Новыя ператрусы ў журналістаў і грамадскіх актывістаў (паводле БАЖ)

Адразу некалькі ператрусаў адбылося ўвечары 16 сакавіка ў працоўных памяшканнях і прыватных кватэрах беларускіх журналістаў.  

Адразу некалькі ператрусаў адбылося ўвечары 16 сакавіка ў працоўных памяшканнях і прыватных кватэрах беларускіх журналістаў.  

Вобшукі прайшлі ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры журналісткі Ірыны Халіп, на працоўным месцы шэф-рэдактаркі «Народнай волі» Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры намесніцы рэдактара «НВ» Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна. Была таксама спроба трапіць у кватэру да каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрыя Бандарэнкі, але ён не адчыніў дзверы.

Як паведаміла ГА «БАЖ» у 20.50 Наталля Радзіна, кватэра, у якой адбываўся ператрус і дзе яна часова пражывае, належыць Андрэю Саннікаву. Бадай ніякіх носьбітаў інфармацыі там не знаходзілася, і ў часе ператрусу міліцыянты забралі толькі некалькі дыскаў з музычнымі запісамі.

Каля 20.10 скончыўся ператрус у кватэры намесніцы галоўнага рэдактара «Народнай волі» Марыны Коктыш. (Яе затрымалі каля 19. 00 у рэдакцыі выдання). Як паведаміла прэс-службе БАЖ журналістка, у яе забралі сістэмны блок камп’ютэра, флэшку, карту памяці з фотаапарата і 1 DVD. Ператрус праводзілі двое оперупаўнаважаных, участковы міліцыянт, двое панятых і 1 аператар, які здымаў усё на відэакамеру.

Марына перапісала ўсе дадзеныя з прад’яўленых міліцыянтамі дакументаў на ператрус. Паводле пастановы на вобшук, яго санкцыянаваў яшчэ 19 лютага 2010 г. намеснік пракурора Гомельскай вобласці Валянцін Шаеў. (Дарэчы, менавіта яму Генеральная пракуратура пераадрасавала нядаўна зварот ГА «БАЖ» датычна ператрусаў у журналістаў па гэтай жа справе (!). Праўда, у сакавіку ён фігураваў ужо як пракурор Гомельскай вобласці.)

Зацвердзіў пастанову на правядзенне ператрусу начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама палкоўнік Паляшчук. З дакументаў таксама вынікае, што крымінальная справа, у межах расследавання якой праводзяцца ўсе ператрусы, узбужаная 31. 12. 2009 паводле ч. 2 арт. 188 КК РБ (паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступленні альбо ў СМІ).

З. Бандарэнка

Да каардынатара грамадзянскай ініцыятывы «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнкі таксама прыкладна а гэтым часе спрабавалі трапіць ў прыватную кватэру. Як паведаміў сам Дзмітрый па тэлефоне прэс-службе БАЖ, пачуўшы званок у дамафон, ён адразу ж падышоў да акна і, пабачыўшы каля пад’езда сіні макрааўтобус з зацемненымі шыбамі, вырашыў не адчыняць дзвярэй. (Па яго словах, мікрааўтобус быў вельмі падобны да таго, у які міліцыянты грузілі камп’ютэры, забраныя раней з офіса сайта «Хартыі-97» - на фота ніжэй.)

Сёння каля 15.30 у офіс рэдакцыі «Хартыі» ўварвалася група міліцыянтаў Ленінскага РУУС (каля 10 чалавек) у суправаджэнні дзвюх дзяўчын-панятых. Міліцыянты забралі сістэмныя блокі ад 8 камп’ютэраў, што знаходзіліся ў памяшканні, і звезлі іх «на экспертызу». Серыйныя нумары камп'ютэраў у пратакол вынятку міліцыянты не перапісвалі.

Людзі ў цывільным выносяць камп'ютэры з кватэры рэдактаркі «Хартыі-97» (фота прэс-службы БАЖ)

У кватэры пасля вымання камп'ютэраў (фота Радыё "Свабода"

Выносяць камп'ютэры з офісу "Хартыі" (Фота nn.by)

Выносяць камп'ютэры з офісу "Хартыі" (Фота nn.by)

Выносяць камп'ютэры з офісу "Хартыі" (Фота nn.by)

Наталля Радзіна размаўляе з калегамі (фота БАЖ)

Як паведаміла па тэлефоне Н. Радзіна прэс-службе БАЖ, пры сілавым уварванні міліцыянтаў у кватэру яна атрымала ўдар ад аднаго з міліцыянтаў у вока. (Журналісты, якія аператыўна прыбылі на месца падзеяў, пацвярджаюць, што брыво ў іх калегі падбітае.) Журналістка збіраецца здымаць пабоі.

Як паведаміла «Хартыя-97», ператрусам кіраваў дазнаўца Ленінскага РУУС Аляксандр Чуй - той самы, які раней праводзіў допыт і ператрус на працоўным месцы намесніцы рэдактара «Народнай волі» Марыны Коктыш

З прад'яўленага ордэру на ператрус, які падпісаў пракурор Гомельскай вобласці Валянцін Шаеў, вынікала, што следчыя дзеянні праводзяцца па той самай крымінальнай справе аб паклёпе ў СМІ на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа, па якой раней праводзіліся допыты і ператрусы ў іншых журналістаў.

