Наваполацк. Мёры. Браслаў

Наваполацк. «Хронікі Беларусі»

12 мая ў бібліятэцы імя Я. Коласа мясцовая суполка ТБМ арганізавала чарговую прэзентацыю, у гэты раз кнігі «Хронікі Беларусі», і творчую сустрэчу з яе рэдактарам Васілём Вароніным.

Наваполацк. «Хронікі Беларусі»

12 мая ў бібліятэцы імя Я. Коласа мясцовая суполка ТБМ арганізавала чарговую прэзентацыю, у гэты раз кнігі «Хронікі Беларусі», і творчую сустрэчу з яе рэдактарам Васілём Вароніным.

«Кніга, якую рэдакцыя аддае ў рукі чытача, утрымлівае практычна ўсе вядомыя на сённяшні дзень беларуска-літоўскія летапісы. Яе змест укладзены на базе 32-га і 35-га тамоў Поўнага збору рускіх летапісаў і забяспечаны прадмовай, якую напісаў да іх Мікола Улашчык. У Дадатках змешчаны ўрыўкі з Іпацьеўскага, Наўгародскага, Пскоўскага першага, Пскоўскага другога, Пскоўскага трэцяга, Цвярскога летапісаў і Рагожскага летапісца, якія істотна дапаўняюць, а часам падаюць у зусім іншым святле тыя ці іншыя падзеі, адлюстраваныя ў летапісах айчыннага паходжання. Шмат у іх звестак, якія зусім адсутнічаюць у нашых летапісах», — так засведчыў у сваім выступе Варонін. Кніга пабачыла свет у выдавецтве ARCHE. Падчас імпрэзы аматары беларушчыны маглі набыць і іншыя кнігі выдавецтва.


Мёры. Аб’ядналі птушкі

Нядаўна паўночна-заходні рэгіён Беларусі наведалі прадстаўнікі літоўскага і шведскага арніталагічных таварыстваў. Шэраг мерапрыемстваў быў праведзены ў рамках сумеснага праекта трох краін. Праект накіраваны на стварэнне сеткі захавальнікаў для трох беларускіх і трох літоўскіх зонаў пасялення птушак. З беларускага боку ўдзельнічаюць заказнікі «Налібоцкая пушча», «Сэрвач» і «Балота Ельня». Менавіта да развіцця сеткі захавальнікаў для апошніх двух і далучыліся замежныя госці.

Праграма была вельмі насычаная: для захавальнікаў «Балота Ельня» і «Сэрвач» быў арганізаваны семінар. Для пашырэння ведаў пра праграму ў трох школах (вёскі Чапукі і Дворнае сяло Мёрскага раёна, вёска Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна) прайшлі сустрэчы з вучнямі. На іх слухачы даведаліся пра цікавыя літоўскія і шведскія тэрыторыі, важныя для птушак.


Браслаў. Дата свята вызначана

Сёлета Браславу спаўняецца 945 гадоў. Пасля доўгіх узгадненняў вызначана дата святкавання. Яно адбудзецца 29 мая. З гэтай нагоды Браслаўскае музейнае аб’яднанне пры падтрымцы гарадскіх улад ладзіць на Замкавай гары фестываль сярэднявечнай культуры пад назвай «Меч Брачыслава».

Падчас гістарычнай імпрэзы госці ўбачаць сапраўдны рыцарскі абоз, стануць сведкамі рыцарскіх турніраў. У свяце прымуць удзел майстры, якія працуюць у накірунку «жывой археалогіі» — адраджэння старадаўніх рамёстваў: ткацтва на вертыкальных кроснах, прадзенне на верацяне, выраб абутку і ташак са скуры ды іншых рамёстваў. На фестывалі будуць працаваць сапраўдныя археолагі, якія пакажуць спосабы кансервацыі керамікі і раскажуць пра методыку археалагічнага раскопу. Падчас фэсту будзе гучаць сярэднявечная музыка. На думку арганізатараў, «Меч Брачыслава» — першы фестываль сярэднявечнай культуры ў Беларусі, дзе будуць спалучаныя два рэканструктарскія накірункі: ваярства і старажытныя рамёствы.

Каментаваць