Не — смяротнаму пакаранню

У Беларусі пачалася кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», мэта якой — спыненне прымянення гэтага віду пакарання і далучэнне краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей.

 

Па словах віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, Беларусь засталася апошняй еўрапейскай краінай і апошняй краінай на постсавецкай прасторы, дзе існуе смяротнае пакаранне, і нягледзячы на тое, што ўлады апошнія гады гавораць пра магчымыя змены, пра тое, што смяротнае пакаранне носіць абмежаваны характар, тым не менш, яно рэальна ўжываецца.



У Беларусі пачалася кампанія «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», мэта якой — спыненне прымянення гэтага віду пакарання і далучэнне краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцей.

Па словах віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, Беларусь засталася апошняй еўрапейскай краінай і апошняй краінай на постсавецкай прасторы, дзе існуе смяротнае пакаранне, і нягледзячы на тое, што ўлады апошнія гады гавораць пра магчымыя змены, пра тое, што смяротнае пакаранне носіць абмежаваны характар, тым не менш, яно рэальна ўжываецца.

«Таму мы правялі перамовы, у першую чаргу, з Amnesty International — міжнароднай праваабарончай арганізацыяй, адным з прыярытэтаў дзейнасці якой з’яўляецца праблема смяротнага пакарання, і вырашылі правесці сумесную кампанію як на міжнародным, так і на беларускім узроўні», — паведаміў Алесь Бяляцкі.

Па словах віцэ-прэзідэнта МФПЧ, кампанія будзе доўжыцца ўвесь 2009 год і мае мець некалькі накірункаў: распаўсюд інфармацыі пра сітуацыю са смяротным пакараннем у Беларусі, збор меркаванняў вядомых у Беларусі людзей па гэтым пытанні, збор меркаванняў юрыстаў, людзей, якія могуць суаднесці гэты від пакарання з міжнароднай практыкай і з рэальным уплывам на крымінагенную сітуацыю ў краіне. Плануецца таксама абмеркаванне этычных момантаў смяротнага пакарання з рознымі рэлігійнымі канфесіямі, што існуюць у Беларусі, і давядзенне іх высноваў да людзей.

Таксама будуць распаўсюджвацца інфармацыі праз сайты праваабарончых арганізацый, праводзіцца сумесныя «круглыя сталы», а таксама конкурсы літаратурных эсэ на адпаведную тэматыку і іншыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці. «Наша задача — паспрабаваць зняць гэтае пытанне з рэальнасці беларускага жыцця», — падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які хоць і не прадугледжвае абавязковай адмовы ад смяротнага пакарання, але накіроўвае краіны да абмежавання ўжывання і адмены выключнай меры пакарання. Аднак Рэспубліка Беларусь да гэтага часу не далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання (прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 снежня 1989 года). Дзяржавы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у гэтым пратаколе, абавязаліся адмяніць гэты від пакарання.

Тым часам у Міністэрства юстыцыі Беларусі пададзены дакументы на рэгістрацыю Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша вясна». На ўстаноўчым сходзе арганізацыі, які адбыўся ў Мінску 18 студзеня, Алесь Бяляцкі быў абраны старшынёй гэтага аб’яднання.

Па словах Алеся Бяляцкага, апошняя спроба зарэгістравацца была ў 2007 годзе, але яна не мела поспеху. «Зараз, улічваючы завярэнні беларускіх уладаў, што яны гатовы лібералізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне, мы асноўным касцяком праваабаронцаў, якія складалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», падалі дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст у спадзяванні, што міністэрства выканае нашы законныя патрабаванні і адменіць наша незаконнае скасаванне хаця б вось такім чынам, зарэгістраваўшы Рэспубліканскую праваабарончую арганізацыю «Наша вясна» са змененай назвай, бо па заканадаўству, на жаль, мы не можам аднавіць нашу ранейшую назву, — адзначыў Алесь Бяляцкі. — Гэта будзе тэстам, праверкай на сапраўднасць жаданняў ці добрых інтэнцыяў беларускіх уладаў, наколькі яны гатовы пайсці на легалізацыю праваабаронцаў, бо дэ-факта ўсе разумеюць, што мы існуем, а дэ-юрэ яны нас загналі ў падполле, і з 2003 года мы працуем без законнай рэгістрацыі. Улічваючы, што ў беларускім заканадаўстве ёсць артыкул, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый (арт. 193 Крымінальнага кодэкса РБ — Г. К.), то, безумоўна, мы будзем дабівацца і скасавання гэтага артыкула. Нам патрэбна сістэмная лібералізацыя ў галіне свабоды асацыяцый, і рэгістрацыя «Нашай вясны» будзе праверкай існуючай сітуацыі».

Каментаваць