Новае аблічча «пятай калоны»

У сваім штогадовым пасланні парламенту і народу, а таксама адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, Лукашэнка вельмі рэзка папярэдзіў розных аматараў «гуляць у сепаратызм».



Гэтае пасланне можна трактаваць, як «перад — перадвыбарчае». З боку кіраўніка дзяржавы галоўнае ў ім былі ўсё ж унутраныя праблемы. Вельмі доўга Аляксандр Рыгоравіч казаў пра карупцыю. Доўга ён разважаў і пра тое, што трэба зрабіць у беларускай эканоміцы. Можна зрабіць выснову, што маючая надысці ў 2015 годзе кампанія па выбарах прэзідэнта будзе грунтавацца на двух асноўных пытаннях. Гэта і будзе барацьба з карупцыяй, па-першае, а па-другое, Лукашэнка пяройме ў «трэцяга сектара» краіны лозунг «Зробім лепш!».

Ён акрэсліў тое, што краіна павінна зрабіць за год. Прынамсі, Беларусі, па задумцы Аляксандра Рыгоравіча, трэба найперш пачаць развіваць унутраны рынак, і сферу паслуг. Магчыма, што, узяўшыся за гэтыя сферы (барацьба з карупцыяй будзе «фонам» прэзідэнцкай кампаніі), Лукашэнка паспрабуе выступіць з просьбай-заклікам «Зробім лепш — дайце час!». І беларуская прапаганда будзе скіравана ў такой бок, што кіраўніку дзяржавы трэба даць магчымасць завершыць тыя рэформы, якім ён заклаў пачатак у гэтым сваім пасланні — пасланні 2014 года.

Сапраўды, «мадэрнізацыя» ужо навязла на вуснах і амаль што скончылася, «беражлівасць» даўно адыграная, зараз трэба прыдумаць нешта новае. І новае — развіццё ўнутранага рынку і сферы паслуг — амаль знойдзена. Трэба толькі надаць гэтаму адпаведную афарбўку.

Але асноўнай, хоць і не галоўнай тэмай, былі ўсё ж адносіны з Расіяй. Не з Украінай — па ёй Лукашэнка вызначыўся дакладна, сказаўшы, што в.а. кіраўніка Украіны Аляксандр Турчынаў разумны чалавек, і нам патрэбная цэлая адзіная і непадзельная Украіна. А менавіта адносіны з Расіяй.

Шмат, шмат разоў Аляксандр Рыгоравіч паўтарыў, што «мы заўсёды будзем з Расіяй», і што руская мова для нас такая ж родная, як і для расійцаў. І нават больш, чым для расійцаў, бо яны не ведаюць беларускую мову, якая сваім існаваннем узбагачае рускую. Лукашэнка шмат казаў, што ад Расіі мы не сыйдзем нікуды, і такой сітуацыі не ўзнікае, каб Беларусь ад яе адышла. Але, зменшага, на словах, прывёў сілавыя структуры ў стан баявога дзяжурства па выяўленні і скасаванні праблемаў сепаратызму.

Любыя размовы аб прыгнёце рускіх ці рускай мовы ў Беларусі з’яўляюцца правакацыямі, якія варта неадкладна спыняць, заявіў Лукашэнка. «Сёння пайшлі размовы, што ў нас пачынаюць або пачыналі заціскаць ці то рускіх ці то рускую мову. Да такіх людзей трэба падыходзіць, як да дыверсантаў», — заявіў Лукашэнка.

Ён адразу ж зазаначыў, што даў указанне КДБ і іншым сілавы структурам адсочваць такія настроі ў грамадстве. «Мы не будзем даводзіць справу да правакацый і сутыкненняў. Любы заклік да перавароту, смуты, любая прапаганда гвалту будуць жорстка знішчаны ў зародку», — папярэдзіў Лукашэнка. Пры гэтым ён абсалютна ўпэўнены, што ў дадзенай справе ва ўладзе будзе падтрымка ўсяго народа «і не толькі нашага». «Ні наш народ, ні гісторыя не даруюць тых, хто дзеля ўласнай ганарыстасці паспрабуе пасеяць смуту і раскалоць грамадства ва ўгоду знешніх нядобразычліўцам», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Канешне, па ягоных словах.ю тое, што Пуцін можа ўвесці войскі ў Беларусь пад маркай ааброны рускамоўных — гэта, па словах Лукашэнкі, «нас пужаюць». Але, тым не менш, ён папярэдзіў: «Адкуль бы хто б ні прыйшоў — мы будзем за краіну змагацца. І, калі сюды прыйдзе Пуцін, невядома на якім баку будуць ваяваць расійцы», — заявіў Лукашэнка.

Падаецца на тое, што «пятая калона» у вачах Аляксандра Рыгоравіча відавочна змяніла аблічча. Калі раней гэта былі «нацдэмы» (па якіх ён зараз прайшоўся ўскрай), то зараз гэта — віцебскі актывіст прарасійскага руху, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Рускі дом» Андрэй Герашчанка, які ў свой час казаў пра тое, як у Беларусі ўціскаюць рускіх. Дарэчы, Лукашэнка нават выказаў здзіўленне, што Герашчанка не выкінуты з Беларусі.

І яшчэ, кажучы пра Расію, беларускі правадыр кранаў мінулыя супольныя праекты: СНД і Саюзную дзяржаву. Але нічога не казаў пра будучыню. Прынамсі, пра «расійскую прыватызацыю», планы стварэння беларуска-расійскіх холдынгаў, і нават абышоў увагай такія рэчы, як Мытны саюз і маючы адбыцца Еўразійскі эканамічны саюз.

Відавочна, сітуацыя ва Украіне Аляксандра Лукашэнку як мінімум насцярожыла. Даючы «пасыл» Расіі аб саюзніцтве і аб падтрымцы з боку Беларусі, сам Лукашэнка ўсё ж асцярагаецца «украінскага сцэнару». Таму і, відавочна, мае намер «порах трымаць сухім» — нягледзячы на ўсё добрае, што зрабіла і робіць Расія.

Відавочна зараз для яго Расія саюзнік. Але саюзнік усё ж ненадзейны. Т тут лепш «перастрахавацца» з «пятай калонай», чым атрымаць потым «крымскі сцэнар».

Каментаваць