«Не хачу, але магу папоўніць шэрагі дарамаедаў»

Яшчэ адзін чалавек у Слуцку можа папоўніць шэрагі «дармаедаў» насуперак сваім жаданням. І, на жаль, гэтая гісторыя тыповая для невялікіх гарадоў і вёсак.

Жанна Юрчэня 12 гадоў адпрацавала наглядчыцай Слуцкага краязнаўчага музея і была звольненена ў канцы сакавіка 2018 года ў сувязі з заканчэннем тэрміну аднагадовага кантракту. Нягледзячы на тое, што жанчыне ўжо 49 гадоў, і ў горадзе нялёгка знайсці работу, дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея Наталля Серык не прадоўжыла з ёю кантракт.

Жанчына знаходзіцца ў пошуках працы на працягу месяца і блізкая да поўнага адчаю:

Жыву ў арэнднай аднапакаёвай кватэры, аплата за камунальныя паслугі і кошт арэнды растуць штомесяц, да таго ж выплочваю грошы за куплены ў растэрміноўку тэлевізар, — распавядае Жанна Васільеўна. — У пошуках працы абышла амаль усе прадпрыемствы горада, пакуль што для мяне няма ніякіх вакансій.

Былая супрацоўніца краязнаўчыга музея распавяла, што яна вельмі любіла сваю працу і марыла дапрацаваць у музеі да пенсіі, нягледзячы на невысокі заробак у 300 рублёў. Жанчына лічыць, што стала ахвярай асабістай непрыязні дырэктаркі музея ў сувязі са спробай адстойвання правоў у жніўні-верасні 2017 года.

— На працягу 11 гадоў асаблівых нараканняў на няякаснае выкананне мною працоўных абавязкаў з боку дырэктара не было, — распавяла сваю гісторыю Жанна Васільеўна. — Атрымлівала нават прэміі за добрую працу. У мінулым годзе з некалькімі работнікамі музею, у тым ліку і са мной, кантракт працягнулі толькі на год. Але гэта блізка да галавы не брала, паколькі музей зараз знаходзіцца на рамонце, і мы працуем у галерыі мастацтваў. Думала, што гэта звычайная з’ява ва ўсіх установах культуры. Гэтак жа як і падзел на «прыбліжаных» і «чужых».

Аднак напрыканцы жнўня 2017 года жанчына пачала адчуваць ціск з боку адміністрацыі музея.

«Аднойчы я і некалькі супрацоўнікаў адмовіліся выконваць абавязкі дворніка — палоць градкі і месці тэрыторыю. Гэтую працу мы неаднаразова і без спрэчак выконвалі ў тыя дні, калі дворнік быў у адпачынку. Але ў той дзень дворнік прысутнічала на працы. Пасля гэтага і пачалі ўзнікаць прэтэнзіі з боку начальніцы. Так, па выніках праверкі ўнутранай санітарнай камісіяй, 30 жніўня 2017 года ўсім супрацоўнікам музея былі зроблены розныя заўвагі. У мяне было найменш заўваг, але камісія склала ў адносінах да мяне акт аб наяўнасці мухі каля агнятушыльніка і павуціння за адным з радыятараў ацяплення. Мне было прапанавана падпісаць акт, а я адмовілася гэта зрабіць, паколькі палічыла адну муху недастаткова сур’ёзнай прычынай для складання адмысловага акту, які можа стаць прычынай для звальнення з працы. Нягледзячы на тое, што ў акце былі ўказаны і іншыя вінаватыя супрацоўнікі музея, дырэктар пачала пагражаць звальненнем толькі мне».

Дадатак да пастановы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь 2001/12/29 N 25 — становішча на 2014 год
Кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад служачых культурна-асветных устаноў.
Службовыя абавязкі наглядчыка музея:
Забяспечвае захаванасць экспанатаў у даручанай яму экспазіцыі ад пашкоджання i крадзяжу. Прымае і здае па вопісу па заканчэнні працы даручаную яму экспазіцыю дзяжурнаму супрацоўніку. Сочыць за чысцінёй замацаваных за ім залаў. Назірае за тым, каб наведвальнікі не парушалі правілы паводзін у музеі і рэжым працы.
Павінен ведаць: правілы паводзінаў наведвальнікаў у музеі; рэжым работы музея; правілы захоўвання экспанатаў; правілы і нормы аховы і пажарнай бяспекі.


