Нявыкананыя абяцанні АЭС

2 лістапада Лукашэнка падпісаў указ «Аб будаванні Беларускай атамнай электрастанцыі». Гэты ўказ дазваляе генеральнаму падрадчыку — расійскаму ЗАТ «Атамбудэкспарт» — пачаць пабудову Беларускай АЭС.



Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, у рэгіёне размяшчэння станцыі створана інфраструктура, неабходная для будаўніцтва АЭС, распрацавана праектная дакументацыя, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў. Таксама заказчык аб’екта — дзяржустанова «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» — атрымаў ліцэнзію на права ажыццяўлення дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізуючага выпраменьвання ў частцы работ па ўзвядзенню ядзерных установак.

Беларусь і РФ у ліпені 2012 года з падпісаннем у Мінску генкантракта на будаўніцтва АЭС фактычна завяршылі працэдуру падпісання асноўных дакументаў па гэтаму праекту. Раней, у сакавіку 2011 года, у Мінску было падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве пры будаўніцтве АЭС, у кастрычніку 2011 года — кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. У лістападзе 2012-га бакі падпісалі міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Беларусі расійскага дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў памеры да 10 мільярдаў долараў. У студзені 2012 года быў падпісаны першы пакет першачарговых пагадненняў і кантрактаў на будаўніцтва АЭС.

Але дзяржкрыніцы звычайна кажуць, што было зроблена. Але замоўчваюць пра тое, чаго зроблена не было.

Без рэферэндуму

Яшчэ падчас развіцця ідэі будаўніцтва АЭС Аляксандр Лукашэнка абяцаў правесці рэферэндум па гэтым пытанні. «Гэта тое пытанне, якое фарсіраваць нельга. Мы яго прапрацоўваем. Калі будзем вырашаць, звернемся да людзей, як у нас заведзена. Я тут нічога хаваць не буду. Будзем будаваць толькі тады, калі гэта рашэнне падтрымае народ» (1 верасня 2006 года ў час сустрэчы са студэнтамі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта).

Замест усеагульнага абмеркавання абмежаваліся не тое што невыразнымі, але і скандальнымі «грамадскімі слуханнямі», на якія праціўнікі АЭС не дапускаліся міліцыянтамі. Паабяцалі мясцовым жыхарам пусціць па горадзе тралейбус і падпісалі крэдытнае пагадненне літаральна дзень у дзень з катастрофай на японскай Фукусіме, не саромеючыся абвясціўшы, што сучасныя расійскія рэактары цяпер з’яўляюцца самымі бяспечнымі ў свеце.

Наш жа ЦВК, які з поспехам для сябе праводзіць плебісцыты, гэтага рэферэндуму спужаўся. У адказ на пытанне з гэтай нагоды «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Лідзія Ярмошына заявіла: «Калі пытацца пра гэта, то мы звяжам рукі нашаму ўраду. Гэта ўсё роўна, што праводзіць на прадпрыемстве рэферэндум на тэму таго, ці павінен кіраўнік кіраваць. Скаціцца да таго, што нічога нельга будзе зрабіць без атрымання ўсеагульнага ўхвалення. Гэта будзе яшчэ горш, чым дыктатура».

Не дзіва, чаму спужаліся. Нягледзячы на ўсеагульную прапаганду «мірнага атаму», пераканаць людзей не ўдалося. Згодна з апытаннем НІСЭПД, праведзеным у верасні гэтага года, станоўча паставіліся да будаўніцтва АЭС толькі 34% беларусаў, адмоўна — 37,6%, абыякава — 22,6% і не здолелі адказаць 5,8%. Здаецца, разбежка невялікая, але калі б пытанне было пастаўлена на рэферэндуме, «абыякавыя» перабеглі ў стан праціўнікаў будаўніцтва. Проста з-за асцярожнасці.

