У любым выпадку Гайдукоў хутка выйдзе на волю

Шпіёнская справа Андрэя Гайдукова канчаткова развалілася. Генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што абвінавачанне папрасіла для Гайдукова два гады пазбаўлення волі. 



Гэта значыць, Гайдукоў ужо не абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве, мінімальнае пакаранне за якое — сем гадоў.

Канюк не назваў артыкул, па якім зараз абвінавачваецца Гайдукоў. То бок, не вядома, у чым яго зараз абвінавачваюць. Але дакладна не ў здрадзе дзяржаве і не ў шпіянажы.

А зараз час заняцца чыстай матэматыкай. Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 года. Калі нават суд поўнасцю задаволіць запыт абвінавачвання і прысудзіць Гайдукова да двух гадоў пазбаўлення волі, то атрымліваецца, што ён ужо адбыў траціну свайго тэрміна — восем месяцаў. 8 ліпеня будзе ўжо дзевяць. Калі нават Гайдукоў не будзе абскарджваць свой прысуд у вышэйшай інстанцыі, то ён адразу па прыбыцці ў калонію мае права, як той, хто адбыў траціну тэрміну, падаваць дакументы на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Адразу па прыбыцці ў месца адбыцця пакарання Гайдукой проста фізічна не паспее зарабіць некалькі спагнанняў і стаць «асабліва злосным парушальнікам», — таму для адмовы ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні падстаў няма. І «шпіён» выходзіць на волю.

Праваабаронца Алег Волчак кажа, што, як правіла, у калоніях ёсць пэўны тэрмін, каб разглядаць такія хадайніцтвы па УДВ, але, звычайна, не больш за тры месяцы. «То бок, праз год пасля свайго затрымання, Гайдукоў можа выйсці на волю па УДВ», — кажа Волчак.

Але насамрэч Волчак разлічвае, што Гайдукоў выйдзе значна раней. «Па-першае, суд можа не даваць максімальнага пакарання. Па-другое, суд можа — а ў ідэале і павінен — пры вынясенні прысуду ўлічваць асобу абвінавачанага. Тое, што перакваліфікавалі абвінавачанне на больш мяккае — гэта ўжо ідзе на карысць Гайдукову. Ён раней не судзімы, у яго станоўчыя характарыстыкі, наколькі мы ведаем, з месца працы, месца вучобы, месца пражывання і гэтак далей. Гэта ўсё дае падставы для таго, каб змякчыць яму пакаранне і даць тэрмін не тое што меншы за запрошаны пракуратурай, але і «меншы за меншы» — у суда ёсць такое права», — кажа Волчак.

У прынцыпе, суд нават можа задаволіцца тым тэрмінам, які Гайдукоў ужо адбыў у следчых ізалятарах, прысудзіць яму гэты тэрмін, і выпусціць на волю з залі суду як ужо адбыўшага пакаранне.

З Волчакам згодны і вядомы юрыст Гары Паганяйла. «Па-першае, суд можа даць яму і «не па максімуму», тады ў яго яшчэ больш шанцаў апынуцца на волі. «Скасіць» частку прызначанага Віцебскім абласным судом тэрміну можа і касацыйная інстанцыя — Вярхоўны суд у выпадку,калі Гайдукоў будзе абскарджваць прысуд (а хутчэй за ўсё, так яно і будзе). Але калі пракурор і суддзя дамовяцца, то, магчыма, суд можа абмежавацца тым, што Гайдукоў ужо фактычна адседзеў, і выпусціць Гайдукова на свабоду наўпрост з залі суда», — кажа Паганяйла.

Альбо для роўнага рахунку даць яму пакаранне ў выглядзе дзевяці месяцаў пазбаўлення волі, якія мінаюць 8 ліпеня.

Такім чынам, можна чакаць Гайдукова на свабодзе ўжо 1 ліпеня, калі яму будзе агучаны прысуд. Алег Волчак кажа, што «гэта было б добрым крокам з боку ўладаў у сённяшняй сітуацыі».

«Таму што, калі адправіць Гайдукова за краты нават на непрацяглы тэрмін, то з такою хадою суду ды абвінавачвання ён усё роўна будзе прызнаны палітычным вязнем», — тлумачыць Волчак.

Таму ўладзе, перш за ўсё, трэба ў справе Гайдукова захаваць свой твар. Вызваленне Гайдукова ў залі суду — гэта выгадней уладам больш, чым нават самому Гайдукову.

А вось хто ўжо ніколі не захавае твар — гэта Камітэт дзяржаўнай бяспекі і непасрэдна ягоны старшыня Валер Вакульчык. Перад пачаткам працэсу Андрэя Гайдукова ў судзе кіраўнік КДБ заявіў: «Я думаю, што пасля таго, як будзе абвешчана рашэнне суда, тыя людзі, якія яго (Гайдукова) абаранялі, апынуцца ў нязручным становішчы».

У выніку, у «нязручным становішчы» апынуўся сам Вакульчык. Ён сам сеў у лужыну і пасадзіў у яе ўсё сваё ведамства. Асабліва на тым фоне, што «пшыкам» скончылася яшчэ адна справа КДБ: першы намеснік Вакульчыка Ігар Сергіенка заявіў, што расследаванне справы аб «плюшавым дэсанце» у ноч з 3 па 4 ліпеня 2012 года завершанае. Справа не «прыпыненая» ў сувязі з нейкімі абставінамі, кшталту немагчымасці прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а «завершаная». Але як яна завершаная? Хто прызнаны вінаватым? Які лёс падазраваных фатографа Андрэя Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава? Хто прыцягнуты да адказнасці? На гэтыя пытанні — маўчанне поўнае.

Пасля такіх вынікаў дзейнасці, наогул, прыстойныя людзі сыходзяць у адстаўку.

Каментаваць