Новая «халодная вайна»

Штосьці нядобрае робіцца ў нашым «Дацкім каралеўстве». Ніхто не чакаў таго, што паміж Беларуссю і Расіяй пачнецца «халодная вайна». І не ў перыяд падпісання газавых дамоваў, у снежні-студзені, а так, пасярод лета. Здаецца, лета ж было заўсёды тэрмінам адпачынку. Але ж — не зараз.

Штосьці нядобрае робіцца ў нашым «Дацкім каралеўстве». Ніхто не чакаў таго, што паміж Беларуссю і Расіяй пачнецца «халодная вайна». І не ў перыяд падпісання газавых дамоваў, у снежні-студзені, а так, пасярод лета. Здаецца, лета ж было заўсёды тэрмінам адпачынку. Але ж — не зараз.

28 мая ў Мінску, дзе праходзіла пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын паставіў пад сумненне плацежаздольнасць Беларусі, крытычна ацаніў золатавалютныя рэзервы краіны, а таксама паведаміў пра адмову беларускага боку ад чарговага траншу крэдыту ў рублях.

У адказ на гэта Аляксандр Лукашэнка 29 мая запатрабаваў ад урада Беларусі не кланяцца перад Расіяй. Гэта рыторыка не магла застацца без увагі з боку расійскага кіраўніцтва. 3 чэрвеня прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў назваў недапушчальнымі з пункта гледжання дыпламатычнай этыкі выказванні на адрас прадстаўнікоў расійскай дзяржавы, якія дазволіў сабе кіраўнік адной з краін — найбліжэйшых партнёраў Расіі.

«Мы актыўна па-партнёрску працуем з нашымі найбліжэйшымі суседзямі, дапамагаем ім у пераадоленні крызісных з’яў, у тым ліку фінансамі, і немаленькімі фінансамі. Часам гэта суправаджаецца неабходнасцю каментаваць эканамічную сітуацыю ў гэтых краінах», — сказаў Мядзведзеў 3 чэрвеня на нарадзе па эканамічных пытаннях.

Ён падкрэсліў, што ў Расіі «ніколі не дазвалялі і не будуць дазваляць сабе асабістых характарыстык у дачыненні да кіраўнікоў іншых краін». «Хаця мы маглі б сказаць штосьці адносна эфектыўнасці эканамічных мер, якія яны прымаюць», — дадаў Мядзведзеў.

«Лічу, што з пункта гледжання дыпламатычнай этыкі гэта непрымальна, і разлічваю, што такую ж пазіцыю зоймуць і нашы найбліжэйшыя партнёры», — падкрэсліў расійскі прэзідэнт.

Калі выказацца недыпламатычнай мовай, Аляксандра Лукашэнку паставілі на месца. Мы вам даем грошы, газ і нафту, таму паводзьце сябе прыстойна і не кусайце руку давальшчыка. Гэта пасланне Мядзведзева да Аляксандра Рыгоравіча. Больш за тое, варта звярнуць увагу на іншы пасаж прэзідэнта Расіі. А канкрэтна: «Мы маглі б сказаць штосьці адносна эфектыўнасці эканамічных мер, якія яны прымаюць». Здаецца мне, гэтым выказваннем Мядзведзеў паставіў пад сумнеў якасць эканамічных рэформаў у Беларусі і адзначыў нежыццяздольнасць «беларускага цуда» і «беларускай эканамічнай мадэлі».

Дарэчы, пра гэта шмат эканамістаў і аналітыкаў неаднаразова казалі беларускаму прэзідэнту. Колькі заяваў да яго напісаў хаця б адзін лідэр прадпрымальніцкага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка! Усе ягоныя заявы зводзіліся да аднаго: «Хопіць кашмарыць бізнес!» Малы бізнес дае працоўныя месцы, падаткі ў бюджэт, камфорт людзям... Але тым часам для прыватнай ініцыятывы хутка ў Беларусі месца не застанецца.

Але нешта наша кіраўніцтва не хоча бачыць таго, што адбываецца ў Расіі. Нягледзячы на выказванні прэзідэнта Расіі, 2 чэрвеня ва ўрад Расіі накіраваны афіцыйны запыт аб прадастаўленні Беларусі крэдыту ў памеры 9 мільярдаў долараў ЗША на будаўніцтва АЭС і яе транспартнай і прамысловай інфраструктуры. Як лічыць дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Мікалай Груша, «па пытанні фінансавання АЭС праблем быць не павінна». «Што тычыцца інфраструктуры, то мы знайшлі разуменне з «Расатамам». Аднак гэтая карпарацыя — не ўрад», — падкрэсліў ён.

Калі «Расатам» — не ўрад, дык навошта было накіроўваць заяву на крэдыт менавіта да ўраду РФ? Здаецца, тут зноў пачынаюцца нейкія «паддывановыя гульні», якія абавязкова вылезуць бокам не толькі беларускаму ўраду, але і беларускаму народу.

А тым часам нас працягваюць суцяшаць і заспакойваць. Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец пазітыўна ацэньвае паказчыкі знешняга дзярждоўгу Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве. «Калі казаць у доўгатэрміновым перыядзе пра дзяржаўны доўг (а ён у прынцыпе заўсёды разглядаецца як катэгорыя ў доўгатэрміновым перыядзе), скажу, што ў сярэднім наш доўг сёння — 11 гадоў да пагашэння. Гэта вельмі добры паказчык. Кошт — каля 4 працэнтаў гадавых. Гэта мізэрныя велічыні для абслугоўвання доўгу», — заявіў міністр.

Здаецца, я дрэнна вучыўся ў школе. 4 працэнта гадавых на 11 год, — гэта 44 працэнта. На сёння, па той жа інфармацыі Харкаўца, знешні доўг Беларусі — 5 мільярдаў долараў. Гэта значыць, што праз 10 год мы аддадзім не 5 мільярдаў, а прыкладна 7,5 мільярда.

Паводле слоў міністра, падчас нядаўняга планавага візіту эксперты рэйтынгавага агенцтва Stаndаrd & Рооr’s ацанілі магчымасці Беларусі па нарошчванні знешняга доўгу сёлета да 9 мільярдаў долараў ЗША. А вось зараз і можна смяяцца. Мы не толькі патрабуем ад Расіі другога траншу крэдыту ў 500 мільёнаў долараў, але і на атамную станцыю просім роўна 9 мільярдаў долараў. То бок, перавышаем гранічную планку крэдытавання па версіі Stаndаrd & Рооr’s.

Здаецца мне, што ў нашым Міністэрстве эканомікі і Міністэрстве фінансаў, а таксама ва ўрадзе і Нацбанку трэба развесіць вялікія лозунгі з вядомым афарызмам: «Бярэш чужыя грошы і часова, а аддаеш свае і назаўсёды».

Каментаваць