Нічога асабістага, толькі бізнэс

Крыху больш за тыдзень «шэры кардынал» Віктар Шэйман быў на пасадзе памочніка прэзідэнта Беларусі па асаблівых даручэннях. Напачатку тыдня Лукашэнка прызначыў Шэймана кіраўніком спраў Адміністрацыі прэзідэнта, выклікаўшы гэтым пэўнае здзіўленне ў аналітыкаў і прагназістаў.



Віктар Шэйман — самы набліжаны да Лукашэнкі кадр улады. У 1994–2000 гадах ён быў дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі — памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. У 2000 годзе прызначаны генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, у 2004 годзе заняў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў 2006 годзе вярнуўся ў Савет бяспекі зноў дзяржаўным сакратаром.


З трэскам быў зняты з гэтай пасады пасля выбуху ў Мінску ў 2008 годзе на Дзень незалежнасці. Спачатку адпачываў, потым стаў памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях у структуры Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.


Але, як кажа народная мудрасць, «не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца». Гэта ў поўнай ступені тычыцца Шэймана. Якую б пасаду ён ні займаў, гэтая пасада заўсёды была ўплывовай. Яшчэ б — найстарэйшы паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, быў бы лепшы сябра, каб у Лукашэнкі былі сябры, незаменны памочнік прэзідэнта.


Многія пачалі шукаць у новым прызначэнні Шэймана чарговы палітычны кантэкст. Маўляў, Лукашэнка ніколі не адпусціць ад сябе Шэймана (што праўда), а прызначэнне яго на пасаду кіраўніка спраў Адміністрацыі прэзідэнта сведчыць пра тое, што палітыка ўлады, як мінімум, не зменіцца, а як максімум — нас чакае «закручванне гаек» (што сумнеўна).  Вельмі блізка апынуўся сёння Шэйман да кіраўніка дзяржавы, бліжэй, чым на пасадзе памочніка альбо генпракурора.


Але «дрыжаць» амерыканцам ці еўрапейцам не трэба: кіраўнік спраў — гэта не кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Ён не вырашае палітычных пытанняў, гэта «кіраўнік гаспадаркі», які сочыць, каб у прынтары была папера, у машыны прэзідэнта быў заліты бензін, а прэзідэнцкі «Майбах» стаяў там, дзе яму належыць стаяць. У прымітыўным плане — недзе так.


Каму варта зараз дрыжаць, дык гэта айчынным бізнэсмэнам. Менавіта гаспадарчае Кіраўніцтва спраў Адміністрацыі прэзідэнта кантралюе шмат які бізнэс у Беларусі. У прыватнасці — рынак алкаголю і тытуню, квоты на імпарт рыбы і морапрадуктаў. У падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь знаходзяцца чатыры нацыянальныя паркі — «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», «Браслаўскія азёры», а таксама Бярэзінскі запаведнік, з усімі іх лесанарыхтоўкамі, лесапілкамі і паляўнічымі магчымасцямі.


Немалаважна цяпер тое, што Кіраўніцтва справамі прэзідэнта распараджаецца сталічнымі гасцінічнымі комплексамі «Мінск», «Планета» і «Юбілейны», а таксама ў аператыўным упраўленні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь знаходзяцца каля 400 адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў Мінска. Улічваючы, колькі замежных інвестараў імкнуцца пабудаваць гатэлі і іншыя аб’екты ў Мінску, Кіраўніцтва спраў тут — залатая жыла.


Няшмат хто ведае, што Кіраўніцтва спраў займаецца яшчэ і «падтрымкай і развіццём беларускіх народных промыслаў, захаваннем гістарычных традыцый і рамеснага мастацтва» (так сказана ў іх на сайце). З гэтай нагоды Кіраўніцтва спраў кантралюе дзяржаўны канцэрн «Белхудожпромыслы», які складаецца з каля 20 фабрык народных промыслаў. Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі Шэйман будзе адказным за сувеніры, што таксама неблагія грошыкі.


На такія грошы і магчымасці патрэбны самы надзейны чалавек. Віктар Шэйман на такую пасаду падыходзіць.


Не выключана таксама, што Беларусь стаіць на парозе маштабнай прыватызацыі. Пра «сейфавую прыватызацыю» і яе магчымы непразрысты характар, пра распродаж беларускай уласнасці і «фамільнага срэбра» неаднаразова выказваліся палітыкі і эксперты. Магчыма, што хутка Кіраўніцтва справамі прэзідэнта зоймецца і гэтым пытаннем, значна пашырыўшы свае функцыі на ўсю краіну. А на прыватызацыйных грошах тым больш павінен сядзець свой чалавек, бо, як казаў адзін бізнэсмэн з фільма «Брат–2», «такімі грашыма не рызыкуюць».


Так што ў прызначэнні Шэймана на пасаду кіраўніка спраў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі няма, як кажуць кілеры, «нічога асабістага — проста бізнэс». Проста банальна трэба кантраляваць фінансавыя патокі, асабліва ў сітуацыі няўпэўненасці ў так званай «беларускай стабільнасці».
Адзінае пытанне ў тым, ці здолее Віктар Шэйман пацягнуць не палітычную, а гаспадарчую пасаду? Адказ на гэтае пытанне вельмі просты — здолее. На досведзе Віктара Шэймана — вельмі паспяховыя праекты па супрацоўніцтве Беларусі ў Венесуэле. Менавіта ён узначальвае двухбаковую камісію высокага ўзроўню з Венесуэлай. «Высокага ўзроўню» азначае, што ў яго паўнамоцтвы віцэ-прэм’ера. Шэйман таксама быў заўважаны ў «эканамічных» дэлегацыях Беларусі на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амерыцы.


Усе кажуць, што Шэйман курыраваў у гэтых пытаннях такую далікатную сферу, як ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва і гандаль зброяй. Дык няўжо чалавек, які дамогся поспехаў у гэтай галіне, не можа дамагчыся поспеху на пасадзе Кіраўніцтва справамі

Каментаваць