Не — будаўніцтву Міжнароднага выставачнага цэнтру ў ахоўнай зоне Курапатаў

Ліст з заклікам не пачынаць будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру ў ахоўнай зоне Курапатаў 25 лютага прадстаўнікі грамадскасці накіравалі да старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Міхаіла Мятлікава.



У лісце, між іншым, адзначаецца, што грамадскасць занепакоена сітуацыяй вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”

“Як вядома, пытанне аховы Курапатаў — адно з балючых для грамадскай думкі. Гісторыя гэтага пытання сведчыць, што парушэнні заканадаўства і маральных нормаў у справе аховы народнага мемарыялу непазбежна выклікаюць вострую грамадскую рэакцыю.

Згодна інфармацыі прадстаўніка кіраўніцтва БелГПП, на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру (МВЦ) агульнай плошчай 40.000 м2 з павільёнамі, бізнэс-цэнтрам, кангрэс-холам, гатэлем і інфраструктурай для абслугоўвання міжнародных дэлегацый. Прычым, частка гэтага поля з гістарычным шляхам (так званай “Дарогай смерці”), па якому вазілі людзей з  Мінска ва ўрочышча на расстрэл, мае статус ахоўнай зоны Курапатаў, межы якой зацверджаны пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 году”, — гаворыцца ў лісце. 

Яго аўтары звяртаюць ўвагу старшыні БелГПП на тое, што галоўную ролю ў захаванні асяроддзя Курапатаў адыгрывае менавіта ахоўная зона гэтага выбітнага помніку трагедыі беларускага народу.

Грамадскасць лічыць недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія працы на тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, паколькі такія працы прывядуць да знішчэння асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку, у тым ліку і “Дарогі смерці”, якая разглядаецца як адзін з галоўных складнікаў будучага мемарыялу ахвяраў сталінізму “Курапаты”.

Аўтары лісту просяць Міхаіла Мятлікава прыняць меры па недапушчэнню планавання аб’ектаў МВЦ у ахоўнай зоне Курапатаў, межы якой зацверджаны пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 году;

Беларуская гандлёва-прамысловая палата — аўтарытэтнае недзяржаўнае некамерцыйнае добраахвотнае аб’яднанне, якое налічвае каля 2 тысяч юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі і інтэграцыі яе эканомікі ў сусветную гаспадарчую сістэму, стварае спрыяльныя ўмовы для ўмацавання знешнеэканамічных сувязяў айчынных прадпрымальнікаў з міжнароднымі арганізацыямі і замежнымі партнёрамі ў многіх краінах свету, адзначаецца ў лісце.

Ягоныя аўтары выказваюць спадзяванне, што старшыня БелГПП зробіць “ўсё неабходнае, каб не запляміць свій аўтарытэт незаконнымі і амаральнымі дзеяннямі ў Курапатах, захаваць свой імідж у Беларусі і за яе межамі”. .

Сярод падпісантаў лісту — сябра рады грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Алесь Макаў, мовазнаўца Вінцук Вячорка і культуролаг Вацлаў Арэшка.

Каментаваць