Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Навошта касіць раку?

Фота, дзе пара людзей з косамі плыве пасярод ракі на лодцы ў асяроддзі свежаскошанай расліннасці, выклала на сваёй старонцы ў Facebook «Радыё Свабода».
Убачыўшы фота, каментатары кінуліся спаборнічаць у досціпе: адны выказалі здагадку, што такім чынам у Беларусі здабываецца мосркая капуста, другія — што так у нас «дажынаюць» рыс.

Зялёны партал разабраўся, навошта косяць траву ў рацэ Дубравінка Магілёўскай вобласці і ці сапраўды гэта такі абсурдны занятак.

«Гэта чыстка ракі»

У Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў каментаваць здымак адмовіліся, бо «паміж рэальнасцю і фатаграфіяй можа ляжаць вялікая розніца».

А ў Магілёўскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Зялёнаму парталу сказалі, што такім чынам супрацоўнікі Магілёўзелянбуда чысцяць раку, і парэкамендавалі звяртацца за больш падрабязнымі тлумачэннямі ў гэтую арганізацыю. Аднак у мясцовым Зелянбудзе з-за занятасці супрацоўніка, які адказвае за добраўпарадкаванне, аператыўна атрымаць каментар не ўдалося.

Можа так і трэба?

Можна меркаваць, што такім чынам супрацоўнік Магілёўзелянбуда змагаецца з эўтрафікацыяй, або цвіценнем вады. Яно адбываецца з-за вялікай канцэнтрацыі біягенных элементаў. З-за іх празмернасці змяняецца ўся экасістэма, колькасць кіслароду ў вадаёме істотна зніжаецца, ад чаго ў выніку гіне фаўна.

Эўтрафікацыя можа быць выклікана як старэннем вадаёма, так і антрапагеннымі фактарамі, напрыклад, трапленне угнаенняў у ваду. Асноўныя хімічныя элементы, якія ёй спрыяюць, — фосфар і азот. Адным з этапаў эўтрафікацыі як раз з'яўляецца зарастанне вадаёма багавіннем.

«Гэта сізіфава праца»

Аднак рэгіянальны каардынатар экаруху «Зялёны Дазор» Ігар Пастухоў мяркуе, што справа тут не ў барацьбе за чысціню ракі. Тым больш, што эўтрафікацыя, паводле яго слоў, спрыяе ў першую чаргу размнажэнню сіне-зялёных водарасцяў, ніжэйшых раслін, а не нам звыклых кубышак, аеру і чароту.

— Магчыма, на фота мы бачым банальнае засваенне грошай на ачыстку вадаёма, закладзеных у бюджэт горада на гэтыя мэты. Гэта значыць вадаём не зарос, а грошы выдзеленыя трэба асвоіць, вось і ствараецца бачнасць. Сажалкі чысцяць не так. Гэта складана. Часам іх чысцяць граблямі, калі сажалка невялікая, але гэта таксама сізіфава праца. Касіць багавінне — гэта як складным нажом калоць дровы, як касіць траву трымерам ў студзені, — кажа эколаг.

Ён упэўнены, што ў дадзеным выпадку на фота не відаць зарастання, таму лепшае, што можна было зрабіць, — гэта не рабіць нічога.

 Рака — гэта экасістэма, і водныя расліны ў ёй відавочна не лішнія, — тлумачыць эксперт.


Паводле greenbelarus.info

Каментаваць