Назад, у калектывізацыю

У Пінск і ваколіцы Саветы прышлі перад вайной. А пасля вайны прыйшла і калектывізацыя. Што яна прынесла? Адказ на гэта пытанне шукала экспедыцыя Беларускага архіва вуснай гісторыі. 



Сваімі ўспамінамі перад навукоўцамі і заўзятарамі гісторыі падзяліліся каля ста чалавек 80–90-гадовага ўзросту. Па ўспамінах людзей, асноўны этап калгаснага будаўніцтва разгарнуўся ў 1949–1950 гадах. Але гэта не азначае, што пасляваенныя пяць гадоў палешукі жылі ў спакоі.

 

Вось што распавяла Людміла Палхоўская, 1932 года нараджэння, былая настаўніца з вёскі Лышчы Пінскага раёна:

 

Людміла Палхоўская, 1950-я гады

 

Майго дзеда прызналі кулаком у 1947-м, загадалі заплаціць падатак у 17 тысяч рублёў. І гэта нягледзячы на тое, што толькі нас, унукаў, было шасцёра. Дзядулю прышлося шмат што прадаць, у тым ліку і мэблю, — сплаціў падатак. Але праз год яму загадалі аддаць яшчэ 8 тысяч рублёў. Такіх грошай у нашай сям’і не было, і ў дзеда застаўся адзіны шлях — за краты. У Баранавіцкай турме ён адбыў тры гады. Праўда, потым яго рэабілітавалі.

 

Тры гады — гэта дробязь у параўнанні з тым, якім гвалтам ішло даваеннае раскулачванне ва Усходняй Беларусі. Але гэта не з-за таго, што камуністы падабрэлі. Быў загад: у Заходняй Беларусі паводзіць сябе максімальна карэктна.

 

Як прыкладна праходзіла карэктнае стварэнне калгаса, распавядае 83-гадовая Вольга Надольская з мястэчка Моталь:

 

— Перад Вялікаднем прышлі да нас, зламалі дзверы ў хлеў, забралі дзве каровы. А людзі нам крычаць: «Дзержыцесь! Дзержыцесь!». А дзе тут удзержышся, як пойдзеш супраць улады? Пазабіралі ў людзей і сараі — пастроілі сабе калгас.

 

 

Босыя агітатары

Нягледзячы на тое, што калгас быў ратаваннем для пасляваенных удоў і беднаты, апошнія таксама не надта спяшаліся аддаваць туды сваю нішчымную, але ўсё-ткі — маёмасць. Бо калгасная эканоміка адрывала вынікі працы ад людзей, і было малазразумела, у чым ён лепшы ад прыватнай гаспадаркі.

 

Адносіны да агітатараў былі недаверлівыя, бо самі яны не выглядалі на людзей шчаслівых ці хаця б заможных. Часцяком былі ў паношанай вопратцы, нібы прайшлі ў ёй дзве сусветныя вайны. Таму на Піншчыне і мянушка за імі замацавалася — «босыя». Паводле расповеду жыхаркі вёскі Баяры Пінскага раёна, адзін такі «босы агітатар» праводзіў антыкампанію. Ён прыехаў з Расіі, пасяліўся на хутары мясцовага заможнага селяніна, але замест агітацыі адгаворваў людзей аб’ядноў­ваць маёмасць. Казаў, што нічога добрага з таго не атрымаецца.

 

Для ідэалагічнай работы, як гэта і цяпер робіцца ў Беларусі, прыцягвалі настаўнікаў. Перад імі была задача — прывесці па дзесяць чалавек у калгас. А ў вёсцы Юхнавічы, напрыклад, не толькі ўгаворвалі, але давалі бульбу, лес тым, хто калектывізаваўся. Майстэрствам вышэйшага пілатажу было завабіць аднаасобнікаў. Менавіта так называлі на Піншчыне заможных сялян, слова «кулак» тут не прыжылося. Бо зразумела: пойдуць у калгас багацейшыя — пацягнуцца за імі і астатнія. Часам гэта працавала.

 

Вольга Надольская

 

Аднак новая ўлада нядоўга раздавала маёмасць. «Мужык маёй знаёмай пайшоў у армію, а потым загінуў на вайне. Яго жонка ўзяла некалькі каласкоў на полі. Ёй жа было цяжка жыць, не было чаго есці, вось яна і ўзяла гэтыя каласкі. За гэтае яе асудзілі і — у турму, а ейнае дзіцё засталося адно. Потым прыйшла з турмы і памерла маладая»,— узгадвае Вольга Надольская.

 

Але, нягледзячы на сур’ёзнасць законаў, каб пражыць, людзям прыходзілася красці. Дзе бурак, а дзе і мех бульбы. Пазней за крадзяжы толькі штрафавалі. Прыўзняцца над сітуацыяй паміж молатам і кавадлам, паміж смерцю ад голаду і страхам турмы людзям дапамагаў гумар. «Ні каровы, ні свінні, толькі Сталін на сцяні». Гумар даваў адчуванне, што яны, калі могуць жартаваць, дык падпарадкоўваюць сітуацыю сабе. «Ішла коза із колхоза,// Пралівала слёзы, //Атрубіце вы мне хвост, //Не пайду ў калхозы».

