Недэпутацкая справаздача

Кампанія «Гавары праўду!» па-ранейшаму крэатывіць. Карыстаючыся тым, што 25 лютага гэтай ініцыятыве спаўняецца чатыры гады, а некалькі яе сябраў былі зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарсавету, «гаварыпраўдоўцы» правялі першы агульны агітацыйны пікет у Мінску на звыклай для іх пляцоўцы ля Камароўскага рынка.



«Агітацыйным» гэты пікет можна лічыць толькі фармальна: «Гавары праўду!» вырашыла распавесці людзям, што зрабіла кампанія па ўсёй Беларусі за чатыры гады існавання. Улічваючы, што дэпутацкі тэрмін у Беларусі — пяць год, можна лічыць гэта своеасаблівай «справаздачай аб дэпутацкай дзейнасці». Хаця яе давалі зусім не дэпутаты.

Кандыдат у дэпутаты Сяргей Вазняк фармальна быў замоўцам гэтага пікета

Сапраўды, пахваліцца кампаніі ёсць чым. Сотні ініцыятываў, дзясяткі вырашаных праблем, пачынаючы ад «укручвання лямпачак у пад’ездах» і заканчваючы рамонтам дарог, дваравой тэрыторыі, прыпынкаў грамадскага транспарту. Усяго гэтага дамагліся актывмісты кампаніі «Гавары праўду!» па ўсёй краіне. Цяжкай працай: размаўляючы з людзьмі, збіраючы подпісы, абіваючы парогі чыноўніцкіх кабінетаў. Гэта — канкрэтны вынік працы «дэпутатаў ад «ГП».

Зразумела, такая праца не магла застацца па-за ўвагай. Але тая ж увага тут дваістая.

Найперш, увага простых людзей. Усе казалі, што мясцовыя выбары наш народ цікавяці мала. Аднак, яшчэ не паспелі ўдзельнікі «Гавары праўду!» пачаць расстаўляць стэнды з інфармацыяй, яшчэ не сабралі сваю знакамітую расцяжку «Тут будзе так!», як да іх пачалі падыходзіць і размаўляць людзі. Фактычна, пікет пачаўся менавіта з размовы з людзьмі. Ужо потым разумееш, што гэта цікаўнасць — не да выбараў. Шмат хто падыходзіў са словамі «не веру я ў выбары, але»… Але паразмаўляць з разумнымі людзьмі ніхто не адмаўляўся. Тым больш, што на гэты пікет прыехалі не толькі мінскія кандыдаты ў дэпутаты — прыйшлі і не зарэгістраваныя кандыдатамі актывісты, і рэгіянальныя кандыдаты, каб распавесці пра тое, як яны дамагліся поспехаў у сваёй дзейнасці.

 Не паспелі «гаварыпраўдоўцы» расставіць пікет, як ужо вымушаныя былі размаўляць з людзьмі

Карацей, цікавасць гэтая была не да выбараў, а да альтэрнатыўнай думкі.

Лішнім пацверджаннем гэтаму быў такі ж традыцыйны перадвыбарчы пікет кандыдата ў дэпутаты ад «Белай Русі», які стаяў на Камароўцы побач. Да яго людзі не цягнуліся, і двое маладых людзей з улёткамі кандыдата відавочна сумавалі, паглядаючы з зайздрасцю на пікет «Гавары праўду!».

Самотны пікет «Белай Русі»

Ёсць увага і іншага кшталту. Гэта — неймаверны ціск уладаў на тых актывістаў «ГП», якія пайшлі кандыдатамі ў дэпутаты.

Як паведаміў падчас пікету ягоны фармальны арганізатар, Сяргей Вазняк, пасля этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты «Гавары праўду!» «страціла» каля 70% сваіх людзей, якія меліся актыўна ўдзельнічаць у мясцовай кампаніі. «Адсеў кандыдатаў быў вельмі жорсткі. Напрыклад, з 17 прэтэндэнтаў у Мінску нас зарэгістравана чатыры чалавекі. І ўсе чатыры — гэта тыя кандыдаты, якія дадаткова падстрахаваліся вылучэннем ад палітычных партый. Я, напрыклад, упэўнены, што, калі б я не падаў бы дадаткова дакументы на рэгістрацыю кандыдатам ад партыі «Справядлівы свет», — мяне таксама б не зарэгістравалі», — лічыць Вазняк.

Пакуль грамадзяне актыўна вывучалі справаздачы «Гавары праўду», каардынатар кампаніі Андрэй Дзмітрыеў радаваўся такой увазе людзей

Па словах Вазняка, па ўсёй краіне «Гавары праўду!» стварыла 487 ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Але «наезды» на актывістаў пачаліся яшчэ ў перыяд збору подпісаў, і каля ста чалавек проста не панеслі сабраныя за іх вылучэнне подпісы ў выбарчыя камісіі. У працэсе рэгістрацыі камісіі «зарубілі» каля 300 (!!!) прэтэндэнтаў. У выніку толькі каля 100 чалавек, падстрахаваўшыся «партыйным» вылучэннем, здолелі стаць кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў.

