Недзіцячыя кошты для дзяцей

Большасць бацькоў хоча, каб новы навучальны год іх дзеці сустрэлі поўнымі сіл. Але ці не час лозунг пра тое, што ўсё лепшае — дзецям, перафразаваць так: «Усё самае дарагое — дзецям»? Дастаткова паглядзець, колькі каштуе дзіцячы адпачынак у летніках.


Гульні ў дзіцячым лагеры. Здымак мае ілюстрацыйны характар, www.sb.by

Лагернае дзяцінства

Лета ў разгары, і хочацца збегчы з задушнага каменнага горада, ці хаця б вывезці дзяцей да рэчкі ці возера, у лес да чыстага паветра. Для гамельчукоў, якія жывуць у постчарнобыльскіх умовах, са скарачэннем зеляніны ў горадзе і з аўтамабільнымі выхлапамі, што павялічыліся ў разы, гэта больш чым актуальна.

Прызнаюся шчыра — у савецкім дзяцінстве я ніводнага разу не быў у піянерскім лагеры. Лета ў «Пунсовых ветразях» або «Лясной казцы» было настолькі штодзённай і руціннай справай, што ніколькі не падавалася прывабным. Вось яшчэ на мора паехаць — так, цікава. А звыклыя для гамяльчан месцы Клёнкі і Чонкі, дзе было мноства піянерскіх лагераў... Толькі сябры, вяртаючыся дадому пасля аднаго, а то і двух сезонаў, дзяліліся лагернымі ўражаннямі: ці яны дзяўчынак уначы зубной пастай намазалі, ці нейкаму соннаму небараку ўчынілі «ровар» — уставілі вату ў пальцы ног і падпальвалі. Ад чаго ахвяра падлеткавага гумару ў сне адчайна круціла нагамі.



Піянеркі ў лагеры. Фота www.yaplakal.com

Чонкі ў Гомелі былі папулярным месцам адпачынку ўжо ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Заможныя гараджане летам выязджалі сюды на дачы. У 1923 годзе тут быў адкрыты першы санаторый, пачалі арганізоўвацца піянерскія зборы і лагеры. Дзіцячы абласны санаторый «Чонкі» быў адкрыты ў 1946 годзе. У 1947-м — дзіцячы абласны рэўматалагічны санаторый «Чонкі-1».

Чонкі. Фота www.zdravnicy.ru


Амаль кожнае гомельскае прадпрыемства або ведамства мела свой дзіцячы лагер. Нават некаторыя калгасы мелі свае аздараўленчыя «летнікі». Шмат у чым яны былі сканцэнтраваныя ў такіх курортных зонах, як Клёнкі і Чонкі. Піянерскія лагеры і дзіцячыя санаторыі, як правіла, знаходзіліся на балансе прадпрыемстваў. Таму адпачынак або лячэнне дзяцей у іх былі бясплатнымі.



Савецкі піянерскі лагер 1937 года. Фота www.google.by


Ад дзіцячай казкі — да дарослага жыцця

Цяпер многія дзіцячыя лагеры зачыненыя або прададзеныя. Прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, паспяшаліся ад іх пазбавіцца. Толькі гіганты рэнтабельнасці, кшталту «Беларуснафты» або Беларускай чыгункі, могуць ва ўмовах рынку дазволіць сабе ўтрыманне дзіцячага лагера. У маляўнічых хваёвых лясах вакол Клёнак раней было мноства піянерскіх лагераў. Сёння ад большасці з іх засталіся толькі руіны, парослыя лесам. Альбо дзіцячыя лагеры перайшлі ў прыватныя рукі. Сярод нешматлікіх устаноў, што захаваліся ў раёне Клёнак, прымае дзяцей рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Рамантыка». Ён па-ранейшаму належыць ААТ «Будаўніча-мантажны трэст №27».



Санаторый «Рамантыка» ў Клёнках. Фота www.holiday.by

Што тычыцца дзіцячых санаторыяў у Чонках, то зараз там устаноў з такім статусам няма. Яшчэ да нядаўняга часу тут дзейнічаў дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Жывіца». Зараз на яго базе створана дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі. Дзіцячы санаторый «Лясныя далі» ў Новай Гуце ў 2013 годзе ператвораны ў аздараўленчы лагер.

У тым жа годзе спартыўна-аздараўленчы лагер «Пунсовыя ветразі» і былы піянерскі лагер «Огонек» у Сцюдзёнай Гуце былі прададзеныя праз аўкцыён.



Піянерскі лагер «Огонёк» у прыборы

З пяці былых піянерскіх лагераў у раёне Прыбора да 2013 года не працаваў ніводны, чатыры з іх былі разабраныя.

Шэраг дзіцячых лагераў у Чонках змянілі ўласнікаў. Былая «Лясная казка» цяпер называецца «Сожскі бераг» і належыць ужо не «Гомельдрэву», а аддзелу адукацыі. З пасляваенных гадоў пры заводзе «Гомсельмаш» існаваў піянерлагер «Сельмашавец». Відавочна, з-за вядомых праблем да 2017 года ён быў перададзены аддзелу адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама і перайменаваны ў «Чонкаўскі бор». Гэтаму ж ведамству ад калгасу «Яромінскі» перайшоў і дзіцячы лагер «Каласок».

