Нямілая «Мілавіца»

Як Стас Міхайлаў дапамагае шыць майткі? І чаму яны падыходзяць даме з памерам 96, хаця на маркіроўцы стаіць 102? Якое золата схавана ў сціплых стрынгах за 160 тысяч? Швачка ніжняй бялізны прыадкрыла НЧ сакрэты «Мілавіцы».



magazine.milavitsa.com.ua_2


У жорнах бялізнавага бізнэсу

На фотаздымках з сацыяльных сетак вясёлая дзяўчына курчыць рожы і матляе папяровымі сцяжкамі БРСМ. Фоткі — яшчэ з апошніх класаў школы і каледжа, дзе вучылася задаволеная жыццём разумніца. Але кар’ера ўра-патрыятычнага кшталту Марыну абмінула. Пасля вучэльні дзяўчына трапіла ў самыя жорны бялізнавага бізнэсу — два гады па размеркаванні шыла майткі на «Мілавіцы».

«Працуйце рупліва і не крадзьце!» — з гэтымі словамі кіраўніцтва адправіла швачку ў цэх, каб тая ўпрыгожвала беларусак ды іншаземак, пачынаючы ад 6.45 раніцы.

Я працавала ў брыгадзе вырабу майткоў і камбінацый. Шыла элемент, які мы называлі паміж сабой жаночым палавым органам у памяншальна-ласкальнай форме, — распавядае швачка. — Потым мяне пасадзілі на канчатковую аперацыю: «прыстрэл» цэтлікаў і банцікаў на майткі. Гэта найгоршая, амаль што ювелірная аперацыя, якую трэба рабіць з хуткасцю кулямёта, нібыта ты на якіх псіхатропах сядзіш. За 3 хвіліны мусіш «прыстрэліць» 20 адзінак — па тры цэтлікі на кожную адзінку. Ці за той жа час — па малюсенькаму банціку на майткі, а ў банціка — асноўны і сподні бакі, важна не пераблытаць. Зрок на гэтых дробязях пасадзіла, бо ўвесь час глядзіш у адну кропку.

Не паспела за 3 хвіліны — ніякай прэміі. Бо заробак швачкі складваецца з угоды і прэміі, а прэмія залежыць ад выканання плану. На кожную аперацыю — свой час.

Першыя восем месяцаў я не паспявала за планам, бо цяжка было прызвычаіцца да абсталявання, дагэтуль мела досвед працы з верхняй вопраткай, а тут — бялізна. Каб дацягнуць да плану, нам дазвалялі заставацца пасля працоўнага дня. Але здаралася і так, што працы няма, і ты сядзіш на сваёй аперацыі і чакаеш. І за гэта табе ніхто не заплаціць. Ты можаш зрабіць своечасова сваю аперацыю, а нехта зробіць брак на гэтай адзінцы майткоў, і тады яе вяртае кантралёр. Адзінку перарабляюць, але ў заробку губляе ўся брыгада — працуе сістэма штрафных балаў, — тлумачыць Марына. — Калі я адпрацавала на «Мілавіцы» год, неяк выпадкова ў сеціве ўбачыла ілжывую абвестку пра «крутыя» вакансіі на фабрыцы: памагатай швачкі прапанавалі больш, чым насамрэч атрымліваюць нават вопытныя швачкі — больш чым 500 баксаў! Я доўга рагатала, бо сама, плённа працуючы, атрымлівала плюс-мінус 2 мільёны 800 тысяч рублёў. Кіраўніцтва жаба душыць добра плаціць сваім працаўнікам.

На заробак у 3,5 мільёна гаротніца выйшла толькі напярэдадні звальнення, менш чым год таму.

Былы гендырэктар СП ЗАТ «Мілавіца» Дзмітрый Дзічкоўскі так і не знайшоў часу ў сваім шчыльным графіку паміж камандзіроўкамі ды нарадамі для размовы з «НЧ» нават па тэлефоне. Між тым, у студзеньскім інтэрв’ю газеце «Рэспубліка» ён пацвердзіў уцёкі швачак з фабрыкі: «Швачак катастрафічна не хапае». Пры гэтым мяжой заробку Дзічкоўскі называе «каля 400 еўра», якую нельга перавышаць, бо вырабы стануць занадта дарагімі для рынку, ці вытворцу будзе выгадна перамясціцца ў дзяржаву «з больш прымальным коштам працоўных рэсурсаў». Кіраўнік фабрыкі падкрэсліў, што ў некаторых краінах аналагічная працоўная сіла каштуе ўсяго 100 долараў. Вынікае, нам ёсць куды імкнуцца, таму спадзявацца на падвышэнне заробкаў швачкам «Мілавіцы» не даводзіцца.

