Нават на цуды пад Новы год беларусы ўжо не спадзяюцца

Актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры напісалі ў кнізе заўваг і прапаноў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што нават пад Новы год беларусы ўжо не спадзяюцца на цуды.



Тамара Сяргей, актывістка Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры


26 снежня актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах прыехалі ў Мінск з розных рэгіёнаў краіны, каб у шосты раз ад моманту прызначэння Андрэя Кабякова ў жніўні 2012 года кіраўніком адміністрацыі паспрабаваць сустрэцца з ім.

Справа ў тым, што цягам некалькіх апошніх гадоў актывісты ініцыятывы, большасць якіх пенсіянеры, не могуць дамагчыся ад чыноўнікаў судоў і пракуратуры адказаў на свае пытанні. Грамадзяне лічаць, што такая пазіцыя чыноўніцтва парушае іх правы (нагадаем, артыкулу 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь абавязвае службовыя асобы разглядаць звароты і даваць адказы па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін). А паколькі за парушэнне правоў грамадзян краіны нясе адказнасць гарант канстытуцыі — кіраўнік дзяржавы, людзі і звяртаюцца ў Адміністрацыю прэзідэнта.

У сваім апошнім лісце на імя Андрэя Кабякова актывісты ініцыятывы падкрэслілі, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адмаўляюцца прадстаўляць у дзяржаўных структурах інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, а спікер ніжняй палаты беларускага парламенту Уладзімір Андрэйчанка, які ні разу ні сустрэўся з грамадзянамі і не выслухаў іхнія набалелыя праблемы, прыпыніў ліставанне з людзьмі.

На думку заяўнікаў, дзяржава насамрэч не можа лічыцца дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой, калі чыноўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Вярхоўнага суду і Генеральнай пракуратуры прыпыняюць ліставанне з грамадзянамі, не даўшы адказу на іх правамерныя пытанні, парламентарыі ўвогуле баяцца замовіць слова за людзей, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта адмаўляецца прымаць заяўнікаў, а чыноўнікі Мінгарвыканкаму не дазваляюць актывістам ініцыятывы выйсці на пікет.

Нягледзячы на тое, што і на гэты ліст грамадзяне атрымалі адмоўны адказ, яны не пакінулі надзею на навагодні цуд і сабраліся ў калідоры прыёмнага пакою будынку Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак пасля трох гадзінаў марнага чакання людзі зразумелі, што цуду не будзе, і Андрэй Кабякоў іх зноў не прыме. І тады грамадзяне напісалі ў кнізе скаргаў і прапаноў наступныя словы:

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч! У Рэспубліцы Беларусь пад Вашым 19-гадовым кіраўніцтвам нават пад Новы год перасталі адбывацца цуды. Таму нас у шосты раз адмовіўся выслухаць кіраўнік Вашай адміністрацыі Кабякоў Андрэй Уладзіміравіч. Згодна Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, улада ў краіне належыць народу. Але мы на ўласным досведзе пераканаліся, што ўлада належыць чыноўнікам і яны не крыўдзяць адзін аднаго. Таму не істотна, куды звяртацца — у суд, у пракуратуру, у парламент — усюды кругавая парука. Ці патрэбная народу такая ўлада?”.

Каментаваць