Не ў рэйтынгу справа

У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна ўвайсці ў першую трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці. Аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) лічаць, што Беларусь ужо да 2012 года мае шанцы патрапіць у другі дзесятак краін рэйтынгу, і нават не змяняючы асноў эканамічнай палітыкі.



У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь павінна ўвайсці ў першую трыццатку краін з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для прадпрымальніцкай дзейнасці. Аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) лічаць, што Беларусь ужо да 2012 года мае шанцы патрапіць у другі дзесятак краін рэйтынгу, і нават не змяняючы асноў эканамічнай палітыкі.

«Гэту задачу перад урадам я ўжо стаўлю не першы год. Трэба прызнаць, што на шляху лібералізацыі ўмоў гаспадарчай дзейнасці мы дамагліся пэўных поспехаў. Большасць рашэнняў у гэтай сферы прымаецца пасля адпаведных кансультацый з прадпрымальніцкай супольнасцю. У выніку Беларусь уключаная ў дзесятку краін, якія найбольш актыўна праводзяць рэформы», — з задавальненнем канстатаваў беларускі лідэр. Рэйтынгавая мэта з’явілася яшчэ ў 2008 годзе. За гэты час было прынята 80 нарматыўных актаў, што прывяло да абмежаванай лібералізацыі інвестыцыйнага клімату і насамрэч пасунула пазіцыю дзяржавы ў рэйтынгу Doing Business Report Сусветнага банка на 24 пункты — да 58-га месца.

Першая хваля лібералізацыі ўмоў бізнесу ў 2007–2008 гадах стала магчымай шмат у чым дзякуючы супрацоўніцтву ўрада Беларусі з Сусветным банкам і Міжнароднай фінансавай карпарацыяй, якая кансультавала кіраўніцтва дзяржавы па пытаннях спрашчэння працэдур рэгістрацыі прадпрыемстваў і стварэнні стартавых умоў для вядзення бізнесу. Далейшы пад’ём Беларусі ў рэйтынгу бізнес-клімату патрабуе рэформ у сферах крэдытавання, падаткаабкладанні, абароны інвестараў і ўмоў вядзення знешняга гандлю. Аналітычны даклад эксперты BISS называюць своеасаблівай «шпаргалкай» беларускаму ўраду па «накачванню» рэйтынга, і падкрэсліваюць, што ён хутчэй арыентаваны на метадалогію Сусветнага банка, чым на рэальныя патрэбы беларускай эканомікі.

У падатковай палітыцы эксперты прапануюць спрасціць і стабілізаваць заканадаўства, знізіць сацыяльныя падаткі і адлічэнні, пашырыць практыку электроннага дэкларавання. У міжнародным гандлі — прызнаць у Беларусі дакументы, выдадзеныя прызнанымі органамі сертыфікацыі іншых краін, спрасціць правілы, якія пацвярджаюць перамяшчэнне тавараў, адмяніць ці спрасціць статыстычнае дэклараванне, а таксама адмяніць валютны кантроль банкамі. Таксама робіцца акцэнт на неабходнасці стварыць рыначныя і дзяржаўныя інстытуты, якія спрашчаюць доступ суб’ектаў гаспадарання да крэдытаў, развіваць канкурэнцыю на рынку банкаўскіх паслуг.

BISS адзначае неадназначнасць некаторых аспектаў метадалогіі, што выкарыстоўваецца ў Doing Business Report. Гэта дазваляе ўраду Беларусі паспяхова карыстацца наяўнымі нішамі і ажыццявіць «фасадную надстройку эканамічных інстытутаў пад чаканні знешніх гульцоў». Пераадоленне глыбінных фактараў, якія тармозяць стварэнне ў Беларусі сапраўды свабоднай рынкавай эканомікі, запатрабуе фундаментальных рэформ і перагляду ўсяго комплексу падыходаў дзяржавы да кіравання эканомікай і адносінам з прыватным бізнесам.

«Аднак у тым, што адбываецца, мы бачым нейкі эвалюцыйны патэнцыял. Палавінчатыя рэформы, якія здзяйсняюцца ў іміджавых мэтах, могуць мець станоўчы эфект для краіны ў цэлым. Гэта — пэўная эвалюцыя эканамічнай палітыкі, мадэрнізацыя мыслення кіруючай эліты краіны і паслабленне антырынкавай рыторыкі стэрэатыпаў у беларускім грамадстве, — адзначае аналітык BISS, кіраўнік аўтарскага калектыву дакладу Аляксей Пікулік. — Рэйтынг Doing Business Report можа быць скарэляваны і выкарыстоўвацца іншымі рэйтынгамі і інвестыцыйнымі агенцтвамі, што ў некаторай ступені ўплывае на прывабнасць для інвестараў. Таму, «накачаўшы» рэйтынг, можна чакаць пэўную станоўчую дынаміку ў прыцягненні ў краіну інвестыцый».

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычнаму комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Сяргей Сямашка запэўнівае, што ў парламенце да рэйтынга няма асаблівай прыязнасці. «У нас няма такога глыбока «пакланення» рэйтынгу. Так, Міністэрства эканомікі і Савет міністраў займаюцца пытаннямі паляпшэння рэйтынгу, і сёння кіраўнік Беларусі зноў паставіў перад урадам задачу ўвайсці ў «трыццатку». Але ў нас ідзе нармальны заканатворчы працэс. Ёсць там пункты, датычныя рэйтынгу, але не так гладка яны праходзяць і не ўсё, што было прапанавана па паляпшэнні рэйтынгу будзе ўключанае.

Разам з тым пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў зазначыў, што Сусветны банк распаўсюдзіў заяву, паводле якой рэйтынг краіны не мусіць адбівацца на рэсурсах, якія яна атрымлівае, хаця і не выключае факту таго, што высокае месца ў рэйтынгу спрыяе інвестыцыйнаму працэсу.

«Любая станоўчая інфармацыя ўспрымаецца добра. Інвестары, якія раней прыглядваліся да Беларусі, цяпер ведаюць, што тут невысокі ўзровень карупцыі ў дзяржорганах, ёсць рынак кваліфікаванай рабочай сілы, развітая інфраструктура... Але інвестары кіруюцца як рацыянальнымі, так і ірацыянальнымі крытэрамі ў сваіх рашэннях. Таму нават калі Беларусь патрапіць у дзесятку Doing Business Report, гэта не будзе роўна эластычнасці інвестыцыйнай прывабнасці, умоўна кажучы, дзесятае месца не азначае аўтаматычнае павелічэнне колькасці інвестараў у дзесяць разоў. Мусіць быць сукупнасць фактараў», — падкрэслівае прадстаўнік Сусветнага банка.

Каментаваць