Неперспектыўная Сасноўка (фота)

Вёска Сасноўка знаходзіцца ў 35 кіламетрах ад Слоніма. Яна даволі вялікая, але — неперспектыўная, як сказалі вяскоўцы. Яшчэ нядаўна Сасноўка была цэнтрам саўгаса “Сасноўка, цэнтральнай сядзібай РУСП “Сасноўка. Цяпер яна амаль апусцела.



У гэтых дамах ніхто не жыве


Некалькі гадоў таму вёску і ўсё сельскагаспадарчае прадпрыемства далучылі да раённага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Новадзевяткавічы. “Стратную гаспадарку далучылі да яшчэ больш стратнага прадпрыемства, — кажуць вяскоўцы. Пасля гэтага далучэння, Сасноўка засталася ўбаку ад клапатлівага сельскага жыцця. Два гады таму закрылі школу, дзіцячы садок, апусцела калгасная кантора, у многіх двухпавярховых дамах ніхто не жыве, будынкі стаяць без людзей.

Знешні выгляд будынака былой калгаснай канторы ў Сасноўцы

Што мне прыйшлося ўбачыць на свае вочы — гэта немагчыма апісаць. Вялікая вёска з прыгожымі цаглянымі будынкамі, якія былі пабудаваны для людзей, апусцела. Прыгожая калгасная кантора разрабавана, як пасля вайны. Нікому нічога не патрэбна. Дзверы адчынены, у канторы ўсё паламана, знішчана. Проста кінулі ўсё і няхай яно прападае. Мясцовыя мужыкі часам забягаюць туды выпіць віна ці прыхапіць дамоў нейкую дошку са сталоў. На адной са сцен, відаць, з былога кабінета дырэктара прадпрыемства, сумна пазіраюць сённяшні сцяг і герб рэспублікі. Яны таксама нікому не спатрэбіліся. Няхай вісяць, няхай глядзяць, што адбываецца з вёскай сёння.

На адной з вуліц пустуюць двухпавярховыя будынкі. І ў іх няма каму жыць. Гэта жах! Памяшканне школы таксама на замку. Школа вялікая, нават на другім паверсе пастаўлены шклопакеты, але вучыцца ў ёй няма каму. Некалі гэты будынак дапамагаў будаваць Герой Савецкага Саюза Барыс Пішчыкевіч, які быў родам з Сасноўкі. На школе заўсёды вісела мемарыяльная шыльда, якая паведамляла, што Сасноўская сярэдняя школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Пішчыкевіча Барыса Тарасавіча, а таксама тэкст загаду Савета Міністраў БССР ад 15 красавіка 1975 года аб наданні школе імя знакамітага земляка. “А дзе цяпер гэта  шыльда? — пытаюся ў вяскоўцаў. “У школе ляжыць, — адказваюць мясцовыя жанчыны. — Знялі яе і спісалі. Хочаце — забірайце сабе.

Пустая школа ў Сасноўцы

Мне адчынілі дзверы школы, я ўзяў цяжкую шыльду, вынес яе на вуліцу і сфатаграфаваў. Эх, бачыў бы што робіцца з яго роднай Сасноўкай, паважаны Герой Савецкага Саюза!..

У школе некалі быў музей, спартыўная і актавая залы, камп’ютэрны клас, сталовая на 40 месцаў, камбініраваная майстэрня. Для вучняў, якія жылі ў аддаленых вёсках, працаваў прышкольны інтэрнат. Цяпер нічога няма, усё, як кажуць, пайшло і ідзе “пад нож. І гэта здарылася за апошнія 10–12 гадоў. І працягваюцца знішчацца нашы беларускія вёскі, як слонімская Сасноўка.

Фота аўтара

Каментаваць