Не скарыць, не стрымаць, не спыніць!

На гэтым тыдні Беларусь чакае візіт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. З гэтай нагоды МУС старанна трэніруецца шукаць і абясшкоджваць тэрарыстаў. Свой галаўны боль — юных, смелых і незадаволеных — ужо ізалявалі з адвагай і доблесцю.

На гэтым тыдні Беларусь чакае візіт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. З гэтай нагоды МУС старанна трэніруецца шукаць і абясшкоджваць тэрарыстаў. Свой галаўны боль — юных, смелых і незадаволеных — ужо ізалявалі з адвагай і доблесцю.

Афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў статусе прэзідэнта ў Беларусь абмяркоўваецца ўжо два тыдні. Палітыкі-аналітыкі агучваюць свае прагнозы, перасцярогі і спадзяванні. МУС Беларусі таксама не спіць у шапку — ідуць вучэнні па пошуку ўяўных тэрарыстаў, што могуць замахнуцца на вяльможную асобу. Органы «бдят», і сваёй пільнай увагай, калі меркаваць па зробленых захадах, «уганаравалі» асобаў не драбнейшага маштабу.

Актывістаў зарэгістраванай у Чэхіі моладзевай арганізацыі «Малады фронт» адправілі на «суткі» арышту, фактычна не выпускаючы з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Уладзімір Яроменка, Зміцер Крэмянецкі, Раман Васільеў фактычна сталіся закладнікамі візіту высокага госця.

«Па заканчэнні тэрміну, маладафронтаўцы нават не выйшлі самастойна за сцены ізалятару — іх адразу прывезлі ў суд і далі новыя «суткі». Па пратаколах, з бюракратычнага боку, усё выглядае законна, хоць і дзіўна: вызваліўся, выйшаў з ЦІП не заўважаны паплечнікамі, якія стаялі ля дзвярэй, паехаў у Малінаўку, мацюгнуўся — і зноў на Акрэсціна ў ізалятары. Дужа прыкра, калі дзяжурныя з ЦІП і РАУС на пытанні родных і сяброў затрыманых халодным голасам адказваюць: «освободился по времени». На пытанне, ці бачылі яго на выхадзе, кожны дзяжурны дае даслоўна такі ж самы адказ, некаторыя, праўда, апускаюць вочы долу», — распаўсюдзіла інфармацыю прэс-служба «Маладога фронту».

Маладых людзей вінавацяць у брыдкаслоўі, адпраўляюць на суткі арышту. Як распавялі затрыманыя праз адваката, супрацоўнікі КДБ падчас допытаў у цэнтры ізаляцыі адкрытым тэкстам паведамілі маладафронтаўцам: «Будзеце сядзець, пакуль не з’едзе Пуцін!». Акурат як у 1980 годзе, калі ў Маскве праводзілі Алімпіяду. Тады за 101-ы кіламетр ад Масквы выселілі ўсіх, хто мог папсаваць лоск СССР — дысідэнтаў, прастытутак, бамжоў. Цікава, чаму ў беларускім варыянце ўлады спыніліся на першым пункце? Відаць, для іміджу нашай краіны як найлепшага саюзніка Расіі найбольш страшныя людзі, што гавораць па-беларуску ды ладзяць акцыі пад нацыянальнымі сцягамі.

Актывіст «Маладога фронту» Іван Шыла ў сваім блогу піша: «Мне ўжо цяжка падлічыць, колькі за апошнія паўгады адсядзелі мае паплечнікі з «Маладога фронту» Паша Вінаградаў і Наста Шулейка. І справа не ў тым, што яны часта трапляюць у спецпрыёмнікі, а ў апошніх тэндэнцыях, калі пасля «сутак» людзі адтуль проста не выхо­дзяць, а застаюцца на новы тэрмін. Відаць, улады замест крымінальных справаў цяпер будуць выкарыстоўваць «бясконцыя суткі». Яно і зразумела: успрыняцце арыштаў нівеляванае, пра гэта не пішуць, на гэта не рэагуюць, актывістаў сустракаюць толькі блізкія сябры. І такія вось адвольныя арышты — вельмі небяспечная тэндэнцыя».

Гаворачы пра нівеляванасць, Іван Шыла мае рацыю, у апазіцыйным асяродку ніхто не выступіў з заявамі ці нейкімі публічнымі акцыямі ў падтрымку маладафронтаўцаў, якія, па сутнасці, ёсць паплечнікамі тых, хто пнецца прабіцца ў вялікую палітыку. Толькі ў такім разе, можа, варта было гаварыць больш канкрэтна — пра абыякавасць, напрыклад...

Такім чынам Уладзімір Пуцін, якога свет прызнае жорсткім, аўтарытарным кіраўніком, едзе да свайго калегі. І калега належным чынам яго сустракае. На гэтым тыдні Васіль Парфянкоў, актывіст штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, быў прызнаны вінаватым у парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду і асуджаны да шасці месяцаў арышту. Адбываць пакаранне актывіст мусіць у арыштным доме, умовы ўтрымання ў якім больш мяккія ў параўнанні з калоніяй. 27-гадовы Парфянкоў — першы асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, піша БелаПАН.

Летась Парфянкова прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Асуджаны адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі. 11 жніўня 2011 Васіль Парфянкоў быў памілаваны ўказам Лукашэнкі. Такая схема чаўночнага бегу паміж статусамі «палітвязень» і «экс-палітвязень». Праваабаронцы лічаць крымінальны пераслед Парфянкова «выключна палітычна матываваным, звязаным з імкненнем уладаў спыніць яго актыўнасць, а таксама з жаданнем запалохаць іншых палітычных і грамадскіх актывістаў напярэдадні парламенцкіх выбараў».

Але гэтых мужных маладых змагароў не скарыць, не стрымаць і не спыніць. Выступаючы з апошнім словам, Васіль Парфянкоў заявіў: «Якім бы ні было рашэнне суда, я выйду з гэтай залі свабодным чалавекам».

На сустрэчы з Пуціным Лукашэнка не будзе гаварыць пра свабоды і правы. Для Беларускага кіраўніка актуальныя не людзі, а грошы, крэдыты, нафта, газ ды іншыя даброты, што падаўжаюць жыццё рэжымам.
 

Каментаваць