Нобелеўская прэмія Міру — за змаганне за правы дзяцей і моладзі

Нобелеўская прэмія Міру прысуджана 17-гадовай Малале Юсуфзай з Пакістана і абаронцу правоў дзяцей з Індыі Кайлашу Сат’яртхі.



фота: nn.by


Малала вядомая ў свеце як змагар за права жанчын на адукацыю. Малала пачала весці блог для службы «Бі-Бі-Сі» на мове урду пра жыццё пры талібах, якія з 2007 года ўвялі сваю ўладу ў яе роднай даліне Сват.

У кастрычніку 2012 года талібы паспрабавалі забіць дзяўчынку. Таліб двойчы стрэліў у дзяўчынку, трапіў у галаву і шыю. Адна з куль прайшла навылёт, і дзве дзяўчынкі, якія сядзелі ззаду Малалы, таксама атрымалі па агнястрэльным раненні. Дзяўчынку выратавалі дактары ў Бірмінгеме. Цяпер Малала Юсуфзай з сям'ёй жыве ў Брытаніі.

У 2013 годзе Малала Юсуфзай за сваю праваабарончую дзейнасць атрымала прэмію Езрапарламента “За свабоду думкі” імя Сахарава, а таксама прэмію міжнароднай няўрадавай арганізацыі «RAW in War» («Reach All Women in War» — “Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны”) імя Ганны Паліткоўскай.

Малала Юсуфзай зараз з’яўляецца самым маладым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі за ўсю яе гісторыю.

Кайлаш Сат’яртхі — індыйскі абаронца правоў дзяцей. Ад 1990-х гадоў браў актыўны ўдзел у руху супраць дзіцячай эксплуатацыі. Ягоная арганізацыя вызваліла больш за 80 тысячаў дзяцей ад розных формаў рабства, дапамагла іх паспяховай інтэграцыі ў грамадства, рэабілітацыі і адукацыі.

Кайлаш Сат’яртхі ўратаваў дзясяткі тысячаў жыццяў. Калі яму было 26 год, ён адмовіўся ад выгаднай кар’еры інжынера-электрыка і прысвяціў жыццё дапамозе мільёнам дзяцей у Індыі, якіх уплывовыя і карумпаваныя бізнесоўцы і земляўласнікі змушаюць да рабскай працы. Ягоная першапачатковая ідэя была смелая і небяспечная. Ён вырашыў арганізоўваць рэйды на фабрыкі — часта забяспечаныя ўзброенымі ахоўнікамі — дзе ў працоўнай няволі ўтрымліваліся дзеці, а часам і цэлыя сем’і.

Паспяхова вызваліўшы тысячы дзяцей, ён стварыў глабальны рух супраць працоўнай эксплуатацыі дзяцей. Сёння Кайлаш узначальвае Глабальны марш супраць дзіцячай працы, які аб’ядноўвае каля 2.000 арганізацыяў і прафсаюзаў у 140 краінах.

Каментаваць