агульнай плошчай больш за 1 тысячу квадратных метраў не было выяўлена ніводнага археалагічнага аб’екту і артэфакту, якія маюць дачыненне да масавых палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў”, — сказаў навукоўца.

Такі вынік даследавання Вадзім Кошман тлумачыць, між іншым, і тым, што лакалізацыя западзін — мажлівых пахаванняў ахвяраў сталінізму — адсутнічала і пад час усіх ранейшых візуальных разведак паўночна-ўсходняга боку шашы Заслаўе–Калодзішчы насупраць Курапатаў, праведзеных спецыялістамі цягам 1990-х гадоў. “Тады на гэтым баку шашы ў раёне ўрочышча была лакалізаваная толькі адна западзіна, якая цягам часу знікла пасля правядзення розных земляных работ, у тым ліку падчас пракладкі магутных трубаправодаў дзеля забеспячэння сталіцы вадою”, — сказаў даследчык.

Ён лічыць малаверагодным існаванне пахаванняў ахвяраў сталінізму на паўночна-ўсходнім баку шашы Заслаўе—Калодзішчы насупраць Курапатаў. “Справа ў тым, што малаверагодная сама версія правядзення расстрэлаў рэпрэсаваных у гэтым нізкім забалочаным месцы”, — адзначыў археолаг. Ён нагадаў, што больш-менш дакладна лакалізацыя западзін — мажлівых пахаванняў ахвяраў сталінізму — адзначана ў межах тэрыторыі, абнесенай драўляным плотам, які атачаў месца трагедыі. “Аднак нават у гэтым месцы выбарачнае даследаванне некаторых западзін не прывяло да выяўлення пахаванняў і парэшткаў расстраляных, бо прычынамі гэтых западзін маглі быць як карэнні дрэў, так і падзеі савецка-польскай вайны”, — сказаў Вадзім Кошман.

Ён паведаміў, што на наступным тыдні ў Міністэрства культуры будзе накіравана навуковае заключэнне па выніках археалагічнага даследавання тэрыторыі на паўночна-ўсходнім баку шашы Заслаўе-Калодзішчы насупраць Курапатаў.

Адзін з шлагбаўмаў, усталяваных ў Курапатах з боку “Бульбаш-холу”

Трэба адзначыць, што на дзвюх лясных дарогах ва ўрочышча з боку рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”, які будуецца на паўночным ускрайку Курапатаў, з’явіліся металічныя шлагбаўмы.

Каментаваць