Неабходна збіраць чарговы V Усебеларускі сход інтэлігенцыі

Да такой высновы 5 лютага ў Мінску прыйшлі сябры грамадскай ініцыятывы «Рада беларускай інтэлігенцыі» (РБІ).



На думку палітыка Аляксандра Казуліна, 2014 і 2015 гады павінны даць адказ на пытанне, будзе Беларусь вольнай і незалежнай, ці стане калоніяй Расіі і страціць сваю дзяржаўнасць. Паводле ягоных словаў, краіна стаіць на парозе нацыянальнай катастрофы – эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай, адказнасць за якую нясе і кожны прадстаўнік беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
 
 
Казулін прапанаваў сабраць восенню бягучага году чарговы V Усебеларускі сход інтэлігенцыі, каб шчыра абмеркаваць сітуацыю, што склалася ў краіне пасля 20 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, а таксама перспектывы існавання беларускай дзяржавы і нацыі.
 
 
У такім сходзе, які неабходна правесці восенню бягучага году ў краіне, ці за яе межамі, мусяць прыняць удзел каля 700 прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі з Беларусі і беларускай дыяспары, лічыць палітык. Ён прапанаваў правесці на сходзе таемнае галасаванне, каб вызначыць адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.
 
 
Мовазнаўца Алена Анісім заклікала кожнага сябра рады “падумаць пра сябе, пра сваю краіну і пра тую місію, якую кожны з нас можа на сябе ўзяць і нешта зрабіць”. На яе меркаванне, на чарговым сходзе беларускай інтэлігенцыі павінна адбыцца размова сур’ёзных, адказных і неабыякавых людзей, якія могуць на нешта паўплываць.
 
 
“І калі мы ўдумліва аднясемся да пытанняў, што будзем абмяркоўваць пад час падрыхтоўкі сходу і вынясем у яго парадак дня, такая праца будзе мець пэўны плён”, -- сказала Алена Анісім. Яна лічыць, што сябры рады павінны абазначыць сябе, як сіла, што можа прадукаваць і культываваць у грамадстве штосьці годнае, прыстойнае і сумленнае, “бо задача нацыянальнай інтелігенцыі – маральна рыхтаваць грамадства да зменаў”. “Нам трэба весці гаворку пра тое, якія змены павінны адбыцца ў краіне і на што мусяць звяртаць увагу тыя людзі, якія заўтра прыдуць да ўлады ў Беларусі”, -- адзначыла Алена Анісім.
 
 
Старшыня РБІ, кінарэжысёр і педагог Уладзімір Колас звярнуў увагу на вялікую ролю каталіцкай інтэлігенцыі Польшчы ў дапамозе і падтрымцы “Салідарнасці” пад час пераходу краіны ад таталітарызму да дэмакратыі. І калі аўтарытэтныя, вядомыя і паважаныя сябры рады, за кожным з якіх стаяць канкрэтныя справы, аб’яднаюцца вакол нейкай сур’ёзнай і адказнай асобы, гэтая асоба будзе мець шанцы на перамогу падчас прэзідэнцкіх выбараў, падкрэсліў Уладзімір Колас.
 
 
На пашыраным пасяджэнні рады з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў, якая збярэцца неўзабаве, мяркуецца стварыць группы экспертаў для вырашэння пытанняў падрыхтоўкі чарговага сходу беларускай інтэлігенцыі.
 
 
Нагадаем, што першыя чатыры сходы беларускай інтэлігенцыі, на якіх разглядаліся актуальныя праблемы жыцця грамадства і ролі нацыянальнай інтэлігенцыі ў іх вырашэнні, адбыліся, адпаведна, 16 сакавіка 2003 году ў палацы культуры “Сукно” (Мінск), 25 красавіка 2004 году ў сталічным Доме літаратараў, 28 траўня 2005 году ў лесе пад Мінскам і 14 траўня 2007 году на беразе Нёмана ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, дзе 9 ліпеня 1906 году адбыўся нелегальны з’езд беларускіх настаўнікаў з удзелам класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.

Абмеркаванне:

  • Марат Гаравы
  • 2014-02-06 19:06:38
у першым абзацы папраўце 26 снежня на 5 лютага. Аўтар.

Каментаваць