Без міжнароднага ўхвалення

Беларуская АЭС будуецца ў парушэнне міжнародных дамоваў. Прынамсі, толькі 30 кастрычніка МЗС Літвы заклікаў беларускія ўлады не будаваць АЭС у Астраўцы, пакуль не будзе дадзена канчатковая ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, як таго патрабуе Канвенцыя Эспа.

Згодна з канвенцыяй, будаўніцтва не можа быць пачатае, пакуль не будуць задаволеныя ўсе бакі працэсу, а Літва не атрымае адказы на ўсе пытанні. У прыватнасці, нашых суседзяў цікавіць, чаму для будаўніцтва АЭС была абраная менавіта Астравецкая пляцоўка, якая знаходзіцца ўсяго ў 50 кіламетрах ад сталіцы Літвы Вільні. Афіцыйны Мінск не дае адказу, чаму не праводзяцца сейсмалагічныя даследаванні мясцовасці, паколькі ў гэтым месцы былі зафіксаваныя землятрусы. Няма адказаў на пытанне, як будуць астуджацца рэактары.

Усе «грамадскія слуханні», якія прайшлі па будаўніцтве АС, Літва лічыць нелегітымнымі, паколькі адказы на пытанні павінны былі быць атрыманыя не пасля слуханняў, а да іх. Але ні да, ні пасля слуханняў ніякія адказы атрыманыя і не былі. Таму Літва заяўляе, што Беларусь парушае Канвенцыю Эспа.

З выхадам указа аб будаўніцтве Беларускай АЭС рэспубліка завяршыла свае дыскусіі з Літвой. «Мы лічым, што на гэтым нашы дыскусіі з Літвой з нагоды будаўніцтва АЭС завяршыліся, хоць Літва, вядома, лічыць па-іншаму. Але ў нас няма іншага выйсця, бо Літва ўжо два з паловай гады цягне гэтую спрэчку. Мы ж зрабілі ўсё, што маглі, каб патлумачыць праблемныя пытанні», — заявіў начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Андрэеў.

Без апрабаванага рэактару

Як вядома, беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2,4 тыс. МВт. Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю летам 2018 года, другі — у 2020 годзе. Плануецца, што гэта будзе атамная станцыя серыі «АЭС-2006» з рэактарамі ВВЭР-1200.

Можа, каго і ўразіць серыя «АЭС-2006», але толькі не спецыялістаў. Нягледзячы на аптымістычную, здавалася б, серыю, «Расатам» пакуль што не пабудаваў ніводнай станцыі гэтай серыі з рэактарамі такога тыпу. Па такіх праектах толькі будуюцца Ленінградская АЭС-2, і Нававаронежская АЭС-2. А значыць, усе развагі пра тое, што гэты рэактар «надзейны», мае нейкую чатырохслойную абарону, эксплуатуецца ўдвая большы тэрмін — усяго толькі тэарэтычныя распрацоўкі. І не больш.

Не можа не выклікаць трывогі і тое, што ў праект «па ходу справы» ўносіліся праўкі. Як распавёў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, «расійскі бок старанна ўзважыў тое, што прывяло да аварыі на Фукусіме, і ўнёс адпаведныя карэкціроўкі ў наш праект». Ці сапраўды ад гэтага праект стаў больш надзейным?

Канешне, атамшчыкі кажуць, што ў аварыі на Фукусіме вінаватыя не рэактары, а землятрус і цунамі. Але тады, услед за Літвой, запытаемся: чаму ў Астраўцы не праводзяцца сейсмалагічныя даследаванні мясцовасці? Трэба было зрабіць менавіта гэта, а не ўносіць дапрацоўкі ў рэактар «на каленцы».

Гэта тое, чаго Беларусь не зрабіла яшчэ да пачатку будаўніцтва АЭС. Застаецца толькі здагадвацца, чаго ўлада яшчэ не зробіць у гэтым накірунку. Канешне, было б добра, каб АЭС проста не пабудавалі. Але тое, што робіцца ўжо зараз, вельмі насцярожвае.

Каментаваць