 

Але, калі каза разам з гаспадаром усё ж апынулася зацуглянай калгасам, выйсці ім з яго было не так проста. У некаторых калгасах аж да 1980-х гадоў не давалі пашпарт. Гэта, канешне, было парушэннем закона, але «прэдсядацелі» проста карысталіся юрыдычнай непісьменнасцю сялян. Былі і іншыя спосабы, як без пашпарта можна пазбегнуць няўдзячных калгасных працадзён. Для мужчын — ехаць працаваць у лепшае месца па ваенным білеце, для жанчын — вярбоўка.

 

Вольга Надольская з дапамогай вярбоўкі ва Украіну змагла пакінуць калгас:

 

У 1950-х ва Украіне не хапала працоўных рук, і ўкраінскія вярбоўшчыкі актыўна ездзілі па беларускім Палессі, збіраючы працоўных. Там плацілі нашмат больш, чым у беларускіх калгасах. Давалі збожжа, цукар, і машынамі прывозілі ўсё з Украіны ў Беларусь. Таму я і паехала. Калгас адпусціў, бо не меў права ўтрымліваць.

 

 

Не ўсе былі згодныя

Гаспадар прымусова здаваў свае плугі, жывёлу, але адчуванне, што гэта яго маёмасць, што ён нясе за яе адказнасць, нікуды не знікала. «Выйшлі першы раз сеяць, і кожны за свайго каня бярэцца, за свой плуг, — расказваў адзін з палешукоў. — А як хто чужы кіруе тваім канём, дык яму кажаш: так і гэтак рабі, бо добра ведаеш сваю жывёлу, адчуваеш патрэбы каня».

 

Дзевяностагадовая бабуля з вёскі Табулкі Пінскага раёна кажа, што хоць сям’я яе маці была шматдзетнай і беднай, яны не жадалі калгаса. І калі камбайн стаў збіраць жыта, якое яны вырасцілі за лета, яе цяжарная маці клалася на полі перад камбайнам. «Камбайн жа спыняўся, аб’язджаў яе і далей збіраў наша жыта», — распавядае бабуля.

 

Быў і больш радыкальны супраціў. Як вынікае з расповедаў, лясныя браты знішчалі камуністаў, актывістаў, кіраўнікоў сельсаветаў — тых, хто спрыяў умацаванню Савецкай улады.

 

Найбольш вядомыя ў гэтых краях былі браты Грэчкі, лясны штаб якіх быў у раёне вёскі Лышчы. Усяго братоў было трое, але адзін сышоў. Людміла Палхоўская называе іх бандытамі, але пры просьбе распавесці пра іх падрабязней, кажа: «Яны былі адораныя людзі. Зрабілі пілараму, зрабілі крупадзёрку, самі давілі алей, шылі, рабілі гармошкі. Чаго яны пайшлі ў бандыты? Яны ж не былі вельмі багатыя. А ў бандзе рабілі аўтаматы». Па іншай інфармацыі, у братоў Грэчак быў нават самаробны кулямёт.

 

Былы міліцыянер з вёскі Фядоры Пінскага раёна ўспамінае, што «апошнюю банду разбілі толькі ў 1951 годзе». Да гэтага часу ён, калі ездзіў у рэйды па вёсках, ніколі не начаваў у адной хаце. Змагары супраць савецкай улады практыкавалі такі тып супраціву: старшыня сельсавета сядаў вячэраць, а лясны брат разбіваў акно і проста з двара страляў у яго.

 

Перад вайной дзядуля Вольгі Надольскай пасля шматгадовай працы ў ЗША прыехаў назад у Моталь, пабудаваў вялікі дом. Потым гэты дом адабрала Савецкая ўлада: там была бальніца, пазней размяшчаліся іншыя дзяржаўныя ўстановы. А ў 1980–1990 гадах спадарыня Надольская надумала адсудзіць дзядулеў дом. Шмат паездзіла па судах — і ў Брэст, і ў Мінск — сустракала непаразуменне, але ўрэшце змагла вярнуць спадчыну. Цяпер у гэтым доме жыве яе пляменнік з сям’ёй.

 

Калгасы спарадзілі беднасць

Падчас экспедыцыі складвалася ўражанне, што нашы рэспандэнты не вельмі востра ўспрымаюць калектывізацыю. Часткова, канешне, гэта звязана са страхам: адчувалася, што некаторыя людзі ведаюць больш, чым кажуць. Хтосьці наўпрост казаў, што баіцца распавядаць пра калектывізацыю. Але важна разумець, што ўдзельнікі экспедыцыі апытвалі не саміх раскулачаных ці прымусова накіраваных у калгас, а іх дзяцей. У той час яны былі падлеткамі, а што падлеткам да калектывізацыі! Да таго ж, менавіта з калгаса яны пайшлі ў самастойнае жыццё, а зараз атрымліваюць пенсію.

 

 

Яшчэ адной прычынай поспеху калектывізацыі стаў пасляваенны фактар. Народ быў разгублены, не ведаў, што і як рабіць далей, таму і ішоў у калгасы. Пасля жахаў вайны калгас не выглядаў нечым непрымальным.

 

«Каб не стварылі калгасы, людзі былі б багацейшыя». «Калгасы варта было б стварыць, але не варта было ўсіх туды гнаць», — такія высновы робяць нашы рэспандэнты. А яшчэ кажуць, што «не любіла багатых Савецкая ўлада, бо дурная была. Толькі з багацця атрымаецца багацце».

Каментаваць