Не абышлося без затрыманняў

Шэсць чалавек былі затрыманы 16 жніўня, у Дзень беларускай салідарнасці — да і пасля мірнае акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей, якая прайшла ўвечары ў панядзелак каля будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Шэсць чалавек былі затрыманы 16 жніўня, у Дзень беларускай салідарнасці — да і пасля мірнае акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей, якая прайшла ўвечары ў панядзелак каля будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Уздоўж праспекта Незалежнасці моўчкі сталі каля 150 чалавек з партрэтамі зніклых без вестак экс-віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га склікання і незаконна адстаўленага старшыні Цэнтрвыбаркаму Віктара Ганчара, былога міністра ўнутраных спраў генерала Юрыя Захаранкі, бізнесмена і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і аператара расійскага тэлеканалу РТР, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў Дзмітрыя Завадскага.

Яшчэ за некалькі гадзін да акцыі ў падваротнях і бліжэйшых да НАН РБ дварах можна было заўважыць аўтобусы з таніраванымі шыбамі, каля кінатэатра “Кастрычнік, у пераходзе ля станцыі метро “Акадэмія навук і на пляцоўцы перад будынкам галоўнай інтэлектуальнай установы краіны шпацыравалі бутузы ў цывільным з рацыямі і супрацоўнікі праваахоўных органаў у форме. Побач з “Кастрычнікам былі прыпаркаваны рэанімабіль і мікрааўтобус “хуткай дапамогі. Чакалі немаведама чаго.

Тых, хто з метрапалітэнаўскага пераходу кіраваўся на абвешчанае арганізатарамі месца збору, літаральна пералічвалі кароткафрызураваныя юнакі з рацыямі і не хаваючыся дакладалі інфармацыю “вышэй.

У 18.00 уздоўж галоўнага праспекта сталіцы сталі дзесяткі людзей, якія трымалі партрэты зніклых. Сярод тых, хто такім чынам вырашыў нагадаць беларускай і міжнароднай супольнасці пра праблему гвалтоўных выкраданняў, былі як простыя людзі, такі і вядомыя асобы — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, лідэры грамадзянскіх кампаній “Еўрапейская Беларусь Андрэй Саннікаў і “Гавары праўду! паэт Уладзімір Някляеў, старшыня юрыдычнай камісіі РПГА “Беларускі Хельсінскі камітэт Гары Паганяйла, іншыя праваабаронцы, палітыкі і грамадскія дзеячы.

Увесь час, пакуль людзі стаялі з партрэтамі, супрацоўнікі праваахоўных органаў праз мегафоны папярэджвалі, што акцыя не дазволеная Мінгарвыканкамам, і калі грамадзяне не разыдуцца, то будуць прыцягнуты да адказнасці. У выніку, ужо пасля завяршэння мерапрыемства, міліцыянты з выкарыстаннем сілы затрымалі актывістаў “Еўрапейскае Беларусі Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча, у пастарунку апынуліся яшчэ трое маладзёнаў, пазней стала вядома, што яшчэ да пачатку акцыі быў “нейтралізаваны моладзевы актывіст Антон Койпіш. Потым усіх адпусцілі нават без складання пратаколаў аб затрыманні. Навошта было гарод гарадзіць, тым больш што за падзеямі з супрацьлеглага боку праспекта назіралі замежныя дыпламаты?

Каментаваць