Ніякіх выходных!

На гэтым тыдні Расія была як ніколі блізкая да рэвалюцыі. Толькі недасведчанасць расійскай «глыбінкі» і працоўнага люду дазволілі гэтай рэвалюцыі пазбегнуць.



Справа ў тым, што Міжнародная арганізацыя працы на тыдні прапанавала сваім сябрам, у лік якіх уваходзіць як Расія, так і Беларусь, скараціць працоўны тыдзень да чатырох дзён. У МАП знайшлі ў «чатырохдзёнцы» шмат плюсаў. Напрыклад, гэта павялічыць колькасць працоўных месцаў, палепшыцца здароўе працоўных, бо многія захворванні ў сучасным свеце выкліканыя перапрацоўкамі, пастаянным знаходжаннем у офісе і стрэсам. Акрамя таго, розныя даследаванні паказваюць, што людзі больш прадуктыўныя, калі працуюць менш, а «офісны планктон» часцяком толькі імітуе бурную дзейнасць.

Таксама ў рэкамендацыях МАП адзначылі, што людзі з больш кароткім працоўным тыднем часцей адчуваюць сябе шчаслівымі і задаволенымі жыццём, а працяглая праца прыводзіць да канфліктаў не толькі ў офісе, але і дома. Яшчэ адным важкім аргументаў на карысць скарачэння колькасці працоўных гадзін назвалі станоўчы ўплыў на навакольнае асяроддзе. Пазітыўны эфект будзе дасягнуты проста за кошт скарачэння колькасці паездак людзей на працу і назад, што не толькі паспрыяе экалогіі ў свеце, але і зэканоміць на паліве некалькі мільярдаў грошай у тыдзень.

Але віцэ-прэм’ер РФ Вольга Галадзец заявіла, што пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень у Расіі немагчымы. «На сёння мы не можам сабе гэтага дазволіць. «Чатырохдзёнка» — гэта пакуль для нас мара», — цытуе віцэ-прэм’ера РІА «Новости».

Калі б працоўныя Расіі даведаліся пра рэкамендацыі МАП, і пра адмову ад гэтай прапановы свайго кіраўніцтва, гэтае кіраўніцтва не пратрымалася б і тыдня. Але ж не даведаліся.

Прычым тут Беларусь? Наша краіна — таксама сябра МАП. Больш за тое, мы крок у крок паўтараем расійскія навацыі ў розных сферах. І калі б там прынялі «чатырохдзёнку», мы б таксама скокнулі ў гэтым кірунку. І ў гэтым для нашай краіны плюсы былі б відавочныя. Найперш, мы б узаконілі тую «чатырохдзёнку», якая ўсё больш і больш уводзіцца на некаторых прадпрыемствах. Не таму, што гэтыя прадпрыемствы пяшчотна ставяцца да рэкамендацыяў МАП, а таму, што проста не могуць прадаць тую прадукцыю, якой склады ўжо і так перапоўненыя. Па-другое, як адзначыў былы міністр працы Аляксандр Сасноў, мы б зэканомілі мільярды не толькі на транспарце, але і на заробках працоўным. Што ж да стварэння працоўных месцаў, то, паводле афіцыйнай статыстыкі, у нас беспрацоўя і так няма. Адзінае, з чым не згодны адмыслоўца, — з тым, што «чатырохдзёнка» прывядзе да паляпшэння здароўя. «За час, вызвалены ад працы, пачнуць у нас толькі больш гарэлкі піць ды есці скварку», — заявіў Сасноў «Радыё Свабода».

Шчыра кажучы, Сасноў не мае рацыі. Бо ў адных «нас», тых, якія працуюць на «чатырохдзёнкавых» прадпрыемствах, сапраўды ёсць час для адпачынку. А іншым і 24-х гадзінаў у суткі не хапае.

Ствараемае ў нас ЕАЭС прымушае працаваць у аўральным парадку дэпутатаў, бо на ратыфікацыю дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якая складае больш за 800 старонак, ім адвялі адзін дзень — 9 кастрычніка. Прычым, адвялі гэты дзень абедзвюм палатам — Палаце Прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. А да гэтага напружана працавалі розныя профільныя «перамоўшчыкі».

Беларусь і Расія дамовіліся аб механізме кампенсацыі страт «сінявокай» ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расіі. Нагадаем, што ў сувязі з дамовай пра ЕАЭС Беларусь павінная пакідаць у сябе частку грошай ад расійскай экспартнай пошліны на нафту. Расія ж зрабіла «фінт вушамі», замяніўшы гэтую пошліну ўнутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. У выніку Беларусі ад ЕАЭС не засталося амаль ніякай выгады. Таму мы ціснулі на «старэйшага брата»: у Маскву на перамовы лётаў віцэ-прэм’ер Сямашка, а сам прэм’ер Міхаіл Мясніковіч сустрэўся ў Сочы з расійскім віцэ-прэм’ерам Аркадзем Дварковічам. Дварковіч і паведаміў — дамовіліся. Але пра што і на якіх умовах — не сказаў.

Даволі складаная сітуацыя і з «харчовым Кландайкам». Рассельгаснагляд, які вельмі незадаволены тым, што «харчовае эмбарга Расіі» ператварылася ў Беларусі ў выгадны бізнэс па кантрабандзе еўрапейскіх прадуктаў, прапанаваў зрабіць сумесны каранцінны фітасанітарны кантроль на знешняй мяжы Мытнага саюза. Кіраўнік беларускага ж Мінсельгасхарчу Леанід Заяц заявіў, што ў нас «дастаткова кампетэнтныя спецыялісты, якія прадстаўляюць інтарэсы нашай краіны ў плане прыняцця правільных рашэнняў па ўвозу той ці іншай прадукцыі».

Зразумела ж, у нас дастаткова такіх спецыялістаў. Але справа ў тым, што ў гэтым выпадку «інтарэсы нашай краіны» і інтарэсы Расіі карэнным чынам розняцца.

Зачапіўся Рассельгаснагляд і за Аршанскі мясакансервавы камбінат. Маўляў, у ягонай варанай каўбасе знайшлі геном віруса афрыканскай чумы свіней. «Там у прынцыпе не павінна быць геному віруса АЧС, бо на прадпрыемства не пастаўлялася прадукцыя сумнеўнай якасці», — апраўдваўся той жа Заяц.

А чаго апраўдвацца? АЧС — гэта хвароба свінняў, для чалавека гэты вірус бяскрыўдны. Калі ж расіяне кормяць свінняў прадукцыяй нашага Аршанскага мясакамбіната… Пры Сталіне тых, хто свінняў хлебам карміў, на 10 год саджалі, а каб яны кармілі свінняў варанай каўбасой, пэўна, іх бы расстрэльвалі. Каўбаса патрэбная людзям, а не свінням!

У Беларусі плануюць стварыць новую авіякампанію. У нас яшчэ недабудаваная АЭС. Нам трэба вырошчваць кавуны. У нас багата планаў і задумаў, і таму нам, хутчэй, «шасцідзёнку» трэба ўводзіць, каб з усім гэтым разгрэсціся. Ні пра якую «чатырохдзёнку» размовы не ідзе.

Каментаваць