Незалежнасць — гэта назаўсёды

Напярэдадні Дня Волі ціха і спакойна прайшло пахаванне тых ідэй, пад якімі напачатку спрабавалі ліквідаваць незалежнасць Беларусі. Гэтага амаль ніхто не заўважыў. Усе былі зацікаўлены больш істотнымі справамі: крэдытамі, нафтай, прыватызацыяй.

 



Вяхі пагроз і абароны незалежнасці можна прасачыць па дзвюх рэчах: заключаных міжнародных дамовах і масавых пратэстах беларускага народу. Ад моманту ж існавання незалежнай Беларусі пагроз узнікала нямала.

Першая пагроза была ліквідаваная разам з урадам. Варта нагадаць, што з першага дня незалежнасці Беларусі Расія, якая і выступіла гарантам гэтай незалежнасці, не пакідала намераў прыбраць сінявокую да сябе. Першай такой спробай было ўвядзенне адзінай валюты. Ідэя гэта, насамрэч, належыць не Аляксандру Лукашэнку, а прэм’еру Вячаславу Кебічу. Менавіта ён, калі яшчэ Беларусь толькі-толькі абвясціла незалежнасць, пачаў размову аб увядзенні ў Беларусі ў якасці валюты расійскага рубля. Гэта было адным з глупстваў, якое каштавала Кебічу паразы на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года.

Але новыя пагрозы — пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі — насілі больш сістэмны характар. Тут ужо размова ішла не пра эканамічную, а канкрэтна пра палітычную незалежнасць. І ўсякім разам любая з іх выклікала народны пратэст. Нават будзе правільным сказаць, што нішто беларусы так не баранілі, як сваю незалежнасць. Што б там ні казалі палітыкі-сацыёлагі пра «нематэрыяльную каштоўнасць, якая не выклікае цікавасці ў народзе», увесь час менавіта народ, на дзіва гэтым мыслярам, даказваў адваротнае.

2 красавіка 1996 года Аляксандр Лукашэнка падпісвае ў Расіі «дамоўленасць аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі». У той жа дзень, услед за мітынгам Дня Волі, у Мінску выбухае 80-тысячны мітынг супраць гэтай супольнасці. Свае адносіны да гэтага выказваюцца і падчас шматлюднага і багатага на сутычкі «Чарнобыльскага шляху». З’ява, якую потым журналісты аб’яднаюць пад агульнай назвай «Мінская вясна». Далейшае стварэнне інтэграцыйных ініцыятываў адкладваецца на год.

Варта адзначыць, што ўвосень 1996 года ў абарону Вярхоўнага Савета 13-га склікання і супраць прэзідэнцкага рэферэндуму выступіла нашмат менш людзей. Таму ВС–13, не маючы за сабой значнай падтрымкі, і не здолеў сябе адстаяць, не здолеў мабілізаваць грамадства. Спадзяваўся на расійскія «гарантыі» групоўкі Строева—Селязнёва. За што змагаліся, на тое і нарваліся — хіба магла Расія падтрымаць адстаўку Аляксандра Лукашэнкі і пахаваць усе надзеі на паглынанне Беларусі?

У 1997 годзе, 2 красавіка, падпісваецца новы дакумент аб прынцыпах стварэння Саюзнай дзяржавы. Ізноў у Мінску — масавыя акцыі пратэсту. Людзі не хочуць быць у хаўрусе з Расіяй. Стварэнне Саюза зноў адкладзенае — ужо на два гады. І толькі 8 снежня 1999 года была падпісаная Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Чаму не было далейшых пратэстаў? Як казаў пісьменнік Банеў з рамана братоў Стругацкіх «Брыдкія лебедзі»: «Народ шэры, але мудры». Ужо тады было адчуванне, што з гэтай задумы нічога не атрымаецца. У тым жа 1999 годзе вечная расійская дысідэнтка Валерыя Навадворская казала аўтару гэтых радкоў: «Вы яшчэ пабачыце тое, як Лукашэнка будзе змагацца за сваю незалежнасць у акопах, у партызанцы!» Тады гэта здавалася такой жа фантастыкай, як і пісьменнік Банеў.

І што ж мы пабачылі ў выніку? Адчуванне рэальнай улады і кантроль за «сваім» — лекі значна лепшыя, чым усе народныя пратэсты. Нягледзячы на тое, што сам Лукашэнка пайшоў па шляху Кебіча і пачаў нешта прамаўляць пра адзіную валюту, пра Канстытуцыйны акт, нічога з гэтага рэалізавана не было. Больш за тое, як толькі Пуцін прапанаваў «аддзяліць мух ад катлет» і заявіў пра магчымасць далучэння Беларусі да Расіі сямю абласцямі, слухаць яго ніхто не стаў. Наадварот, у выніку такой заявы колькасць прыхільнікаў аб’яднання знізілася да рэкордна нізкага ўзроўню.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка пачаў цвердзіць, што менавіта ён з’яўляецца «гарантам незалежнасці і суверэнітэту Беларусі», што незалежнасць — гэта найвышэйшая каштоўнасць, дадзеная нам ад Бога. Што будзем гніць у акопах, але не дазволім нас «нахіліць», і незалежнасці сваёй не аддамо нікому і нізавошта. Кожны раз, калі Лукашэнка ўзгадвае акопы, аўтар узгадвае Навадворскую.

Сёлета, так сімвалічна супала, якраз напярэдадні Дня Волі ў Пецярбурзе прайшло пасяджэнне Вышэйшага Дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Збянтэжаны, з яго выйшаў Аляксандр Лукашэнка: Расія не дала яму запланаванага крэдыту. А напярэдадні Мінск з Масквой падпісалі пагадненне па пастаўках нафты — не на год, а ўсяго толькі на другую чвэрць 2013 года.

Ну, скажыце, што гэта за дзяржава, дзе адна частка абмяжоўвае пастаўкі нафты другой частцы? Ці дзяржава гэта, калі адна яе частка дае (альбо, у нашым выпадку, не дае) грошы другой частцы толькі ў крэдыт? Зразумела, што ніякай адзінай дзяржавы не існуе.

А зараз — цытата: «Калі сур’ёзна казаць аб пабудове Саюзнай дзяржавы, то трэба ўзгадаць і праект Канстытуцыйнага акта, і пытанне адзінай валюты, якое не закрытае. Іншая справа, ці трэба гэта рабіць зараз і ці ў той форме, якая задумвалася ў 1999 годзе? Але досвед Еўрасаюза прымушае нас задацца пытаннем: а ці ёсць увогуле сэнс у адзінай валюце?» Гэта словы не нейкага «ўмеранага» апазіцыянера, не скептыка праекта Саюзнай дзяржавы, а самога дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты.

Вось так Рапота пацвердзіў курс Беларусі на незалежнасць, пахаваўшы сваю пасаду і Саюзную дзяржаву, і ўсе інтэграцыйныя памкненні Аляксандра Лукашэнкі.

Зараз апазіцыя шмат кажа пра пагрозу страты эканамічнай незалежнасці Беларусі. Адказаць на гэта можна толькі словамі Трэцяй Устаўной граматы БНР: «Самі народы Беларусі, у асобе свайго Устаноўчага Сойму, пастановяць аб будучых дзяржаўных сувязях Беларусі». Калі народ Беларусі зноў праявіць сваю мудрасць, аніякай страты эканамічнай незалежнасці не будзе.

Падаруначак на Дзень Волі атрымаўся такі — нішто сабе. Але ўсё ж нашу незалежнасць мы сапраўды павінны адстойваць кожны дзень. Тады яна сапраўды будзе назаўсёды.

Каментаваць