Пад Сярдзючку і Міхайлава пашыеш больш майткоў?

Грукат машынак — не адзінае, што б’е па вушах швачцы.

Нас катавалі гучнай музыкай з дынамікаў, пераважна Стасам Міхайлавым і Веркай Сярдзючкай — нібыта, з гледзішча псіхалогіі, для больш хуткай працы і лепшай вытворчасці, — распавядае Марына.

Швачка згадвае, што яе сяброўка працавала ў канкурэнта — на прадпрыемстве «Серж». У параўнанні з 8-гадзінным днём і пяцідзёнкай на «Мілавіцы», змены па 12 гадзін на «Сержы» (хаця б і з графікам два праз два) — сапраўдны жах:

— Нават 8 гадзін цяжка вытрымаць — спіна жудасна баліць, а тут — 12. Сяброўка сышла адтуль. На жаль, на абодвух прадпрыемствах няма кампенсацыі за шкодныя ўмовы працы.

Набыць ката ў мяшку

У дакументальным бестсэлеры «Гамора» журналіст і вораг мафіі Раберта Саўяна адчыняе вочы пакупніка на вопратку знакамітых італьянскіх брэндаў: тое, што трапляе ў беларускія буцікі, шыецца на Сіцыліі з танных тканін, завезеных кантрабандай з Кітая. А тканіны якой якасці выкарыстоўваюцца для нятаннай бялізны «Мілавіцы»?

Фабрыка губляе свой твар і страчвае імя, скажу шчыра! Сустракаюцца бракаваныя тканіны, якія купляюцца дзеля эканоміі. Не ўсе мадэлі майткоў, якія распрацоўваюць нашы мадэльеры, прыгожа сядзяць на целе, — папярэджвае Марына. — І мадэльеры не вінаватыя: ім прывозяць пэўную сінтэтычную тканіну і фурнітуру і загадваюць: «Прыдумайце нешта». І тыя круцяцца, як могуць. Памятаю адну мадэль са штучнага шоўку, якая падкрэслівала, а не хавала недахопы жаночага цела. Пры тым, што ў краме прымяраць бялізну не дазваляецца. Жанчыны бяруць ката ў мяшку, апранаюць ужо дома ў і… плачуць. Сустракаюцца і мадэлі-маламеркі: з маім памерам 96 мне падыходзілі і 98, і 100 і нават 102! Справа ў тканіне.

Ці хвалююць гаспадара праблемы?

Швачку абурае палітыка кіраўніцтва фабрыкі:

Яно хоча і звышхуткасці вытворчасці, і якасці прадукцыі. А гэта немагчыма! Вельмі малая норма часу на аперацыі не дазваляе гэтага атрымаць. Натуральна, швачкі хочуць больш-менш зарабіць, і хоць радкі будуць роўнымі, але ў выніку пасадка недзе кульгае, нейкі брак вылазіць, на які кантралёр заплюшчвае вочы.

Кошт майткоў — у залежнасці ад таго, «Мода», «Класіка» ці «Alisee» — ад 80 тысяч і вышэй. Напрыклад, стрынгі «Alisee» каштуюць 160 тысяч. Чаму столькі грошай за трохкутнік і пару матузкоў?

Мадэлі больш прыгожыя, і сыравіна там больш якасная, чым у «Модзе» і «Класіцы», — тлумачыць швачка. — Дарэчы, ёсць адмысловая брыгада, якая шые вельмі прыгожую бялізну на экспарт. Беларускі яе не бачаць.

А ці носяць свае вырабы швачка «Мілавіцы»?

Так. Усё ж яна больш якасная і, галоўнае, я ведаю, якія мадэлі варта набываць, — кажа Марына.

Ніякіх бонусаў ці падарункаў ад фабрыкі швачкі не маюць. У гонар свята 8 сакавіка «Мілавіца» ашчаслівіла швачак зніжкай 30% на старыя мадэлі…

Апошняй кропляй для Марыны стаў падман з боку кіраўніцтва.

Паабяцалі, што будуць плаціць па чацвёртаму разраду, калі я стану тэрма-аздабляльнікам, навучуся працаваць са спецыяльным прасам, а таксама з прэсам. Атрымала пасведчанне, але ў мэтах эканоміі мяне пакінулі на старым месцы і плацілі па трэцім разрадзе, — скардзіцца дзяўчына. — Я адпрацавала два гады на гэтай фабрыцы, і нікому не пажадаю трапіць туды. Адчуваеш сябе рабыняй. Зараз, калі заходжу ў краму бялізны і бачу мадэлі, за якія мяне пакаралі, робіцца агідна.

Марына крыўдуе і на несправядлівую дзяльбу прыбытку прадпрыемства:

Акцыянеры, якія былі нават у нашым цэху, вырашылі, што прыбытак будуць дзяліць паміж сабой, а ўсім швачкам — нічога. У свой час, калі кіраўніцтва скупляла ў простых працоўных акцыі — за тысячу долараў штука, — разумныя на гэта не павяліся. І зараз памер іхняй квартальная прэміі — вялізны, можна нават не працаваць, таму асобныя акцыянеры пазвальняліся.

Наша раскоша супраць іх неабходнасці

Пакуль вырабы «Мілавіцы» для многіх беларусак — раскоша, але і ў ёй трапляецца брак. Эканаміст Маргарыта набыла сабе з зарплаты прыгожы камплект бялізны больш чым за паўмільёна рублёў.

Я не ўтрымалася, наведала фірмовую краму фабрыкі, — распавядае яна. — Мне дастаткова складана знайсці патрэбны памер станіка, я маю пяты. Яны ўсе безгустоўныя, нібыта зробленыя для старых цётак, а тут, бачу, па-французску вытанчаны — цялеснага колеру і з ажурным гафтам. Майткі да яго знайсці было прасцей. Не пашкадавала 560 тысяч за ўсё і набыла. На наступны дзень з аднаго «кубачка» станіка напалову вылезла костачка… Знервавалася, але што рабіць? Занесла бракаваны станік, каб замяніць на якасны аналаг. Высветлілася, што ўся партыя бракаваная, таму проста вярнулі грошы. Вось табе і каштоўная бялізна!

А пакуль айчынныя вытворцы эканомяць, сусветная вытворчасць прапануе новыя мадэлі і формы «разумнай» бялізны. З’явіўся станік, які змяняе колер у момант авуляцыі, супер-аб’ёмны станік, які магчыма надзьмуць з дапамогай адмысловай кнопкі. Ёсць бюстгальтары з мікрачыпам для вымярэння ціску і пульсу. Ёсць з сістэмай радыёабвесткі пра напад. У Індыі распрацавалі майткі з электрашокерам для аховы жанчыны ад гвалтаўнікоў: бялізна можа стукнуць нападніка токам у 3800 кілавольт, даслаць SMS у паліцыю і паведаміць пра месцазнаходжанне гаспадыні праз GPS. Стварылі нават бюстгальтар з тытану, які запамінае форму грудзей пры першым апрананні. Хто марыць кінуць паліць, можа насіць станік, які робіць пах цыгарэты невыносным! Згодна з прагнозам сіноптыкаў, гэта зіма будзе лютай, таму цудоўнай рэччу для беларускіх жанчын стаў бы станік з экалагічнага футра з гелевым падагрэвам.

Ну, і апошняя, вартая ўвагі цікавостка ад фірма «Triumph» — музычны станік, які выконвае адну з мелодый Моцарта, да 200-годдзя кампазітара.

Даведка:

СП ЗАТ «Мілавіца» ўваходзіць у склад эстонскага холдынгу «Silvano Fashion Group» (81 працэнт акцый). Холдынг мае долю ў маладзечанскай фабрыцы «Юнона», жодзінскім «Світанку», гандлёвым і лагістычным бізнэсах Беларусі. У склад «Silvano Fashion Group» уваходзіць латвійская «Lauma», вырабы якой вядомыя беларускім жанчынам. У мінулым годзе холдынг займаў шостае месца ў топ–100 паспяховых бізнэсаў Эстоніі. 22 лістапада на «Мілавіцы» адбылася змена кіраўніцтва: замест Дзмітрыя Дзічкоўскага новым генеральным дырэктарам прызначаны Нормундс Озалінш.

Каментаваць