Новая пагроза для Курапатаў — запланаваны Міжнародны выставачны цэнтр

Гэтая праблема абмяркоўвалася вечарам 13 снежня ў Мінску на нарадзе экспертаў па сітуацыі вакол гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння  “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40-х гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты”.



Рэч у тым, што 28 лістапада ў Мінску на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры быў узгоднены і аднагалосна ўхвалены для наступнага зацвярджэння Міністэрствам культуры новы праект ахоўных зон помніка толькі ў частцы ягоных заходніх, паўночных і паўднёвых межаў. Рада вырашыла, што ўсходнія межы ахоўнай зоны Курапатаў будуць узгоднены пасля распрацоўкі праекту дэталёвага планавання поля паміж Курапатамі і вуліцай Мірашнічэнкі. На гэтай тэрыторыі захавалася гістарычная дарога (так званая “Дарога смерці”), па якой ў даваенныя гады ў “чорных варанках” вазілі людзей на расстрэл з Мінска ва ўрочышча.

Паводле інфармацыі прадстаўніка кіраўніцтва Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, на полі каля ўсходняй мяжы мемарыяла Курапаты рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру (МВЦ) агульнай плошчай 40 000 м2 з павільёнамі, бізнэс-цэнтрам, кангрэс-холам, гатэлем і інфраструктурай для абслугоўвання міжнародных дэлегацый (гл. http://delo.by/news/~shownews/v-minske-postrojat-vystavochnyj-centr).

На думку экспертаў, маштаб і функцыянальнае прызначэнне запланаванага аб'екту груба парушаюць п. 9.1 інструкцыі Міністэрства культуры “Аб складзе, парадку распрацоўкi і зацвярджэння праектаў зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей”. Удзельнікі нарады адзначылі, што ўхіленне рады ад акрэслення ўсходніх межаў зонаў аховы мемарыяла Курапаты сведчыць пра небяспеку знішчэння асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку.

Эксперты распавялі, што сітуацыя вакол мемарыялу Курапаты ўскладняецца. Небяспека надыходзіць з розных бакоў. Гэта будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу з пляцоўкай для аўтобусаў і СТА “Макс-Сэрвіс” каля заходняга боку ўрочышча; меркаванае будаўніцтва вялікай аўтастаянкі для абслугоўвання патрэб МВЦ каля паўночнай мяжы помніка гісторыі і археалогіі. Забудоўнікі катэджавага пасёлку “Сонечны”, які месціцца за шашой Калодзішчы-Заслаўе на паўночны ўсход ад Курапатаў, збіраюцца пашыраць яго на тэрыторыю паўночнай часткі ахоўнай зоны мемарыялу. Акрамя таго, запланавана ўзвядзенне трохузроўневай развязкі на МКАД каля “Экспабелу”. Аднак найбольшай пагрозай для Курапатаў з’яўляецца планаванае будаўніцтва МВЦ, падкрэслівалася на нарадзе.

У ёй удзельнічалі інжынеры-будаўнікі Таццяна Колышава і Уладзімір Кішкурна, каардынатар электроннага архіву “Вытокі” Вацлаў Арэшка, супрацоўнік часопісу “Спадчына” Вінцук Вячорка, сябра рады ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Алесь Макаў ды іншыя.

Таццяна Колышава падкрэсліла, што згодна заканадаўству праект усходніх межаў ахоўнай зоны мемарыялу Курапаты мае быць зацверджаны не пасля, а да распрацоўкі праекту дэталёвага планавання поля паміж Курапатамі і вуліцай Мірашнічэнкі. Яна таксама распавяла пра сваё ліставанне з дзяржаўнымі органамі наконт незаконнасці пабудовы рэстаранна-забаўляльнага комплексу побач з Курапатамі.

Вінцук Вячорка звярнуў увагу на тое, што юрыдычныя захады павінны быць падмацаваныя адпаведнай грамадскай кампаніяй. А раздробленасць ініцыятываў у абарону Курапатаў на руку тым ва ўладзе, хто хацеў бы знішчэння памяці пра злачынствы савецкага таталітарызму. Трэба дасягнуць стратэгічнага паразумення ўсіх грамадскіх групаў у гэтай справе, лічыць Вячорка.

Для падрыхтоўкі эфектыўнага алгарытму дзеянняў эксперты прааналізуюць самую новую дакументацыю, у тым ліку нарматыўна-прававую, якая тычыцца сітуацыі вакол мемарыялу Курапаты. 

Удзельнікі нарады прапануюць археолагам, архітэктарам, будаўнікам, гісторыкам, юрыстам і праваабаронцам далучыцца да сустрэчаў экспертнай групы. Кантактаваць праз мабільны тэлефон 8-029-333-24-27.

Каментаваць