Не катастрофа, але пагроза

Беларускую мову лічаць роднай 53 працэнты жыхароў краіны. Такую лічбу агучыў Нацыянальны статыстычны камітэт, які падвёў вынікі перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2009 года.



Беларускую мову лічаць роднай 53 працэнты жыхароў краіны. Такую лічбу агучыў Нацыянальны статыстычны камітэт, які падвёў вынікі перапісу насельніцтва ў кастрычніку 2009 года.

“Асноўнай мовай, якую выкарыстоўваюць для зносінаў, з’яўляецца руская мова, — паведаміла на прэс-канферэнцыі 8 верасня намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кухарэвіч. — На ёй звычайна размаўляе дома 6 мільёнаў 673 тысячы чалавек (70 працэнтаў насельніцтва краіны). Беларускую мову выкарыстоўваюць для зносінаў 2 мільёна 227 тысяч чалавек (ці 23 працэнта насельніцтва краіны).

Нагадаем, што падчас перапісу 1999 года беларускую мову назвалі роднай 73,7 працэнта беларусаў.

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што галоўную адмоўную ролю адыгралі дзве прычыны. “Не трэба забываць, што ў нас дэмаграфічная трагедыя, — адзначыў ён. — За 10 гадоў паглядзіце, наколькі менш людзей стала. І ў першую чаргу вымерлі тыя дзяды, якія гаварылі па-беларуску. А самае галоўнае — 10 год татальнай русіфікацыі.

Да таго ж, нагадваюць крытыкі, яшчэ напярэдадні перапісу яны ўказвалі на “некарэктнасць фармулёўкі пытання пра родную мову. Бо ў перапісных лістах у дужках ішла расшыфроўка гэтага паняцця — “мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве. То бок, калі зараз чалавек размаўляе выключна па-беларуску, а ў дзяцінстве не размаўляў, ён не можа назваць беларускую мову роднай.

“Я думаю, што гэта таксама было не на нашу карысць, — лічыць Алег Трусаў. — Як і тое, што перапісчыкі задавалі пытанні ў асноўным па-руску. І хаця сітуацыя не катастрафічная, але пагражальная. Калі ўлічваць поўную непавагу да мовы з боку кіруючых чыноўнікаў, татальную русіфікацыю сродкаў масавай інфармацыі, асабліва тэлевізіі, то вынікі адносна някепскія.

Прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта таксама адзначылі, што па дадзеных перапісу–2009 на тэрыторыі Беларусі пражывала каля 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў. Амаль 84 працэнта жыхароў краіны аднеслі сябе да карэннай нацыянальнасці — беларусаў, 8 — да рускіх, 3 працэнта — да палякаў, каля двух працэнтаў — да ўкраінцаў і 0,1 працэнта — да яўрэяў. Гэта пяць найбольш шматлікіх нацыянальных групаў.

Колькасць насельніцтва ў Беларусі падчас правядзення перапісной кампаніі склала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. 0,3 працэнта беларусаў (28 тысяч чалавек) катэгарычна адмовіліся прайсці перапіс насельніцтва.
 

Каментаваць