Атрымаўшы паведамленне аб непрацягненні кантракту, Жанна Юрчэня звярнулася да дырэктара музея Н. Серык з просьбай захаваць працу, бо інакш яна апынецца ў цяжкім фінансавым становішчы. Аднак у канцы сакавіка была звольнена. Каб застацца на працы, звярталася за дапамогай у райкам дзяржаўнага прафсаюза, амаль ва ўсе ўладныя кабінеты. Была на прыёме і ў намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі і сацыяльнай працы Л. Дабравольскай, старшыні Слуцкага райвыканкама А. Янчэўскага. Ніхто не дапамог, усе спасылаюцца на тое, што «райсполком не вправе указывать нанимателю на необходимость продления (непродления) трудового договора (контракта) с работниками».

Дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея адмовілася каментаваць сітуацыю, але паказала подпіс Жанны Юрчэні на заяве аб звальненні па ўзаемнай згодзе бакоў.

Дырэктар Слуцкага краязнаўчага музея адмовілася каментаваць сітуацыю, але паказала подпіс Жанны Юрчэні на заяве аб звальненні па ўзаемнай згодзе бакоў.


— Па існуючаму заканадаўству аб кантрактах нібыта ўсё правільна, а як мне жыць далей? — задае пытанне Жанна Васільеўна.

Былая супрацоўніца музея патлумачыла, што паставіла подпіс на гэтым дакуменце пад ціскам адміністрацыі, калі не знайшла падтрымкі ў прафсаюзе і райвыканкаме:

— Дырэктар музея сцвярджала, што паколькі я ўсё роўна звольнена, такая фармулёўка для мяне будзе лепшая для далейшага працаўладкавання, — патлумачыла Жанна Васільеўна.


Аднак карэктная фармулёўка пакуль не вельмі дапамагае знайсці працу. Каб выжываць, жанчына згадзілася працаваць за 10 рублёў у дзень у прадпрымальніка, што гандлюе адзеннем — нават без афіцыйнага афармлення. Аднак вытрымала толькі 5 дзён.

— Рабочы дзень працягваецца 10 гадзін — з 8:00 да 18:00, увесь дзень на нагах, немагчыма нават прысесці. А ў выніку — толькі 10 рублёў, — распавядае жанчына. — Складваецца ўражанне, што прыватныя прадпрымальнікі добра ведаюць пра беспрацоўе ў Слуцку і гэтым карыстаюцца.

Сапраўды, Слуцк уваходзіць ў групу праблемных гарадоў па наяўнасці працы і яе нізкай аплаце. У тэрытарыяльным цэнтры занятасці вакансіі для такіх катэгорый працоўных, як Жанна Васільеўна, адсутнічаюць, а заробкі па існуючым вакансіям таксама невысокія, у інтэрвале 300-400 рублёў. Праца падсобнага рабочага ў будаўнічым трэсце ацэньваецца ў 315 рублёў, муляра ў ПМК — 226-400 рублёў.
Крыху болей зможа атрымаць галоўны бухгалтар у Слуцкай раённай ветэрынарнай станцыі — 450 рублёў, рабочы кухні ў дзіцячым садзе №5 задаволіцца заробкам у 350 рублёў. Тынкоўшчык-плітачнік зможа прэтэндаваць аж на 500 рублёў. Жанна Васільеўна пакуль не рэгістравалася ў цэнтры занятасці, бо баіцца абавязковых грамадскіх работ у выглядзе красавіцкага збору камянёў на сельскагаспадарчых палях. Такая праца супрацьпаказана ёй па стану здароўя.

Час ідзе, пужае не толькі галоднае існаванне, але і прывід «дарамаедства», за якое дзяржаве трэба будзе заплаціць канкрэтныя сур’ёзныя грошы.

— Хто не хоча стаць дармаедам, той і не стане, — запэўнівае Ларыса Лысова, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Слуцкага райвыканкама — Хай прыходзіць з усімі паперамі, будзем дапамагаць працаўладкоўвацца.

Хаця чыноўніца і не паабяцала нічога канкрэтнага, будзем спадзявацца, што працоўнае жыццё Жанны Юрчэні ў хуткім часе наладзіцца, і ёй будзе на што жыць і аплачваць крэдыты. Аднак відавочна, што новы дэкрэт аб «дармаедстве» яшчэ больш павысіць ціск на працоўных, якія знаходзяцца ў поўным падпарадкаванні перад наймальнікамі, паколькі звальненне пагражае дадатковымі вялізнымі тратамі на камунальныя паслугі.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць