Непаразуменне як звычка

Беларуская апазіцыя ўжо які год цяжарная ідэяй аб’яднання. Чарговая спроба стаць пад агульныя штандары пакуль паказвае, што справы кіруюцца ў бок варожасці, але ніяк не да паразумення.

Не прайшло і трох месяцаў ад дня прэзідэнцкіх выбараў, калі актыў апазіцыі кінулі ў камеры турмаў і следчых ізалятараў, як у шэрагах тых, хто застаўся на волі, абазначыліся два ідэйна супрацьлеглых лагеры — за перамовы з уладамі і актыўны байкот апошніх.

Беларуская апазіцыя ўжо які год цяжарная ідэяй аб’яднання. Чарговая спроба стаць пад агульныя штандары пакуль паказвае, што справы кіруюцца ў бок варожасці, але ніяк не да паразумення.

Не прайшло і трох месяцаў ад дня прэзідэнцкіх выбараў, калі актыў апазіцыі кінулі ў камеры турмаў і следчых ізалятараў, як у шэрагах тых, хто застаўся на волі, абазначыліся два ідэйна супрацьлеглых лагеры — за перамовы з уладамі і актыўны байкот апошніх.

Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі распрацаваў дакумент «Стратэгія–2012», які ў значнай ступені прывязаны да выбараў у Палату прадстаўнікоў, што маюць адбыцца ў наступным годзе. «Мы як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці не можам удзельнічаць у вырашэнні самых галоўных, злабадзённых праблем, што стаяць перад краінай. Гэтая сітуацыя абсурдная і недапушчальная. І стратэгія акурат скіраваная на аднаўленне інстытутаў нацыянальнай згоды і дыялогу ў краіне. І парламент як адзін з інстытутаў нацыянальнай згоды мусіць вярнуць сабе функцыі ў палітычнай сістэме Беларусі», — рацыянальна, здаецца б, разважае адзін з распрацоўшчыкаў стратэгіі Андрэй Ягораў.

Але вялікае пытанне, навошта дзейным уладам Беларусі сядаць за стол перамоў з апазіцыяй, калі апошняя, трэба гэта прызнаць, на сённяшні дзень сур’ёзнай пагрозы для яе не ўяўляе. І Аляксандру Лукашэнку — рашэнні ўсё ж пакуль прымае ён, а не трэцяя сакратарка пятага аддзела — трэба папросту жалезабетонныя аргументы, каб пачаць дыялог з тымі, каго ён называе «адмарозкамі» і «пятай калоннай». Такіх аргументаў пакуль ніхто не прад’явіў.

Нельга сказаць, што ідэя «мы адзін народ» не мае ў сабе пазітыўнага зерня, але вялікае пытанне, ці ў тую глебу яго намерваюцца кінуць і на чыю карысць яно ўзыдзе. «Улады здзяйсняюць далейшы падзел грамадства. Лукашэнка гаварыў: «Вам не падабаецца тое, што адбываецца ў краіне, шукайце сабе іншую радзіму». Гэта наша Радзіма, але наша не ў тым сэнсе, што нелукашэнкаўская. Лукашэнка таксама беларус, і мы з Лукашэнкам адзін народ. У нашым народзе ёсць героі, праведнікі, з аднаго боку, і злачынцы, злодзеі — з іншага. Народ не бывае ні святым, ні богаабраным, а значыць, нам давядзецца вырашаць агульныя задачы, а значыць, давядзецца дамаўляцца і з тымі, чые погляды для нас непрымальныя. Дэмакратыя грунтуецца на тым, што нават калі мне брыдкія нечыя перакананні, я мушу даць чалавеку выказацца, выслухаць яго, але тое не значыць прымаць яго перакананні», — разважае адзін з ідэйных бацькоў стратэгіі перамоў Уладзімір Мацкевіч.

Ён адкрыта негатыўна ацэньвае пазіцыю шэрагу апазіцыйных палітыкаў, якія, паводле яго слоў, ёсць недамоваздольнымі. У гэты спіс трапілі Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Казулін, Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч, Яраслаў Раманчук. Паводле слоў Мацкевіча, такімі становяцца найперш палітыкі, якія цалкам залежаць ад знешніх сілаў, і канчатковае рашэнне прымаюць не яны, а іх патроны. Аднак, накладаючы таўро на тых, хто не падтрымлівае ідэю перамоў, можна паглядзець на сітуацыю пад іншым ракурсам.

Ідэя перамоў з уладамі выглядае як цікавы факт на фоне яшчэ не астылай падтрымкі ўвядзення Захадам санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Атрымліваецца, адну руку працягваем на знак замірэння, а ў іншай трымаем камень. Ізаляцыя цяпер не ў інтарэсах беларускіх уладаў, і не выключана, што аднойчы Лукашэнка з высокай трыбуны заявіць: санкцыі ЕС і ЗША памылковыя, бо нават зрынутая апазіцыя разумее, што з ім лепш гуляць у палітычныя гульні, чым адкрыта дэманстраваць сваё «фэ».

Адначасова група беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў (сярод якіх старшыня Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Станіслаў Шушкевіч, каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павел Марыніч, прадстаўнік аргкамітэту партыі «Беларускі Рух» Віктар Івашкевіч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года былы палітвязень Аляксандр Казулін) выступіла з маніфестам аб неабходнасці негвалтоўнага супраціву ўладам і аб актыўным грамадзянскім супрацьстаянні ўсім дзяржаўным інстытутам. Часткай гэтай кампаніі мусіць стаць байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, што павінны адбыцца ў 2012 годзе.

Ідэю несапраўднасці і бессэнсоўнасці выбараў як палітычнага інструменту ў краіне ўжо не трэба тлумачыць нават прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. Таму з добрай падрыхтоўкай правесці байкот парламенцкіх выбараў больш праўдападобна, чым атрымаць 10–20 працэнтаў месцаў у «палатцы» прадстаўнікам апазіцыі.

Нельга сказаць, што ў пэўны момант не спатрэбяцца людзі, падрыхтаваныя да перамоў з уладамі. І вось тут узнікае пытанне, чаму немагчыма дамовіцца аб стратэгіі дзеянняў у выпадку развіцця падзей у некалькіх кірунках? Пад узаемныя абвінавачванні апазіцыйных лідараў у недзеяздольнасці, пад эпітэты вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы «вашывыя блохі» і «адмарозкі» вырасла цэлае пакаленне і ўвабрала думку, што апазіцыя не ў стане нават знайсці агульную мову, не тое што супрацьпаставіць нешта моцнае ўладзе. А прывесці да змены палітычнага ладу можа хіба што ўсёмагутны фінансавы крызіс, якога некаторыя палітыкі чакаюць, не раўнуючы як дзеці чараўніка ў блакітным верталёце з вядром эскімо.
 

Каментаваць