«Навошта вы дапамагаеце прастытуткам?», альбо Што не так з талерантнасцю беларусаў?

Ці сапраўды беларусы — талерантная нацыя? Што мы разумеем пад талерантнасцю: цярпімасць, прыняцце, а можа, раўнадушша? Ці павінна быць мяжа ў талерантнасці і дзе яна мусіць праходзіць?

Над гэтымі пытаннямі падчас панэльнай дыскусіі, арганізаванай Цэнтрам новых ідэй, разважалі праваабаронца Наста Лойка, экспертка ў галіне гендарнай роўнасці і абароны правоў жанчын Ірына Альхоўка ды грамадскі актывіст, кіраўнік Лідскага міжраённага грамадскага аб'яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» Аляксандр Аўдзевіч.

Талерантны — не значыць абыякавы

Апошнія дні інтэрнэт-супольнасць Беларусі абураецца, што ў Гомелі суседзі не дазваляюць жыльцу з інваліднасцю ўсталяваць у пад’ездзе пад’ёмнік, каб можна было на калясцы трапіць на вуліцу. Але здзіўленне перастае быць такім моцным, калі ўзгадаць вынік апублікаванага паўгода таму даследвання амерыканскіх спецыялістаў узроўню талерантнасці ў розных краінах Еўропы, паводле якога Беларусь увайшла ў тройку неталерантных дзяржаў. Краіну ўтвараюць яе грамадзяне, значыць, і асноўная праблема — у нас саміх.

— Усе мы ў чымсьці неталерантныя. Але калі паназіраць за дзецьмі, яны вельмі часта не адрозніваюць людзей па знешніх прыкметах. Таму больш натуральна — быць талерантнымі, — лічыць Наста Лойка. — Але ў нейкі момант з’яўляюцца стэрэатыпы, і пасля гэта ўвасабляецца ў адкрытыя формы дыскрымінацыі. Я бачу дзве прычыны неталерантнасці: сацыяльна-культурныя і псіхалагічныя. Калі пакапацца, выяўляецца, што вельмі шмат рэчаў нам навязваецца звонку, — гаворыць праваабаронца.

Наста Лойка

Наста Лойка

Свет вельмі мабільны, мы ўсе кудысьці перасоўваемся. Нам трэба ўмець камунікаваць, і талерантнасць — добры спосаб рабіць гэта спакойна і прадуктыўна, упэўнена праваабаронца.

Яшчэ адна ўдзельніца дыскусіі Ірына Альхоўка нагадвае, што талерантасць — зусім не значыць адсутнасць свайго пункту гледжання.

— Мы можам быць талерантнымі да людзей, якія адрозніваюцца ад нас, але і можам указваць ім на іх памылкі — гэта ўсё можа ўжывацца разам, — кажа яна.

У той жа час, па яе словах, талерантнасць часта блытаюць з раўнадушшам: маўляў, мне ўсё роўна — значыць, я талерантны. Аднак гэта няслушная інтэрпрэтацыя талерантнасці. Аляксандр Аўдзевіч вызначыў яе як цярпімасць, уменне прымаць новае і дапамагаць там, дзе гэта неабходна.


Раскоша быць сабой

У Беларусі, у тым ліку дзякуючы сродкам дзяржаўнай прапаганды, талерантнасць пераўтварылася ў нацыянальную рысу. Часткова гэта звязана з тым, што доўгі час нашы продкі мірна ўжываліся разам у мультыкультурнай, шматрэлігійнай і полінацыянальнай краіне. Аднак і без скажэння і падмены паняццяў таксама не абыйшлося.

— Пад беларускай талерантнасцю прымаецца штосьці падобнае на гасціннасць — існуе і такі стэрэатып. Але калі мы будзем параўноўваць з іншымі народамі, то гэты стэрэатып можа распадацца, — гаворыць Наста Лойка.

На думку Ірыны Альхоўкі, «беларусы — гэта тыя, хто ўвесь час церпіць».

— Талерантнасць беларусаў для мяне — ва ўменні цярпець. Але ўсе розныя: для кагосьці гэта сінонім недыскрымінацыі, а для кагосьці — раўнадушша. Талерантным складана быць у закрытым, іерархічным грамадстве, дзе многія рашэнні прымаюцца з пазіцыі сілы. Калі мы расцем у культуры, дзе ўсіх параўноўваюць (пачынаючы з дзіцячага садка і школы), то гэта не спрыяе талерантнасці і самадастатковасці, мы заўжды хочам быць на кагосьці падобнымі. Быць самім ці самой сабой і ганарыцца гэтым — вельмі цяжка.

