Не слухай бацьку!

Наш народ любіць святкаваць і ўмее гэта рабіць. Але, як не дзіўна, тры дні «свята жанчын» ніяк не паўплывалі на больш працоўны настрой нашага грамадства. Няўжо мы і працаваць любім і ўмеем больш, чым святкаваць?

Наш народ любіць святкаваць і ўмее гэта рабіць. Але, як не дзіўна, тры дні «свята жанчын» ніяк не паўплывалі на больш працоўны настрой нашага грамадства. Няўжо мы і працаваць любім і ўмеем больш, чым святкаваць?

Напачатку дзіўнае дзіва. Сябры нацыянал-бальшавіцкага руху Беларусі не знайшлі іншага часу, апроч 7 сакавіка, каб паведаміць грамадству пра свой сыход у апазіцыю да Аляксандра Лукашэнкі. Яны падтрымлівалі яго ад 1994 года — з тых часоў, калі Аляксандр Рыгоравіч стаў прэзідэнтам. 16 гадоў ім спатрэбілася для таго, каб расчаравацца ў палітыцы беларускага правадыра.

У прыватнасці, як адзначыў адзін з лідэраў нацболаў Яўген Контыш, раней актывісты руху глядзелі на сітуацыю ў Беларусі «з сумненнем, але з надзеяй на паляпшэнне». І патлумачыў: «Мы думалі, што крытыка злева будзе ўлічана дзейнай уладай. Аднак нам чатыры разы адмаўлялі ў рэгістрацыі, нам не давалі праводзіць акцыі. Зараз улада Беларусі выказвае нерашучасць у пытаннях прызнання незалежнасці Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўя. І саюз Беларусі і Расіі пераўтварыўся ў папулізм».

Дый самі нацболы, паводле лідэраў, доўга трывалі. Практычна кожны другі актывіст зведаў вобшук ці асабісты дагляд. Нацболы пазнаёміліся з цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Некаторыя былі прыгавораныя да штрафаў за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Улічваючы ўсе гэтыя факты, беларускія нацыянал-бальшавікі прынялі рашэнне пайсці ў апазіцыю. «Нас не задавальняе міліцэйскае бязладдзе, нас не задавальняе тое, што адбываецца ў краіне, нас не задавальняе, што будуецца не «дзяржава для народа», а дзяржава для чыноўнікаў. І мы будзем дзейнічаць ад імя грамадзян Беларусі», — заявіў Контыш.

Прычым гэта — не вельмі прыемная навіна і для ўлады. Як было паведамлена, прыярытэтам для актывістаў НБП застануцца вулічныя акцыі і радыкальныя акцыі «прамога дзеяння». «У апазіцыі няма будучыні, калі яна не будзе радыкальнай. Улады ж дзейнічаюць радыкальна, і ім можна супрацьпаставіць толькі радыкалізм», — падкрэсліў Контыш.

Наколькі сур’ёзны гэты радыкалізм, мы паглядзім. Але ж сам факт сыходу ў апазіцыю тых, каго шмат гадоў лічылі «ценявой баявой структурай» беларускай улады, кажа шмат пра што. Нават ім надакучыла спяваць «Слухай бацьку!», калі, па іх меркаванні, сам бацька іх не слухае. Дарэчы, заява пра сыход у апазіцыю так і называецца: «Да пабачэння, бацька!».

Самога Аляксандра Рыгоравіча гэты пасаж, я думаю, не вельмі закране. Хутчэй, больш яго засмучаюць паразы на дыпламатычным фронце.

Яшчэ не сцерлася з памяці, як Лукашэнка «спазніўся» на інаўгурацыю новага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Калі спікер Вярхоўнай рады Уладзімер Літвін абвясціў, што сярод прысутных прэзідэнтаў ёсць Лукашэнка, таго ў зале не было, — камеры паказалі пустое месца. Лукашэнка прыехаў крыху пазней, і ціха сеў у куточку. Злыя языкі кажуць, што гэтае «спазненне» было запланавана, каб пазбегнуць скандалу паміж беларускім правадыром і іншымі ўдзельнікамі інаўгурацыі. Сярод якіх былі прадстаўнікі Еўрасаюза і Польшчы. Якраз тады ў Беларусі ўзмацніўся скандал наконт Саюза палякаў на Беларусі.

