Невядомыя павалілі крыжы ля Курапатаў

Уначы нехта выламаў драўляныя крыжы, укапаныя актывістамі ля праезду ў рэстаран «Паедзем паядзім». А 13 чэрвеня супрацоўнікі ДАІ з прымяненнем сілы спрабавалі вызваліць праезную частку каля рэстарана "Паедзем паядзім".
фота Сяргея Пігулеўскага

фота Сяргея Пігулеўскага

Больш за трыццаць пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях супрацоўнікі міліцыі і ДАІ склалі на абаронцаў Курапатаў, якія пратэстуюць супраць адкрыцця рэстаранна-забаўляльнага комплеску “Паедзем-паядзім”, што паўстаў на месцы масавых пахаванняў ахвяраў рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

Перагрузка прадуктаў для рэстарана "Паедзем паядзім". Фота: ПЦ "Вясна".

Перагрузка прадуктаў для рэстарана "Паедзем паядзім". Фота: ПЦ "Вясна".


Па звестках праваабаронцаў “Вясны”, па стане на 13 чэрвеня, набольш часта (20 пратаколаў) актывістаў караюць па артыкуле 18. 23 КаАП (парушэнне правілаў дарожнага руху). Гэта звязана з тым, што пікетоўшчыкі намагаюцца не дапусціць праезду кліентаў на тэрыторыю рэстарана, а таму вымушаныя выходзіць на праезную частку. Зафіксавана некалькі небяспечных інцыдэнтаў, калі кіроўцы аўтамабіляў літаральна спрабавалі ўчыніць наезд на ўдзельнікаў пікетаў. У двух выпадках супрацоўнікі ДАІ склалі пратаколы і на ўладальнікаў аўтамабіляў. Некалькі выпадкаў наезду засталіся беспакаранымі для аўтаўладальнікаў.


Увогуле, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі досыць пасіўныя, яны мала спрыяюць ахове грамадскага парадку і таму пагроза канфліктаў застаецца даволі высокай.


На самых актыўных удзельнікаў акцый пратэсту складаюць адразу пакет пратаколаў: “дробнае хуліганства”, “непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі” і “ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”.

Таццяну Севярынец завалілі на праезную частку. Фота: ПЦ "Вясна"

Таццяну Севярынец завалілі на праезную частку. Фота: ПЦ "Вясна"


Такім чынам, ад моманту адкрыцця рэстарану “Паедзем паядзім” на сустаршыню ствараемай партыі БХД Паўла Севярынца было складзена сем пратаколаў, па чатыры пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў маюць рэжысёр Вольга Нікалайчык, актывісты Дзяніс Урбановіч і Наталля Гарачка-Басалыга. Вечарам 12 чэрвеня быў затрыманы рэжысёр і аўтар фільма “Жоўты пясочак” Алесь Туровіч. Яго адвезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі, дзе склалі адразу 3 адміністрацыйныя пратаколы.

Усяго за час супрацьстаяння актывістаў і кіраўніцтва рэстараннага комплексу пратаколы складзеныя на паўтары дзясяткі грамадзян. Пры гэтым некаторых з іх – Паўла Севярынца, Вольгу Нікалайчык, Дзяніса Урбановіча – затрымлівалі і адвозілі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага РУУСа.


spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць