Незвычайны і кранальны паказ дзіцячай моды прайшоў у Гродне (ФОТА)

У якасці мадэляў па подыюму прайшлі нестандартныя дзеткі разам са сваімі мамамі.

«Святаяннік» стаўся для Гродна і Беларусі ў цэлым унікальным мерапрыемтсвам. Упершыню дызайнеры працавалі з нестандартнымі дзецьмі з рознымі відамі захворванняў ды іх матулямі. Праца па пашыву і афармленню калекцыі заняла чатыры месяцы.

Фінальны паказ прыўрочаны да Дня маці —14 кастрычніка. Арганізатарка мерапрыемства каардынатар “Гарадзенскага дзіцячага хоспісу” Вольга Шульга ўпэўненая, што гэтае свята нельга трактаваць аднабакова:

Вольга Шульга

Вольга Шульга


 «Мы хацелі паказаць, што мацярынства — гэта складаны працэс, — распавядае Вольга. — Быць мамай —гэта не абавязкова мець здаровае дзіця. Не важна, добра ён лічыць на ўроках матэматыкі ці не, ходзіць ён сваімі нагамі або перасоўваецца ў інвалідным вазочку. Таму гэта важны інтэграцыйны крок унутры нашага грамадства».

Са словаў Вольгі Шульгі, большасць мамаў з цяжкахворымі дзецьмі вымушаныя сядзець з імі ў хаце, не працаваць. Таму арганізатары вырашылі зрабіць мерапрыемства цікавым, у якасці падарунку і маці, і іх дзецям, а не ў фармаце банальнага «салодкага стала».


«Тут задзейнічаныя беларускія колеры, арнаменты, тканіны, нашы майстры, — тлумачыць дызайнер калекцыі Святлана Пінчук. — Усе мадэлі нестандартныя ў плане памеру адзежы, гэта вельмі важны момант. Тэхнічна гэта было вельмі цяжка зрабіць, але мы здолелі!»

У паказе прынялі удзел больш за дзесяць мамаў разам са сваімі дзецьмі. Арганізатары спадзяюцца, што гэта толькі першы крок у супрацы з мадэльерамі на карысць дабрачыннасці і пашырэння талерантнасці, але далёка не апошні.


Каментаваць