Някляеў – Саннікаў: пакт аб ненападзенні

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 12 лістапада ў сядзібе прафсаюза РЭП, заявілі пра каардынацыю сумесных дзеянняў на прэзідэнцкіх выбарах. Абодва прэтэндэнты фактычна заключылі “пакт аб ненападзенні на апошнім этапе выбарчай гонкі.



Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла 12 лістапада ў сядзібе прафсаюза РЭП, заявілі пра каардынацыю сумесных дзеянняў на прэзідэнцкіх выбарах. Абодва прэтэндэнты фактычна заключылі “пакт аб ненападзенні на апошнім этапе выбарчай гонкі.

Па словах Андрэя Саннікава, ён і Уладзімір Някляеў дамовіліся “нічога не рабіць адзін супраць аднаго падчас далейшай кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі. “Тое, пра што мы дамовіліся, – гэта супрацоўніцтва, гэта каардынацыя. Мы вызначылі тыя галіны, у якіх будзе праводзіцца гэтае супрацоўніцтва, перад усім, гэта барацьба супраць фальсіфікацый выбараў, у тым ліку і барацьба з нелегальнымі, незаконнымі дзеяннямі ўладаў, адстойванне выбару народа. Гэта сумесная агітацыйна-інфармацыйная дзейнасць, паколькі адзін чалавек будзе не ў стане ахапіць усе вобласці, якія нам трэба будзе ахапіць падчас агітацыі. Гэта і сумесныя падыходы і сумесная міжнародная дзейнасць, сустрэчы, візіты, прагаворванне сумесных пазіцый. Тут шмат у чым нашыя погляды супадаюць, і гэта дае нам падставу для таго, каб рухацца ў накірунку яшчэ большага супрацоўніцтва, – адзначыў кіраўнік грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь.     

Па словах Уладзіміра Някляева, сёння ўсе даследванні і апытанні сведчаць, што лідарамі цяперашняй прэзідэнцкай гонкі сярод іншых прэтэндэнтаў (не ўлічваючы Аляксандра Лукашэнку – Г. К.) з’яўляюцца менавіта ён ды Андрэй Саннікаў. Апроч таго, як падкрэсліў лідар кампаніі “Гавары праўду!, партыйныя прэтэндэнты, якія ўдзельнічаюць у прэзідэнцкай гонцы, перш за ўсё адстойваюць інтарэсы партый, якія яны прадстаўляюць, а не імкнуцца да сапраўднай перамогі на выбарах. Уладзімір Някляеў паўтарыў сваё нядаўняе меркаванне, што некаторыя прэтэндэнты на самой справе не сабралі неабходныя для вылучэння кандыдатамі сто тысяч подпісаў грамадзян. 

Уладзімір Някляеў заявіў, што ўжо цяпер можна не прызнаваць выбары дэмакратычнымі і справядлівымі. “На сённяшні дзень мы не маем доступу да сродкаў масавай інфармацыі, да гэтага часу мы не атрымалі ніякага ўцямнага адказу на нашы патрабаванні датычна назірання, падліку галасоў. Усё застаецца ў старым фармаце, у якім праводзіліся ўсе мінулыя выбары, і гэта азначае, што ніякіх сапраўдных выбараў не прадугледжваецца, – лічыць прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду.  

Уладзімір Някляеў нагадаў пра індэкс з’яўлення апазіцыйных прэтэндэнтаў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Па словах паэта, пра дзеючага кіраўніка дзяржавы афіцыйныя СМІ паведамляюць у 1250 разоў больш, чым пра ўсіх астатніх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што з’яўляюцца апанентамі дзейнай улады. 

“Хутчэй за ўсё, улада пакіне сітуацыю адносна прысутнасці ў дзяржаўных СМІ апанентаў дзеючага прэзідэнта ў тым выглядзе, які існуе сёння. Цэнтральная камісія рашуча адмовілася задаволіць нашу прапанову правесці тэледэбаты ў жывым эфіры, нават калі ў іх не будзе браць удзел Аляксандр Лукашэнка. Я думаю, будуць чыніцца перашкоды, але мы будзем усімі магчымымі сродкамі дамагацца таго, каб змяніліся ўмовы доступу кандыдатаў – апанентаў дзейнае ўлады да дзяржаўных СМІ, – паабяцаў Уладзімір Някляеў. 

Як адзначыў Андрэй Саннікаў, наяўнасць некалькіх апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты дазволіць скарыстаць больш эфірнага часу і газетнай плошчы ў дзяржаўных мас-медыя. “Я вітаю тое, што людзі, якія з’яўляюцца апанентамі дзеючай улады, атрымаюць магчымасць выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, каб і праз іх давесці да грамадзян пазіцыю апанентаў кіраўніцтва Беларусі, – падкрэсліў палітык. 

Абодва прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы заявілі, што больш не збіраюцца весці дыскусіі наконт супрацоўніцтва з іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзідэнты, але падкрэслілі, што “дзверы для іх не зачыненыя. Таксама Саннікаў і Някляеў далі зразумець, што не збіраюцца абмяркоўваць, хто з іх “больш  важны, “хто ў выпадку перамогі на выбарах будзе прэзідэнтам, а хто прэм’ер-міністрам. Ні Някляеў, ні Саннікаў не раскрылі падрабязнасцей сваёй далейшай сумеснай дзейнасці, абмежаваўшыся дэкларацыяй аб намерах і заявіўшы, што “журналісты далей усё ўбачаць на ўласныя вочы. 
 

Каментаваць