Новыя пагоны на 23 лютага: каго і за што ўзнагародзіў Лукашэнка?

Супрацоўнікі КДБ пакуль што застаюцца без новых званняў, а вось на “славутых” міліцыянтаў не забыліся.



Напярэдадні 23 лютага кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка традыцыйна падпісаў указы пра наданне высокіх вайсковых званняў служачым Узброеных сілаў ды іншых падраздзяленняў, датычных да аховы межаў краіны і правапарадку. Прэзідэнцкае права прысвойваць класныя чыны і званні замацавана беларускай Канстытуцыяй, аднак у артыкуле не ўтрымліваецца палажэнняў пра крытэрыі. А прэсавыя службы прэзідэнта і Міністэрства абароны не абцяжарваюць сябе абавязкам патлумачыць, за якія годныя ўчынкі новыя генеральскія пагоны ляглі на плечы вайскоўцаў.

Узброеныя сілы — у пашане

Цяпер званні генерал-маёра займелі Віктар Хрэнін, Ігар Мажылоўскі, Сяргей Дудко і Васіль Гедзько. Сяргей Дудко з’яўляецца начальнікам кіравання тэрытарыяльнай абароны, Віктар Хрэнін займае пасаду намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл. Васіль Гедзько служыць начальнікам Інстытута пагранічнай службы, а Ігар Мажылоўскі з’яўляецца памочнікам Міністра абароны па пытаннях ваеннай эканомікі і фінансаў.

У адрозненні ад мінулага году, сярод наваяўленых генерал-маёраў няма прадстаўнікоў камітэта дзяржбяспекі.

У 2015-ым ж двое з чацвярых узнагароджаных вайскоўцаў займалі пасады рэгіянальных кіраўнікоў КДБ (па Магілёўскай і Берасцейскіх абласцях).

Старых кадраў не кідаюць

Па беларускіх СМІ разышлася інфармацыя толькі пра згаданых чатырох вайскоўцаў. Аднак на некалькі дзён раней быў падпісаны іншы прэзідэнцкі ўказ пра прысваенне званняў палкоўнікаў супрацоўнікам разнастайных службаў (ажно 42-ум служачым) — ад ратаўнікоў да лекараў.

І хаця імёны большасці з іх практычна не згадваюцца ў інтэрнэт-прасторы, сярод іх сустракаюцца і добра вядомыя беларускай грамадскасці персоны.

Адным з такіх з’яўляецца Максім Грышчанка, прозвішча якога ўжо стала мянушкай для самых жорсткіх і цынічных  міліцыянтаў. Менавіта тады, калі ён яшчэ ў званні маёра быў намеснікам кіраўніка РУУС Цэнтральнага раёна Мінска, затрыманых актывістаў гадзінамі трымалі “на расцяжцы” ў калідоры, часта выводзілі ў асобныя пакоі і збівалі. Калі ж судовыя працэсы праходзілі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска, затрыманым забаранялі перамаўляцца са сваякамі альбо сябрамі, не дазвалялі браць ад паплечнікаў нават ваду. Многія дэмакратычныя актывісты ўздыхнулі з палёгкай, калі гэты міліцыянт перайшоў на працу ў ГУУС Мінгарвыканкама і перастаў непасрэдна займацца затрыманымі.

Не менш вядомае імя Алега Малышава, які завёў пяць крымінальных справаў супраць знанай прадпрымальніцы Яўгеніі Бачурнай у 2005-ым.  У выніку судовага пераследу буйны бізнес Бачурнай быў разбураны, а  сама яна правяла ў турме больш за тры гады.

Менш вядомы публіцы, але ўсё ж заўважаны ў канфліктах з грамадскімі дзеячамі — у прыватнасці, з берасцейскай актывісткай Інгай Абрамавай — міліцыянт Віктар Мельнікаў таксама атрымаў званне палкоўніка міліцыі.

Не застаўся без новых пагонаў і Іван Кубракоў, намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкама, які стаў вядомы пасля скандальнага  збіцця супрацоўнікамі міліцыі непаўналетняга хлопца ў Калінкавічах у 2012-ым.

На просьбу журналістаў пракаментаваць дзеянні міліцыі Кубракоў заявіў пра намер распачаць крымінальную справу супраць уласна маладзёна за супраціў міліцыі. 

Наколькі можна судзіць па даступнай інфармацыі, сярод 42-ух узнагароджаных чалавек  адсутнічаюць прадстаўнікі КДБ. Дарэчы, да Дня супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, які адзначаўся 20 снежня, таксама ніякіх званняў службісты не атрымоўвалі.  Верагодна, дзяржава паступова змяняе ракурс увагі на абаронцаў дзяржаўнай мяжы, а, мажліва, новыя генеральскія званні чакаюць супрацоўнікаў КДБ наперадзе.

Паводле: Ідэя

Каментаваць