Усе міліцыянты былі ў цывільным. Як сведчаць журналісты, што прыбылі на месца падзеяў, некалькі чалавек (адзін з іх — у масцы) дзяжурылі ўжо каля ўваходу ў пад’езд. Пэўны час уваход у пад'езд быў заблакаваны. Ніхто з міліцыянтаў з журналістамі на кантакт не ішоў.

Каля 16.30 міліцыянты вынеслі камп'ютэры з дома, пагрузілі іх у мікрааўтобус і з'ехалі.

Прыкладна ў той жа час міліцыянты ў цывільным увайшлі ў кватэру журналісткі Ірыны Халіп і лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, — паведаміла Радыё «Свабода».

Міліцыянты пазванілі па дамафоне і прыгразілі, што ўзламаюць дзверы, калі іх не адчыняць гаспадары. У часе ператрусу ў кватэры знаходзіўся двухгадовы сын І. Халіп і А. Саннікава. Паводле «Свабоды», пяцёра людзей у цывільным прад’явілі ордэр на ператрус кватэры па той жа крымінальнай справе. У выніку супрацоўнікі міліцыі забралі камп’ютэр і флэшку.

Каля 16.50 галоўны рэдактар газеты «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч патэлефанаваў кіраўніцтву БАЖ і паведаміў, што ў яго рэдакцыі таксама адбываецца ператрус - гэтым разам на працоўным месцы шэф-рэдактаркі выдання Святланы Калінкінай.

У 17.30 супрацоўнікі рэдакцыі паведамілі прэс-службе БАЖ, што дзеяннямі міліцыянтаў кіруе той самы дазнаўца Ленінскага РУУС Аляксандр Чуй, які перад гэтым праводзіў ператрус у Наталлі Радзінай. Яны забіраюць працоўны камп'ютэр Святланы. Санкцыю на ператрус у рэдакцыі даў начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама В. Палішчук.


Сітуацыю каментуе намеснік старшыні ГА «БАЖ» юрыст Андрэй Бастунец:

«Па-першае, ператрусы ў рэдакцыях і кватэрах шэргу нашых калег — грубае ўмяшальніцтва ў свабоду журналісцкай дзейнасці.

Па-другое, гэтыя дзеянні выклікаюць вялікі сумнеў з пункту гледжання іх адпаведнасці Канстытуцыі — у прыватнасці, арт. 22, паводле якога ўсе грамадзяне роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону сваіх правоў і інтарэсаў. Цяжка ўявіць, каб па заяве аб паклёпе на якога-небудзь звычайнага грамадзяніна Беларусі праводзіліся гэткія ж маштабныя дзеянні з прыцягеннем такой колькасці сілавых структур па ўсей краіне, як гэта зараз робіцца ў звязку з паклёпам на высокапастаўленага функцыянера КДБ.

Прыгадваецца хваля сакавіцкіх ператрусаў 2008 года па „справе аб мультфільмах“, якая таксама адбываліся з нагоды паклёпу — праўда, у дачыненні да кіраўніка дзяржавы. Той рэйд спецслужбаў нанес вялізныя страты іміджу нашай краіны ў свеце».

Нагадаем, што ў межах расследавання крымінальнай справы аб паклёпе ў дачыненні да былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа (арт. 188 КК) раней былі дапытаныя ў якасці сведак Ірына Халіп, Андрэй Саннікаў і Марына Коктыш. Акрамя таго, у Марыны Коктыш міліцыя правяла ператрус на працоўным месцы, а ў Святланы Калінкінай – дома, у абедзвюх журналістак забралі камп’ютэры. Камп’ютэр забралі таксама ў І. Халіп і А. Саннікава, калі яны перасякалі беларуска-літоўскую мяжу 5 сакавіка. 9 сакавіка ў міліцыі дапыталі як сведку па той жа справе каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітра Бандарэнку.

Яшчэ ў пачатку сакавіка ГА «БАЖ» накіравала з гэтай нагоды ліст на імя Генеральнага пракурора РБ Рыгора Васілевіча. Журналісцкая арганізацыя звяртала ўвагу на тое, што ў пастановах на ператрус не прыводзілася ніякіх канкрэтных падставаў для іх правядзення, а журналісты не з’яўляліся падазраванымі альбо абвінавачванымі па справе. Між тым, у журналістаў забралі прадметы, неабходныя ім для ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці — камп’ютэры.

ГА «БАЖ» заклікала Генеральнага пракурора «неадкладна прыняць меры па вяртанні адабранай маёмасці» і зрабіць захады «для аднаўлення законнасці, абароны парушаных правоў і законных інтарэсаў журналістаў

 Генпракуратура перанакіравала зварот для разгляду па сутнасці пракурору Гомельскай вобласці, старшаму саветніку юстыцыі Валянціну Шаеву.

http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-8167.html

Каментаваць