Навошта Мінску вуліца ў гонар польскага камуніста, ад якога адхрысціліся ў Польшчы?

Жыхары сталічнай вуліцы Берута не ведаюць, у гонар каго яна названая, а гісторык тлумачыць, што гэта была за асоба.

У Светлагорску на рагу вуліц Калініна-Свярдлова ўсталявалі помнік Міхаілу Калініну. Фота www.ranak.by


Актывісты Беларускай хрысціянскай дэмакратыі працягваюць збіраць подпісы за наданне аднаму з галоўных праспектаў сталіцы імя вядомага беларускага дзеяча Адама Станкевіча. Ударыць хрысціянскія дэмакраты вырашылі ў самае «сэрца» камуністычнай спадчыны.

«Думаю, што ў Менску багата вуліцаў, каб перайменаваць. Хрысціянская дэмакратыя ўзялася за цяжкі выпадак, мы пайшлі ў авангардзе. Дзяржынскі — гэта можа быць самы цяжкі варыянт, КДБ будзе стаяць за свайго заснавальніка насмерць», — кажа сустаршыня БХД Павал Севярынец.

 

Што праўда, ёсць у сталіцы Беларусі і вуліцы ў гонар камуністычных дзеячаў, ад якіх уладам было б адмовіцца значна прасцей. Напрыклад, вуліца імя Баляслава Берута, жыхары якой маюць слабое ўяўленне пра гэтага дзеяча.

«Берута? Нейкі, мабыць, польскі пісьменнік, дакладна не ведаю. У нас многа вуліц трэба перайменаваць, розных там ворагаў. Вуліцы Быкава чамусьці няма», — заўважае адзін з жыхароў згаданай вуліцы.

Жанчына, якая жыве на гэтай вуліца, кажа:

«Адназначна адказаць не магу, бо не ведаю ягоных ні заслугаў, ні ягоных кепскіх якасцяў».

Гісторыкі маюць сваё меркаванне адносна таго, ці варта ўшаноўваць памяць менавіта такіх постацяў.



«Я думаю, што калі людзі даведаюцца праўду: што гэта быў за чалавек… А насамрэч ён быў правадыром савецкіх уладаў, дапамагаў НКУС арыштоўваць незадаволеных людзей, арыштоўваць афіцэраў польскага войска, ён не дазваляў андэрсаўцам займаць нейкія пасады, паводзіў рэпрэсіі. Ён быў марыянеткай, якога паставілі», — тлумачыць гісторык Ігар Мельнікаў.

Пасля выбуху Другой сусветнай вайны «абазнаны» агент НКУС Берут адмаўляецца ад польскага грамадзянства, прымае савецкае і з 1941-га працуе ў нямецкай адміністрацыі ў акупаваным Менску, застаючыся савецкім разведчыкам. Ужо пасля вайны Берут становіцца першым кіраўніком камуністычнай Польшчы, спрычыніўшыся да расстрэлу 2,5 тысяч жаўнераў Арміі Краёвай і да рэпрэсіяў сотні тысячаў палякаў. У Польшчы апошні такі савецкі рудымент, вуліца Баляслава Берута, знікла ў 2015 годзе — у вёсцы Рудніца каля Гожава-Велькапольскага, на патрабаванне польскага Інстытуту нацыянальнай памяці.

Чаму не ўзяць прыкладу з заходніх суседзяў, якія не баяцца адмаўляцца ад савецкай спадчыны? Тым больш на тле актыўнага дыялогу з заходняй суседкай. Можа, Менску варта зрабіць партнёрскі жэст, і замест Берута пашукаць іншага дзеяча з шматвяковай супольнай гісторыі для ўшанавання?

belsat.eu



Каментаваць