Зараз амаль такім жа чынам дзейнічала Літва. Запрашэнне А. Лукашэнку ўзяць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 20-й гадавіны аднаўлення незалежнасці Літвы, што адбылася 11 сакавіка ў Вільні, было накіравана ад імя канцылярыі прэзідэнта Літвы. Але яшчэ раней за навіну пра гэта запрашэнне была распаўсюджаная іншая інфармацыя. Пра тое, што Сейм Літвы запрасіў на святкаванне першага кіраўніка незалежнай Беларусі, былога старшыню Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча.

Зразумела, што ў такім выпадку ў святочных мерапрыемствах павінен удзельнічаць толькі адзін: або Шушкевіч, або Лукашэнка, бо ў іх, мякка кажучы, узаемная алергія. А паколькі запрашэнне Шушкевічу прыйшло раней, і ён пагадзіўся яго прыняць, то Аляксандру Лукашэнку ніякіх шанцаў не заставалася. Афіцыйную беларускую дэлегацыю ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Віктар Бура.

У пасланні ў адказ Лукашэнка «выказаў шчырую падзяку» літоўскаму калегу за запрашэнне і адзначыў высокі патэнцыял далейшага развіцця палітычных, эканамічных і культурных сувязей у інтарэсах беларускага і літоўскага народаў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта. «Падкрэсліўшы важнасць умацавання дыялогу на вышэйшым дзяржаўным узроўні, прэзідэнт Беларусі пацвердзіў запрашэнне кіраўніку літоўскай дзяржавы наведаць Рэспубліку Беларусь з візітам», — гаворыцца ў паведамленні.

Заўважым, што, паводле паведамлення прэс-службы прэзідэнта, у па­дзяках Лукашэнкі на запрашэнне няма віншавальных слоў з нагоды юбілею аднаўлення Літвой незалежнасці. І гэта таксама сімптаматычна.

Але навошта беларускаму правадыру ехаць на нейкія святкаванні і саміты, калі і тут можна павесяліцца? Апроч таго, што Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 9 сакавіка ў цэлым ухваліў прапанаваную ўрадам канцэпцыю развіцця ігральнага бізнесу ў Беларусі, ёсць і іншыя людзі, якія здольныя яго рассмяшыць.

Экстрэмальны турыст Пал Палыч Барадзін доўга насіўся з ідэяй адзінай валюты Саюзнай дзяржавы. Не атрымалася. Зараз ён увогуле заявіў, што «мы абавязкова ўвядзем адзіную валюту ў межах Мытнага саюза». Але ён не паведаміў, у якім стагоддзі гэта будзе, бо зараз само існаванне Мытнага саюза знаходзіцца пад пагрозай. Нават існуе думка, што калі Расія не будзе прадаваць Беларусі нафту без пошлінаў, то і Беларусь адмовіцца ад увядзення адзіных пошлінаў з Расіяй — напрыклад, на аўтамабілі. І тады Мытны саюз спасцігне той жа лёс, што і Саюзную дзяржаву.

Дый беларускіх жартаўнікоў хапае. Беларусь уступіла «ў практычную фазу рэалізацыі праекта па будаўніцтве атамнай станцыі», заявіў намеснік міністра энергетыкі Юрый Рымашэўскі 10 сакавіка ў Мінску на адкрыцці другой Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Атамэкспа-Беларусь». Паводле слоў намесніка міністра, зараз праводзяцца грамадскія слуханні па справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) у сумежных краінах. Ён паведаміў, што «актыўна распрацоўваецца нарматыўна-прававая база», пачата падрыхтоўка спецыялістаў для будучай АЭС.

Калі слуханні і «бла-бла-бла» — гэта практычная фаза, то я — кітайскі лётчык. Тым больш, што Літва ўжо дала адлуп Беларусі на аналагічных слуханнях, і не факт, што таго ж не здарыцца ў Эстоніі, Польшчы і Украіне. Так што пра «практычную фазу» казаць як мінімум зарана.

Каментаваць