Не новы год

Насуперак усялякім заклікам кіраўніка краіны аб тым, што Беларусь у 2012 годзе чакаюць лепшыя часы (прынамсі, лепшыя за 2011 год), такія аптымістычныя прагнозы не спраўджваюцца. Беларусь увайшла ў новы год са старымі праблемамі. І са старымі прагнозамі, у якія ніхто не верыць.



Насуперак усялякім заклікам кіраўніка краіны аб тым, што Беларусь у 2012 годзе чакаюць лепшыя часы (прынамсі, лепшыя за 2011 год), такія аптымістычныя прагнозы не спраўджваюцца. Беларусь увайшла ў новы год са старымі праблемамі. І са старымі прагнозамі, у якія ніхто не верыць.

Найперш, свята Аляксандру Лукашэнку папсаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Нягледзячы на Новы год і Каляды, у Абамы не было выходных. Ужо 3 студзеня Абама зацвердзіў Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі. Гэты закон працягвае тэрмін дзеяння Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, прынятага ў 2004 годзе, а таксама шэраг змяненняў у дакумент, паведамляе прэс-служба Белага дома.

Аўтарам законапраекта з’яўляецца кангрэсмен ад Рэспубліканскай партыі Крыс Сміт. Як паведамляецца на яго сайце, дакумент накіраваны на “падтрымку людзей, якія змагаюцца за асноўныя правы супраць Аляксандра Лукашэнкі — чалавека, якога часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы.

Цяперашні Акт аб дэмакратыі пашырае спіс беларускіх чыноўнікаў, да якіх могуць быць ужытыя “візавыя і фінансавыя санкцыі. У іх лік, у прыватнасці, уключаны асобы, якія 19 снежня 2010 года ўдзельнічалі ў гвалтоўным падаўленні лідараў апазіцыі, журналістаў і мірных дэманстрантаў, не згодных з вынікамі апошніх прэзідэнцкіх выбараў.

Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі правесці “новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ.

ЗША таксама заклікаюць Міжнародную федэрацыю хакею з шайбай адмяніць рашэнне аб правядзенні ў Мінску чэмпіянату свету 2014 года — “буйнога спартыўнага мерапрыемства, якое беларускі ўрад плануе выкарыстоўваць для легітымацыі свайго несправядлівага праўлення, гэтак жа, як Камуністычная партыя Кітая выкарыстоўвала Алімпіяду–2008, адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце Крыса Сміта.

Варта адзначыць, што Акт у такой рэдакцыі — сур’ёзная “заява на перамогу. Асабліва ў адносінах да Чэмпіянату свету па хакеі. Калі на чэмпіянат, нават калі ён і адбудзецца ў Беларусі, не прыедуць зборныя Чэхіі, Канады, ЗША, Фінляндыі, Швецыі і іншых краінаў, то паўторыцца сітуацыя з Алімпіядай–1980 у Маскве. Тады, нагадаю, большасць заходніх краін байкатавала Алімпіяду з нагоды ўвядзення савецкіх войскаў у Афганістан.

Але ж у СССР тады быў блок з сацыялістычных краін, і Алімпіяда хаця б звонку выглядала прыстойна. А ў Беларусі такога свайго блоку няма. І таму Лукашэнку зноў давядзецца гуляць сам-насам з сабою. Ну, хіба што са зборнай Казахстана ці з трэцім складам зборнай Расіі.

І яшчэ адзін момант. Менавіта з разліку на чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску будуюцца гатэлі рознай ступені “зоркавасці. Калі не прыедуць асноўныя фігуранты хакейнага турніру, то не прыедуць і шматлікія чаканыя інтурысты — аматары хакею. Колькі краіна страціць інвестыцый і ўкладзеных у будоўлю грошай? Што будзе далей з гэтымі гатэлямі? Ці апраўдае сябе гэтае “тэрміновае будаўніцтва? Між іншым, яшчэ і за кошт забудовы гістарычнага цэнтра Мінска.