Ірына Альхоўка

«Калі вы не з’едзеце, мы будзем пісаць скаргі»

Агулам досвед удзельнікаў дыскусіі паказвае, што беларусы неталерантныя. Наста Лойка з’яўляецца сузаснавальніцай арганізацыі Human Constanta, якая займаецца праблемай бежанцаў з Чачні, што не могуць выехаць у Еўропу і вымушаны заставацца ў Брэсце. Па яе словах, вельмі ўражвае, як звычайныя мінакі рэагуюць на чачэнцаў. Калі чачэнскія дзеці праяўляюць звычайныя для свайго ўзросту паводзіны — плёскаюцца вадой з фантана ці падыходзяць панюхаць кветкі — гэта выклікае асаблівую ўвагу берасцейцаў. Больш за тое, арганізацыя вымушана была змяніць офіс, які размяшчаўся ў жылым будынку з шэрагам іншых устаноў.

— Нас запрасілі на сход жыльцоў, дзе сказалі, што баяцца за сваіх дзяцей, баяцца жанчын у хустках, хаця не змаглі прывесці ніводнага прыкладу канфліктаў з гэтымі людзьмі. І нам сказалі, што калі вы не з’едзеце, мы будзем пісаць скаргі на што заўгодна. Скаргаў так і не паступіла, але мы ўсё адно мусілі з’ехаць праз агульную неспрыяльную атмасферу.


Падобныя прыклады прыводзіць і Ірына Альхоўка. Па яе словах, беларусы неталерантныя, асабліва ў адносінах да жанчын, што пацярпелі ад гвалту.

— На нас пісалі скаргі, што мы прапагандуем няправільныя каштоўнасці, хаця мы проста абараняем правы жанчын. Часта сутыкаешся не з адсутнасцю талерантнасці, а з недобрасумленным выкананнем людзьмі сваіх абавязкаў. Нам задавалі пытанне «Навошта дапамагаць жанчынам, якія сталі ахвярамі гвалту, калі яны самі выбралі такое жыццё?», прычым гэта казалі і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Таксама, калі дапамагалі жанчынам, якія пацярпелі ад гандлю людзьмі, мы доўга чулі пытанне: «Навошта вы працуеце з прастытуткамі?» У нас існуе меркаванне, што калі жанчына не захоча быць згвалтаванай, яна не будзе згвалтаванай, і што трэба дапамагаць «добрым» людзям, а не «прастытуткам».

У адносінах да людзей з інваліднасцю беларусы таксама не заўжды талерантныя.

— Сёння я наведаў мінскі аквапарк, і было складана дамовіцца, каб мне дазволілі спусціцца з горкі, — распавядае Аляксандр Аўдзевіч. — Абмежаванняў не было ніякіх, але ўсе думалі, што калі я на калясцы, гэта небяспечна. Мне давялося сустракацца ледзь не з кіраўніком аквапарка, але насамрэч вырашыць праблему аказалася проста. Ва ўсіх ёсць свае клішэ, што «адразу не», але на пытанне «Чаму? Ці спрабавалі вы самі?» — адказ: «Ну гэта ж відавочна!»

Аляксандр Аўдзевіч

Адзін з самых эфектыўных спосабаў лепш зразумець іншага — асабістая камунікацыя, перакананы эксперты. Нават калі ў вас не сходзяцца нейкія меркаванні і погляды, гэты момант вельмі збліжае.

Калі вы не можаце нешта прыняць, я б параіла працаваць над сабой і шукаць адказы ў сабе, — дадае Наста Лойка.

Мы вельмі замкнёныя ў сабе і мыслім па сабе, і калі мы перастанем замыкацца, «мускул талерантнасці» пачне працаваць. Трэба быць адкрытымі і не ўспрымаць свет як пагрозу, раіць Ірына Альхоўка.

— Талерантнасці, як і эмпатыі, можна навучыцца, калі падыходзіць да гэтага свядома. Але гэта нараджаецца з пачуцця несправядлівасці.


І ўсё ж ёсць з’явы, калі не трэба быць талерантнымі. Напрыклад, калі людзі прапагандуюць варожасць, то іх трэба спыніць. Не варта цярпець і мовы варожасці ды распальвання канфліктаў. Мяжа талерантнасці можа быць там, дзе пачынаецца актыўны заклік да знішчэння, сыйшліся на думцы ўдзельнікі дыскусіі.  

Фота аўтаркі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць