Назад у будучыню

Я не ўяўляю, для каго і навошта ствараюцца прагнозы і планы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Згодна з прагнозам на 2015 год, нашая песімістычная і хуткая будучыня ўжо настала ўчора.



Вось на тыдні Аляксандр Рыгоравіч падпісаў указ, які зацвярджае прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця і асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год. Зразумела, што для падпісання ўказа не абавязкова чытаць сам прагноз. А дарма. Бо ягоныя аўтары былі б адразу пераведзеныя ў грузчыкі за марнаванне дзяржаўных грошай і карыснага рэсурсу (паперы).

Адразу адзначым, што гэты прагноз называюць «песімістычным». Напрыклад, плануецца, што ВУП вырасце на 0,2–0,7% (раней амбітныя планы складалі 5%, і нават 8% за год). Прадукцыйнасць працы за кошт мадэрнізацыі вырасце на 1,5–2%. З-за падзення коштаў на нафту ўлады прагназуюць у 2015 годзе зніжэнне экспарту на 3,6–4,0% ад узроўню 2014 года. Увод жылля з дзяржаўнай падтрымкай чакаецца ў аб'ёме не менш як 2,5 мільёна кв.м.

Самай невыканальнай задачай уяўляецца зніжэнне інфляцыі да 12%.

Дзіўным паказчыкам з’яўляецца планаваны рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва 1,1–1,5% да ўзроўню гэтага года. Выбачайце, гэта мінімум у 2 разы больш за планаваны ВУП. Гэта значыць, рост заробкаў зноў будзе апераджаць рост выпушчанай прадукцыі? То бок, зноўку напампоўванне эканомікі пустымі грашыма? А як тады зніжаць інфляцыю? Хіба гэта рэалістычна?

На гэтыя пытанні адказы ніхто даваць і не збіраецца. Таму што 2015 год ужо настаў, прынамсі, для «прагнознікаў». Нават гэты «песімістычны» прагноз разлічваўся з сярэднегадавога кошту на нафту ў 2015 годзе ў $83 за барэль і курсу расійскага рубля ў 43 за долар.

Зараз нафта каштуе па $72 за барэль, а расійскі рубель з цяжкасцю ўтрымліваецца на ўзроўні 50 за долар. Так што нашая «песімістычная» і хуткая будучыня ўжо настала ўчора. А Аляксандру Рыгоравічу варта параіць пачытаць, што ён падпісвае.

І гэта ж не адзін прагноз такі! Кампанія «Гавары праўду!» прапанавала Мінэканомікі перагледзець такі ж нягеглы прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі аж да 2030 года. Там таксама на паперы ўсё «ў шакаладзе», а насамрэч… Насамрэч Лукашэнка даўно ставіў задачу давесці насельніцтва Беларусі да 30 мільёнаў, а «прагноз–2030» па-ранейшаму прадугледжвае колькасць насельніцтва ў 10 мільёнаў асобаў…

Карацей, нашых прагнозчыкаў трэба замяніць на астролагаў. Тыя хаця б на зоркі глядзяць, перш чым нешта напрарочыць.

Пасля такіх прагнозаў Аляксандр Рыгоравіч у чарговы раз правёў нараду па павышэнні выканаўчай дысцыпліны. «Двойчы ў мяне на стале знаходзіўся праект дакумента па гэтым пытанні, і двойчы мы адхілялі яго. У апошні раз мы бачылі: так, з кіруючых кадраў мы патрабуем, і мы павінны патрабаваць у гэтых умовах. Але таксама мы канстатавалі: перш чым патрабаваць з кіраўніка, яму трэба выразна акрэсліць яго правы, дадаць уладу», — заявіў Лукашэнка.

Але ўказ кіраўніка дзяржавы пра дысцыпліну пісалі тыя ж распрацоўшчыкі, што і прагнозы развіцця Беларусі. У чарговы, трэці раз, праект дакумента быў адпраўлены на дапрацоўку. Сапраўды, як паказвае практыка, начальнік на дзяржпрадпрыемстве — цар і бог, і абмежаваць ягоныя правы можа толькі Камітэт дзяржкантролю, і тое, калі ўзбудзіць крымінальную справу за карупцыю. Якія яшчэ правы і ўладу можна даць такому начальніку?

Вось Лукашэнка і разгубіўся. Настолькі, што па гэтым пытанні вырашыў параіцца з нядаўна прызначаным на пасаду старшыні ФПБ Міхаілам Ардой. «У сучасных умовах без прафсаюзаў ні туды і ні сюды, асабліва мне, паколькі гэта мой народ, гэта мае выбаршчыкі, і я вымушаны шукаць тыя арганізацыі, якія будуць мне дапамагаць у гэтай сітуацыі, якая ў нас складваецца, абараняць інтарэсы і правы нашых людзей. Гэта без усялякіх ухмылак і намёкаў. Сапраўды, гэта вельмі важна», — падкрэсліў значнасць ФПБ кіраўнік сінявокай. І адразу ж высветлілася, што менавіта прафсаюзнікі будуць назіраць за дырэктаратам.

«Мы дамо кіраўнікам дадатковыя правы, але і вельмі жорстка спытаем з іх. Дык вось у гэтай сітуацыі прафсаюзы якраз павінны знайсці сваё месца і дапамагчы мне адсачыць, як будзе рэалізоўвацца гэты дэкрэт, і каб мы не наламалі дроў. Таму што выканальніцкая дысцыпліна ні да чорту: і рабочых, і сялян, і спецыялістаў сярэдняга звяна, і вышэй, і кіраўнікоў. Яна мяне не задавальняе!» — паскардзіўся беларускі кіраўнік.

Такім чынам, прафсаюз, замест таго, каб бараніць інтарэсы працоўных, будзе назіраць за выканаўчай дысцыплінай усіх узроўняў.

Асабліва гэта тычыцца прыватных прадпрыемстваў — Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што для яго ўсе прадпрыемствы роўныя: і дзяржаўныя, і прыватныя. «Таму трэба больш актыўна заняцца канчатковым фарміраваннем прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары… На прыватных у нас часта з'яўляюцца праблемы, а людзі маюць патрэбу ў падтрымцы і абароне», — сказаў Лукашэнка.

Нялёгкая выпала спадчына Ардзе: гэта ягоны папярэднік Леанід Козік прапаноўваў ахапіць прафсаюзамі ФПБ усе прыватныя прадпрыемствы краіны. А разграбаць усё — новаму кіраўніку.

Цікава, ці з’явіцца прафсаюз у сетцы хуткага харчавання McDonald’s? Ва ўсім свеце гэтыя бутэрбродныя сталі «пудзілам прафсаюзнага руху», дзе стварэнне прафсаюза амаль немагчымае. Можа, Беларусь, дзякуючы Ардзе, стане выключэннем?

І яшчэ больш цікава: ці з’явіцца свой, асобны прафсаюз у Савеце міністраў? Так бы мовіць, «прафсаюз работнікаў кіруючых кадраў»? Тады, пэўна, сам Арда і зоймецца тымі чыноўнікамі, якія пераводзяць каштоўныя беларускія лясы на напісанне бязглуздых прагнозных паказчыкаў.

Каментаваць