От падкінулі Штаты задачку беларускім уладам!

Але беларускія чыноўнікі не губляюць аптымізму. На тыдні зноў абнадзеілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Рэальная заработная плата ў 2012 годзе ў параўнанні з мінулым годам узрасце на 4,2%, заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак 4 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле ацэнкі спецыялістаў, паведаміў ён, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў 2012 годзе ў цэлым па Беларусі ўзрасце не менш чым на 65%, у бюджэтнай сферы — не менш чым на 49,5%.

У 2012 годзе плануецца таксама пашырыць практыку ўкаранення суб’ектамі гаспадарання новых гнуткіх форм і сістэм аплаты працы. Гэта будзе спрыяць стварэнню ўмоў для павышэння заработнай платы работнікам у прамой залежнасці ад эфектыўнасці вытворчасці, якасці і прадукцыйнасці працы, заявіў Румак. Паводле яго слоў, сярод задач у галіне аплаты працы — узмацненне ролі мінімальнай заработнай платы як дзяржаўнай мінімальнай сацыяльнай гарантыі ў галіне аплаты працы.

Як сцвярджае намеснік міністра, рэальная зарплата ў 2011 годзе ў Беларусі не паменшылася. Са студзеня па лістапад яна вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года на 3%.

Ну канешне... Можна нават адгукнуцца з’едлівымі авацыямі. Рэальная зарплата вырасла на 3%, а інфляцыя склала больш за 100%. Хто ж вам паверыць, спадарства?

Сумная навіна для прадпрымальнікаў і апазіцыянераў. У Беларусі базавая велічыня з 1 красавіка 2012 года складзе 100 тысяч беларускіх рублёў. Цяпер базавая велічыня складае 35 тысяч рублёў.

Базавая велічыня ў Беларусі з’яўляецца ўніверсальнай меркай для рознага роду плацяжоў. Да базавай велічыні прывязаныя і памеры сацыяльных выплат, напрыклад, дапамог і стыпендый, і рознага роду штрафы, а таксама стаўкі дзяржаўнай пошліны і арэнднай платы.

А вось пасольства Польшчы якраз атрымала калядны падарунак. У найбліжэйшыя паўгода пасольства Польшчы ў Беларусі будзе працаваць на ранейшым месцы па адрасе Румянцава, 6. Як паведаміў прэс-сакратар польскай дыпмісіі Павел Марчук, дагавор арэнды будынка, які заканчваўся 31 студзеня, прадоўжаны яшчэ на паўгода.

“Потым мы будзем працаваць на вуліцы Бядулі, там у бізнэс-цэнтры будзем арандаваць офіс, — расказаў Марчук. — Цяпер мы афармляем дазвол на пераезд у новы офіс, які будзем займаць да таго моманту, як пабудуем уласны будынак.

На прэс-канферэнцыі ў Мінску 22 снежня пасол Польшчы Лешак Шарэпка заяўляў, што яшчэ не ведае, дзе будзе працаваць пасольства з 1 студзеня. На той момант, паводле яго слоў, польскі бок яшчэ не атрымаў адказу ад “Дыпсэрвіса (прадпрыемства Кіраўніцтва справамі прэзідэнта). “Сітуацыя складаная, але не безнадзейная, — сказаў пасол. — Мы ўжо атрымалі ад МЗС Беларусі дазвол, каб памяняць юрыдычны адрас. На гэтым тыдні падпішам папярэдні дагавор з уласнікам новага будынка, потым — дадатковыя перамовы па ўмовах. На ўсё гэта патрэбны час. Спадзяюся, што беларускі бок разумее, што не толькі мы вінаватыя ў гэтай сітуацыі, і будзе дзейнічаць у адпаведнасці з дыпламатычнымі пагадненнямі.

Спадзяванні пакуль што спраўдзіліся. Будзем чакаць.

Каментаваць