Не мясам адзіным

Адсутнасць валюты ў абменніках, мяса — у крамах… Праблема імкліва перацякае з маральнай у матэрыяльную.

Адсутнасць валюты ў абменніках, мяса — у крамах… Праблема імкліва перацякае з маральнай у матэрыяльную.

Усе ведаюць, дзе ў выпадку пільнай патрэбы набыць замежныя банкноты і чым замяніць свежую ялавічыну ў сваім рацыёне. Тым больш, што мясная выразка не такі і рэдкі тавар: пяцьдзесят-шэсьдзесят тысяч, экскурсія па некалькіх крамах — і жаданы дэфіцытны прадукт у вас на руках. Але сам факт таго, што традыцыйная для свядомасці і стала прадукцыя ёсць аб’ектам здабычы, а не толькі таварна-грашовых адносінаў, уносіць істотныя карэктывы ў погляды на айчынную эканоміку і яе кіраўнікоў. А яны абяцаюць разруліць праблему цягам некалькіх тыдняў, хаця на практыцы атрымліваецца, як у казцы, — чым далей, тым больш страху.

Кошты ўзлятаюць з кожным днём усё вышэй. Не набыў учора — сёння заплаці больш. Менавіта ў такой звязцы найперш і адчуваецца валютны дэфіцыт. У дні заробку ў сталічных супермаркетах вялікія чэргі — рублі таропка канвертуюць у тавары. Зялёныя ды рознакаляровыя наяўныя паперкі капіталістычных краін шараговаму беларусу не надта патрэбныя — за мяжу ездзіць невялікі працэнт беларусаў, а крамы цяпер ужо з мэтай «купляць беларускае» наведваюць штодня ўсе.

Вясновы ажыятажны попыт на алей і цукар цяпер выглядае дзіцячай забаўкай. Мясакамбінаты не проста падвышаюць кошты, на што дае зялёнае святло Мінэканомікі, але і шукаюць рэнтабельныя рынкі збыту за мяжой. У выніку невялікія крамы прапануюць сваім наведвальнікам лычы і капыты ў прамым сэнсе. Да слова, ад 24 жніўня на 10 працэнтаў павышаныя адпускныя цэны на свініну. Гэта прадугледжана пастановай Мінэканомікі ад 22 жніўня № 135. Лімітаваная максімальная адпускная цана на свініну патушную першай і другой катэгорый складзе 13 225 рублёў за 1 кілаграм (раней — 12 023), трэцяй катэгорыі — 12 348 рублёў за 1 кілаграм (раней — 11 225). Папярэдні раз гранічныя адпускныя цэны на свініну павышаліся 8 жніўня на 5 працэнтаў. Відавочна, гэтае падвышэнне далёка не апошняе.

Спадзявацца, што кошты на прадукты харчавання будуць трымацца на месцы, — наіўна. У любой гаспадарцы, дзе вырошчваюць скаціну, можна даведацца пра замежнае паходжанне камбікармоў і харчовых дабавак. І ў такой праекцыі можна чакаць ці абсалютнай забароны імпарту мяса — атрымаем банкруцтва прадпрыемстваў, ці прымусовай пастаўкі на ўнутраны рынак — але цэннік па колькасці лічбаў хутка будзе нагадваць нумар тэлефона.

Пакуль жа рэгуляваныя спажывецкія кошты на мяса для вытворцаў стратныя. На свініне губляецца каля васьмі працэнтаў рэнтабельнасці, на ялавічыне — дваццаць. Як паралель можна было б прывесці Украіну: адтуль у Расію і Беларусь экспартуецца процьма тавараў — ад цукерак да алею. Але паўднёвыя суседзі зусім не скардзяцца на голыя паліцы ў крамах. То бок праблема не ў хцівых вытворцах мяса, якіх толькі і думаюць, як бы падсадзіць свайго спажыўца на вегетарыянскую дыету ды сарваць банк за мяжой.

І калі па мясу пакуль кіраўніцтва дзяржавы радыкальных захадаў не рабіла, то валютная гісторыя рэгулярна папаўняецца новымі рашэннямі. Апошняе мае шанцы заняць ганаровае месца ў рэйтынгу ідэй, якія дэмаралізуюць беларусаў. Нацыянальны банк Беларусі прапанаваў шэрагу буйных беларускіх банкаў пашырыць свае магчымасці ў набыцці ў грамадзян наяўнай замежнай валюты для яе далейшага продажу на сацыяльна значныя мэты. Адпаведны ліст Нацыянальнага банка накіраваны ў крэдытна-фінансавыя ўстановы. Ім рэкамендавана разгледзець пытанне аб ажыццяўленні іх асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, размешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях.

Набытую замежную валюту банк мусіць накіроўваць на продаж насельніцтву для аплаты сацыяльна значных патрэб (лячэнне за мяжой, пражыванне і навучанне студэнтаў за мяжой, выезд за межы рэспублікі ў сувязі з хваробай або смерцю сваякоў ды інш. Бывайце, адпачынкі за валюту, набытую па чорным курсе. Бывайце, пастаўшчыкі-імпарцёры. Домік на вёсцы і кухонны камбайн «Белвар» — наш адказ.

Каб атрымаць дазвол на правядзенне такіх аперацый, банку варта звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне валютнага рэгулявання і валютнага кантролю Нацыянальнага банка за адпаведным дазволам.

Два месяцы таму прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абяцаў: «Усе пытанні ў эканамічным жыцці Беларусі цягам бліжэйшага месяца, максімум двух, будуць вырашаныя. Гэта тычыцца валютнага рынка». У ліпені было абвешчана, што Савет міністраў і Нацбанк Беларусі збіраюцца прыняць меры, каб мець поўны кантроль над валютай у краіне. Прынялі. Цяпер, як жартуюць беларусы, засталося толькі ўвесці абавязковую здачу валюты насельніцтвам па аналогіі з тым, як некалі прымушалі здаваць металалом. І ўвесці прадразвёрстку — гэта адразу закрые дэфіцытныя дзіркі ў сховішчах дзяржавы.
 

Каментаваць