Закінутыя піянерскія лагеры



З 2009 па 2017 год у Гомельскай вобласці было прададзена 17 дзіцячых лагераў. Частка з іх не былі выкарыстаныя ўласнікамі па прызначэнні. Напрыклад, лагер «Спартак» ў Петрыкаўскім раёне, набыты фермерам, так і працягваў прыходзіць у запусценне. Ад былога піянерскага лагера «Чайка» ў Клёнках (24 будынкі), прада­дзенага ААТ «Элегант», засталіся толькі груды цэглы.

Закінуты піянерскі лагер у Клёнках



Закінуты піянерскі лагер у Клёнках

Усяго ў Гомельскай вобласці летам 2018 года працавала 11 дзіцячых стацыянарных аздараўленчых лагераў.


Чонкі супраць Турцыі

Якая ж цана дзіцячага аздараўлення? У лагеры «Сожскі бераг» у Чонках дзіцячы адпачынак абыдзецца бацькам у 430 рублёў. Тры тыдні знахо­джання ў лагеры «Лясныя далі» ў Новай Гуце каштуюць 539 рублёў. Пражыванне ў 5-мясцовых пакоях і 5-разавае харчаванне. Але тут адпачываюць у асноўным дзеці чыгуначнікаў. Як і ў старыя часы, Гомельскае аддзяленне БЧ аплачвае да 90 працэнтаў кошту пуцёўкі. Праўда, паводле інфармацыі з неафіцыйных крыніц, кожны год гавораць пра тое, што ад лагера час пазбавіцца.

Чонкі. Фота belchas.by

Прайс у лагеры імя піянера-героя Марата Казея, які належыць РУП «Беларуснафта», у Рэчыцкім раёне ўражвае яшчэ больш. Не менш, чым гаючае паветра хваёвых лясоў і прыгажосць дуброў на Бярэзіне, сярод якіх «Марацік» размешчаны. Кошт 21 дня знаходжання дзіцяці тут ацэньваюць да 860 рублёў. Пры гэтым дзецям работнікаў даецца датацыя — каля 185 рублёў. Зрэшты, кажуць, што нашы нафтавікі зарабляюць нядрэнна.

Акрамя таго ў гэтым сезоне ў Гомельскай вобласці разгорнутыя 760 нестацыянарных лагераў. Гэта — дзённыя дзіцячыя лагеры пры школах, палатачныя лагеры, і гэтак далей. Школьныя лагеры, як правіла, таксама платныя. Хоць расцэнкі там больш сціплыя, чым у стацыянарах.

Праблемай дзіцячага адпачынку ў нас займаецца спецыялізаваная структура — Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і яго рэгіянальныя ўпраўленні.

Лагер «Чайка» у Клёнках. Фота www.sb.by

Будзем аб’ектыўныя: раз на год дзіця ў Беларусі яшчэ мае права на бясплатнае аздараўленне. Але трапіць на яго ў летні час не так проста. Найперш трэба звяртацца па месцы вучобы дзіцяці. А, напрыклад, у СШ №59 у ліпені было толькі 27 месцаў (плюс 2) на выезд у лагер «Лясная паляна». Наступны заезд на аздараўленне будзе толькі ў верасні.

Як паведамілі ў Гомельскім абласным упраўленні Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні, у іншых выпадках трэба пісаць заявы ў камісію аздараўлення па месцы працы бацькоў. Калі ў прадпрыемства ёсць вылучаныя на аздараўленне дзяцей сродкі, вядома. Гэтак жа права на прэферэнцыі і частковую аплату кошту дзіцячага аздараўлення з дзяржаўных сродкаў маюць сіроты, дзеці некаторых катэгорый наёмных работнікаў, служачых сілавых структур і гэтак далей. Тэарэтычна, на дапамогу могуць разлічваць нават дзеці афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных.

Пры гэтым рэкардсменам па цэнах для дзяцей, паводле нашых дадзеных, Гомельская вобласць не з’яўляецца. Напрыклад, знаходжанне дзіцяці ў адным з летніх лагераў «з англійскім ухілам» пад Гродна абыдзецца ў 1030 рублёў.

Кадр з фільма «Сардэчна запрашаем, ці Староннім уваход забаронены». Фота back-in-ussr.com



Пра якасць сэрвісу ў нашых дзіцячых лагерах казаць няпроста. Каментары на прысвечаных гэтаму форумах бываюць самыя розныя: ад «вельмі сумна», «дрэннае харчаванне», «ніякія выхавальнікі» — да захопленых. Ацэнкі бацькоў — рэч вельмі суб’ектыўная. Але ў любым выпадку, пры ўсёй магчымай мадэрнізацыі, большасць санаторыяў і лагераў пабудаваныя ў нас яшчэ ў часы СССР або неўзабаве пасля яго распаду.

У туры ў Турцыю на сям’ю з 3-х чалавек у раён Анталіі, з вылетам з Гомеля, гатэль «4 зоркі, усё ўключана», на верасень, пры раннім браніраванні, доля дзіцячага кошту была роўная прыкладна 350 доларам.

З улікам таго, што цана адпачынку дзіцяці ў летнім лагеры ў нас можа скласці ад 250 да 500 долараў, высновы кожны можа зрабіць сам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць