Няўжо гэта здарылася?

Ва ўладных колах Беларусі адбылася сапраўдная сенсацыя. У выніку нарады па праблемах аграпрамысловага сектара Аляксандр Лукашэнка не стаў падпісваць указы і распараджэнні, а даручыў правесці экспертызу прапанаваных яму праектаў.



У нумары за 16 мая наш эканамічны аглядальнік Таццяна Лісічэнка разабралася, што падрыхтаваныя ўказы могуць не падтрымаць, а наадварот, забіць сельскую гаспадарку. Альбо Аляксандр Рыгоравіч нас чытае, альбо зразумеў гэта сам. Ён даручыў Мінэканомікі і Мінфіну сінявокай «у самы бліжэйшы час даць яму разлікі магчымых фінансавых наступстваў праектаў указаў, прапанаваных рабочай групай, для эканомікі краіны, перш за ўсё, для бюджэтнай сферы».
 
 
Ён яшчэ раз папярэдзіў, што не дазволіць спісання пазыкаў сельгаспрадпрыемстваў. «Падарункаў тут ніякіх няма. Ніхто нічога нікому спісваць не будзе. Усім давядзецца разлічвацца. Будзем падтрымліваць сельгасвытворцаў, але не за кошт усёй дзяржавы і народа», — заявіў Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што «сельская гаспадарка — тая сфера, якая не любіць рэвалюцыйных пераўтварэнняў».
 
 
Можа быць, гэта азначае, што ў сельскай гаспадарцы краіны нічога не зменіцца. А можа быць і тое, што дзяржава нарэшце падлічыла грошы, якія выдзяляюцца гэтай галіне вытворчасці, засунула руку ў кішэню (бюджэт), і высветліла — кішэня не толькі пустая, але і з дзіркамі. У любым выпадку, на месцы беларускага правадыра я б засцярогся ад нейкіх радыкальных крокаў у той час, калі праца ў вяскоўцаў — у напружанай кропцы. Вось калі прыйдзе восень, збяром ура­джай, і дзе-небудзь у лістападзе самы час разбірацца з сельскай гаспадаркай, каб да сакавіка, да пачатку сяўбы, усе пераўтварэнні набылі моц і ўклаліся ў галовах кіраўнікоў АПК.
 
 
Наконт дзіравай кішэні — таксама нездарма было казана. Мы ўсе спадзяваліся, што заробім буйныя грошы на Чэмпіянаце свету па хакеі. Буйных не атрымалася, хіба што наша хакейная федэрацыя выйшла ў невялікі «плюс». А тым часам валютная сітуацыя ў Беларусі склалася зваротнай: у маі пастаўлены рэкорд бягучага года па чыстай скупцы замежнай валюты фізічнымі асобамі. Акрамя таго, максімальным з пачатку года апынуўся і сумарны аб’ём чыстай куплі замежнай валюты на ўсіх сегментах валютнага рынку. У параўнанні з красавіком, ён вырас больш чым у 22 разы, з $13 мільёнаў да $292 мільёнаў.
 
 
За першыя пяць месяцаў года ва ўсіх сегментах валютнага рынку склаўся чысты попыт на замежную валюту, прычым прыкладна роўны па аб’ёме: доля «мінусу» рынка суб’ектаў гаспадарання — рэзідэнтаў Беларусі ў агульным «мінусе» ўсяго валютнага рынку — 33,1%, нерэзідэнтаў — 38,9%, фізічных асоб — 28%.
 
 
Май 2014-га — найгоршы ў гэтым плане за ўсе папярэднія гады, уключаючы і май крызіснага 2011 года. Аднак пры гэтым варта адзначыць, што ў маі 2011-га рынак наяўных валют амаль цалкам сышоў у «цень», набыць замежную валюты ў абменных пунктах стала практычна немагчыма і фіксаваныя валютаабменныя здзелкі складалі толькі частку валютнага рынку фізічных асоб.
 
 
Між тым, узяць валюту няма адкуль. За студзень-красавік Беларусь страціла мільярд долараў у знешнім гандлі. Планы ўрада па павелічэнні экспарту на гэты год пакуль моцна разыходзяцца з фактам. Адмоўная дынаміка валютнай выручкі на фоне значных плацяжоў па вонкавых абавязках (за крэдыты ў гэтым годзе давядзецца заплаціць 3,2 мільярда долараў) і ў расійскі бюджэт (каля 300 мільёнаў долараў штомесяц у якасці экспартнай пошліны за нафтапрадукты) прымушае ўлады шукаць грошы для падтрымання фінансавай стабільнасці ў краіне.
 
 
У такой сітуацыі «закопваць грошы ў зямлю», хай і ў выгля­дзе падтрымкі сельскай гаспадаркі, — самазабойства. Пэўна, нарэшце гэта стала зразумела і ва ўладных колах.
 
 
Але гэтая нарада запомніцца не толькі «адфутбольваннем» на экспертызу праектаў указаў, але і нечаканым паваротам думкі беларускага правадыра. Разважаючы пра сельскую гаспадарку, Аляксандр Рыгоравіч раптоўна надаў частку ўвагі і настаўнікам.
 
 
Лукашэнка, як кажуць, «не адыходзячы ад касы», даручыў да 1 верасня арганізаваць нараду, на якой павінны быць абмеркаваныя праблемныя пытанні сістэмы адукацыі. «Я мяркую, што адпаведная група вывучае, а дакладней, сістэматызуе пытанні, каб нарэшце вызваліць настаўнікаў ад неўласцівых ім функцый і прымусіць іх займацца толькі сваёй справай — перадачай ведаў, навучаннем дзяцей і выхаваннем іх», — сказаў Лукашэнка. «Напэўна, на ўзроўні міністэрства і ўрада гэта не ў стане зрабіць. Але майце на ўвазе, што і міністр, і ўрад атрымаюць адпаведную за гэта адзнаку. І гэта не значыць, што варта сядзець і чакаць новай нарады і прыняцця рашэнняў на самым высокім узроўні», — падкрэсліў ён.
 
 
Ужо шмат год настаўнікі енчаць, што замест навучання і выхавання ім прыходзіцца запаўняць безліч анкет і апытанак. Здаецца, гэтыя енкі дасягнулі вушэй маладога пакалення. Пэўна, Мікалай Аляксандравіч паскардзіўся свайму бацьку, Аляксандру Рыгоравічу, на тое, што творыцца ў школах, і для Лукашэнкі гэта стала настолькі балюча, што ён нават на нара­дзе па сельскай гаспадарцы не вытрымаў.
 
 
Павольна, ціхенька, але мы прасоўваемся наперад і ў іншых галінах. Пагадненне аб лібералізацыі візавага рэжыму і рэадмісіі паміж Беларуссю і ЕС, магчыма, будзе гатовае да канца 2015 года, заявіў на тыдні міністр замежных справаў Ула­дзімір Макей
 
 
«Я не хацеў бы зараз ставіць канкрэтныя тэрміны. Мы будзем спакойна працаваць над тым, каб дасягнуць узаемапрымальнага па змесце і па форме дагавора па адпаведных пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Еўрасаюзам. Але давайце пазначым у якасці аднаго з магчымых арыенціраў гэтую дату — правядзенне саміту «Усходняга партнёрства» ў канцы 2015 года», — сказаў Макей.
 
 
«Зразумела, што гэта працэс працяглы з улікам таго, што там можа быць шэраг нейкіх падводных камянёў і цяжкасцяў. Гэта ўжо праца экспертаў», — папрасіў Макей «крышачку пачакаць».
 
 
Што ж, беларусаў не ўпершыню просяць «крыху пачакаць дзеля светлай будучыні». Але мы будзем чакаць з нецярпеннем. Проста цікава, як Макей будзе разрывацца паміж Усходам і Захадам у 2015-м: і ЕАЭС запускаем, і візавы рэжым з ЕС спрашчаем. А там яшчэ і прэзідэнцкія выбары. Цікава будзе? Канешне.
 

Каментаваць