«У мяне ўвогуле такое ўражанне, што на гэтых выбару ўлады імкнуцца знішчыць такую форму вылучэння кандыдатам, як вылучэнне шляхам збору подпісаў. Нават калі чалавек цалкам «чыста» збірае свае подпісы, камісія робіць выбарку ў 20 подпісаў і піша, што яны несапраўдныя. Наш прэтэндэнт потым ідзе да гэтых людзей, і бярэ ў іх уласнаручныя заявы пра тое, што яны сапраўды падпісваліся за вылучэнне кандыдата ў дэпутаты, іх подпісы і пашпартныя дадзеныя сапраўдныя — камісія кажа: «Гэта ўсё хлусня, лухта, мы самі правяралі, ён нічога не падпісваў», — распавёў Вазняк.

І яшчэ адна тэндэнцыя ў рэгістрацыі Вазняком была проста пацверджаная — найперш, «вырубаюць» лідэраў. Пра гэта ўжо неаднаразова казалі як назіральнікі (http://novychas.info/hramadstva/ci_budzie_kamu_dapamahacj/), так і актывісты іншых палітычных рухаў (http://novychas.info/palityka/spiecapieracyja_rehistracyja/). «У нас «зарэзалі» абсалютна ўсіх нашых рэгіянальных кіраўнікоў. Вось Ліда Сагідуліна з Віцебска зараз на пікеце — яна «чыста» сабрала подпісы. Аксана Самуйлава, Бабруйск, Таццяна Караткевіч, Мінск… Я дапускаю, што нейкі навічок мог нешта «накаўбасіць» з подпісамі, але не людзі, якія прайшлі не адну палітычную кампанію і не адзін збор подпісаў за вырашэнне мясцовых праблемаў. Падыход, я так разумею, быў такі: хто хоць якімсьці чынам праявіў сабе, як рэгіянальны лідар — яго не рэгістраваць і ў якім выпадку. Лідараў рэгіянальных «вырубілі» проста ўсіх пагалоўна», — кажа Вазняк.

Незарэгістраваная кандыдаткай у дэпутаты Таццяна Караткевіч размаўляе з людзьмі і без рэгістрацыі

Дык ці варта ўдзельнічаць у такой кампаніі? Вазняк кажа, — не варта, і ён удзельнічае не ў кампаніі па мясцовых выбарах. Ён удзельнічае ў сваёй кампаніі «Народны рэферэндум», і будзе ў ёй удзельнічаць абсалютна легальна і надалей. «Улады і сябры выбарчых камісіяў дарма мяркуюць, што стаць дэпутатам горсавета — гэта светлая мара Сяргея Вазняка. Я не за тым пайшоў на гэтыя выбары. У нас ёсць цалкам стратэгічная кампанія, якая называецца «Народны рэферэндум». Я не збіраюся тут людзей агітаваць за сябе, я буду размаўляць з імі пра «Народны рэферэндум». Я лічу, што наш «Народны рэферэндум» — гэта альтэрнатыва кіеўскаму Майдану. Калі мы не хочам, каб АМАП біў людзей дубінкамі, а людзі абараняліся б ад яго «кактэйлямі Молатава», — то мы павінны мяняць сітуацыю ў краіне законнымі метадамі, праз выбары і рэферэндумы. І я разлічваю на тое, што той месяц, пакуль я прыкрыты пасведчаннем канждыдата ў дэпутаты, я свабодна буду размаўляць з людзьмі пра «Народны рэферэндум, і ніводзін АМАПавец не ўдарыць мяне дубінкай па галаве», — сказаў Вазняк.

Сяргей Вазняк запрашае народ паразмаўляць пра «Народны рэферэндум»

Праўда, пэўныя абмежаванні ўсё ж ёсць. Напрыклад, мінулым разам (http://novychas.info/hramadstva/tut_budzie_jak/) нейкі «сябра камісіі ў цывільным» звярнуў увагу на тое, што на плакатах было наппісана «Народны рэферэндум — збор подпісаў». І ледзьве не «прыкрыў лавачку». Зараз надпіс «збор подпісаў» быў заклеены непразрыстым скотчам — каб не давадзіць Вазняка да зняцця.

Згадка пра збор подпісаў на плакаце была заклеена скотчам

Увогуле, «Гавары праўду» дала справаздачу аб сваёй дзейнасці і аб планах на будучыню мінакам даволі ўдала. Журналісты, дарэчы, засталіся неяк убаку — было абвешчана, што іх час яшчэ прыйдзе: на будучым тыдні «ГП» дасць прэс-канферэнцыю па выніках рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і агучыць некаторыя лічбы «Народнага рэферэндуму». Вядома толькі, што пад патрабаваннем правесці гэты рэферэндум за два месяцы сабрана больш за 10 тысяч подпісаў. А трэба як мінімум — 50 000.

Каардынатар «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў тлумачыць грамадзянам пытанні «Народнага рэферэндуму»

Фота аўтара

 

Абмеркаванне:

  • Любовь Ивановна
  • 2014-02-24 05:57:44
И я бы подписала с удовольствием Народный референдум, только где это сделать сейчас, когда пикет уже закончился

Каментаваць